Наверх
Слоним
пасмурно
10 °C
Зельва
пасмурно
10 °C
Волковыск
ясно
10 °C
Мосты
ясно
10 °C
Дятлово
ясно
10 °C
Барановичи
пасмурно
9 °C
EUR 2.2585
USD 2.0412
RUB(100) 3.198
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Як дзятлаўцы ды гарадзенцы па Бярэзіне хадзілі (Абноўлена)

18 августа 2019 13:02
Поделиться:

Перад заплывам

З 23 па 25 ліпеня 2019 года група ў складзе дзятлаўцаў: трох Петрыкевічаў — Валерыя, Аляксея, Міхася — і Дзмітрыя Ёды ды двух гарадзенцаў — Уладзіміра Хільмановіча і Віктара Парфененкі — на байдарках прайшлі па правым прытоку ракі Нёман — рацэ Бярэзіне.

Падарожжа пачалі ад вёскі Бакшты, што ў Іўеўскім раёне. Тут, на ўскрайку Налібоцкай пушчы, кучна размясціліся вёскі Барысаўка, Астраўцы, Пацавічы, Заберазь, Ягадзень і непасрэдна Бакшты, як сталіца гэтага краю. У Бакштах некалькі вуліц, звыш 500 жыхароў, сельсавет, лясніцтва, ФАП, школа, магазіны. Берагі Бярэзіны тут балоцістыя, парослыя чаротам і кустоўем, толькі там-сям да вады вядуць вузенькія сцежкі з масткамі, на 2-3 метры ўторкнутымі ў раку. Найлепшае і амаль адзінае месца для спуску сродкаў сплаву на ваду — гэта на ўчастку прыватнага аб`екту «Лазня». Праўда, уваход на яго тэрыторыю толькі з дазволу гаспадара. Трава тут някошаная, берагі тупкія, каля будынка — стол, за якім можна з камфортам перакусіць перад сплавам. Шырыня ракі 15-20 метраў, глыбіня каля аднаго метра, вада вельмі чыстая.

З канца 19 і да сярэдзіны 20 стагоддзяў у Бакштах была прыстань. Па Бярэзіне, у высокую ваду, невялікія буксіры цягнулі павязаныя ў плыты хвойкі з навакольных лясоў. Шлях быў да Нёмана і далей па ім у Гродна, Літву, Прусію. Сёння пра суднаходства помняць лічаныя старажылы, а калісьці ў лесанарыхтоўцы, тралёўцы да вады, вязанні плытоў былі заняты амаль усе дарослыя мужчыны навакольных вёсак.

На загрузку байдарак і перакус затрацілі гадзіну часу. Плынь ракі даволі хуткая, у русле аніякіх перашкод, толькі дзе-нідзе ў прыбярэжным чароце то з`яўляліся, то знікалі «масткі» і прышвартаваныя лодкі жыхароў Заберазі, Бакштоў, Ягадзені. За апошняй вёскай Бярэзіна прымае воды свайго найвялікшага і вельмі папулярнага ў турыстаў-воднікаў левага прытока ракі Іслач. Яна бярэ пачатак на схілах Мінскага ўзвышша, побач са сталіцай Беларусі, і вызначаецца крынічнай халоднай і вельмі чыстай вадой. Да сённяшняга часу ў Іслачы водзіцца чырванакніжная стронга. Злучыўшыся з Іслаччу, Бярэзіна становіцца значна шырэй і глыбей. Неўзабаве можна ўбачыць пару хатаў хутара Петухова, а прыкладна праз гадзіну ходу вясковыя пабудовы віднеюцца па абодвух берагах ракі. Назва гэтага ўрочышча і пасялення Паташня.

Паташ (па-галандску potasch — гаршчковы попел) — шчолачная соль (вуглекіслы калій К2СО3), атрыманая з расліннага попелу, — выкарыстоўваўся для вырабу шкла, мыла, фаянсавай палівы, мыцця воўны, ачысткі сукна, адбельвання і фарбавання тканіны, у кандытарскай вытворчасці, фармацэўтычнай справе і інш.

Паводле гістарычных крыніцаў, вытворчасць паташу ў Еўропе пачалася ў 12-13 стагоддзях, а на тэрыторыі сучаснай Беларусі на пару стагоддзяў пазней. На заходніх рынках беларускі паташ лічыўся адным з лепшых па якасці і карыстаўся вялікім попытам. Свайго росквіту паташныя промыслы дасягнулі ў
18 стагоддзі.

Весляры сушаць вёслы

Паташні (буды) дзейнічалі пераважна ў Магілёўскай і Мінскай губернях і належалі князям Радзівілам, Любамірскім, графам Патоцкаму і Салагубу, памешчыкам Горвату і Славінскаму і многім іншым.

На пачатку XIX стагоддзя толькі ў Мінскай губерні штогод выраблялася каля 50-60 тысяч пудоў паташу. Пра геаграфічнае пашырэнне паташнага промыслу сведчылі звесткі тапанімікі: шэраг вёсак мелі назвы Буда, Буда Паташова ці проста Паташня, як на нёманскай Бярэзіне. Сыравінай для вытворчасці паташу служыў драўняны попел хваё­вых і лісцёвых пародаў дрэў, зрэдку — травяны (з папаратніку, асакі). Усяго гэтага хапала на берагах Бярэзіны. Пасля некалькіх стагоддзяў вытворчасці ў раёне сучаснай Паташні лес адышоў ад берагоў ракі на значную адлегласць.
Таварны паташ быў вельмі гіграскапічны, таму яго зашпунтоўвалі і перавозілі ў бочках. Па якасці быў двух гатункаў: лепшы — ардаш, перлаш і горшы — вайдаш, смальчуг.

З развіццём фабрычнай вытворчасці і змяншэннем колькасці лясоў паташная вытворчасць паступова заняпала. У Беларусі, у прыватнасці на Бярэзіне, паташны промысел знік толькі ў пачатку ХХ стагоддзя.
Рабочыя на паташнях па­дзяляліся на некалькі прафесій. З іх асноўныя: папяляры (выпальвалі попел у ямах, кучах), клёпачнікі (нарыхтоўвалі клёпкі для бочак), карытнікі (вышчалочвалі попел у карытах, чанах), палівачы (выпарвалі шчолач — луг — у печы (гарцы)) і дапаможныя (возчыкі, конюхі, кавалі, бондары, цагельнікі). Існавала і агульная назва для рабочых на паташнях — буднікі. Для некаторых беларусаў гэтая назва пазней ператварылася ў прозвішчы (Буднік, Патыш).

Гатовую прадукцыю з бярэзінскай Паташні зручна было дастаўляць па Бярэзіне і Нёмане ў Прусію, дзе яе ахвотна скуплялі еўрапейскія купцы.
…Хутка за Паташняй лес шчыльнай сцяной падступае да самай вады. Амаль на 90% гэта дрэвы лісцёвых парод. Векавыя клёны, ліпы, бярозы, вязы, ясені, вольхі месцамі схіляюцца да самай вады. Мы толькі шкадавалі, што ліпа тыдні тры як адцвіла, а так мелі б асалоду дыхаць водарам ліпавага цвету, фантазіравалі, як прыгожа бу­дзе выглядаць рака ў кастрычніку залатой восенню, нават марылі пра падарожжа ў гэтую пару года.
Задумаўшыся, амаль не праскочылі пратоку, якая злучае левы бераг ракі са старыцай. Яна называецца Чорным возерам, даўжыня якога звыш кіламетра, шырыня 40-50 метраў, даволі глыбокае, з чыстай вадой, багатае рыбай, сухія высокія берагі, калісьці аблюбаваныя партызанамі, а ў наш час — рыбакамі і турыстамі-воднікамі.

Яшчэ адна адметнасць возера — гэта сотні прыгожых беласнежных чырванакніжных гарлачыкаў. На жаль, усе самыя лепшыя месцы для бівака былі ўжо занятыя, і мы, налюбаваўшыся дзівоснымі белымі кветкамі, сплавіліся яшчэ на некалькі кіламетраў ніжэй. Спыніліся на высокім левым беразе, каля часовай турысцкай лазні. Гэта канструкцыя з арэшын, выгнутых дугой, абцягнутых поліэтыленавай плёнкай. Месца прыгожае, абжытае, прасторнае, з абсталяваным вогнішчам і вялікім запасам дроў. Лазняй мы не карысталіся. Пасля вячэры, пры вогнішчы, абмяркоўвалі вынікі першага дня, слухалі і спявалі песні пад гітару. Тон задавалі Дзмітрый Ёда і Уладзімір Хільмановіч. Спаць ляглі позна, але сон быў багатырскі.

Другі дзень сплаву пачаўся з водных працэдур і сняданка. Рака працягвала радаваць цудоўнейшымі краявідамі, якія непаўторна змяняліся за кожным паваротам. Дзень выдаўся цёплы і сонечны. Пасля вусця правага прытока ракі Чапунькі Бярэзіна робіць дзве вялізныя пятлі. Праплыўшы два-тры кіламетры, варочаліся туды, дзе былі паўгадзіны таму назад. Такую пятлю можна абмінуць, калі прайсці пешшу і перанесці байдаркі праз лес метраў сто, але ж мы турысты-воднікі і навошта нам той «волак».

Населеных пунктаў на рацэ мала, але калі на берагах паяўляюцца прывязаныя лодкі, то гэта значыць, што за дрэвамі прытаіліся хаты невялікіх вёсак: спачатку Малой Чапуні, а пасля Мільвіны-Бярэзіны. За мостам у гэтай Мільве, на правым беразе, віднеецца аграся­дзіба. Ад яе да вады пабудаваны драўляны памост-прыстань, напагатове на стэлажах захоўваюцца каякі і байдаркі, якія, напэўна, можна арандаваць.

На байдарках падчас сплаву

Апошняя вёска на маршруце — Набярэжная, на левым беразе ракі, прыкладна за тры кіламетры да яе вусця. Гэта ўжо Навагрудскі раён. У вёсцы шмат дачнікаў. Два разы на тыдзень хо­дзіць аўталаўка.

На другі начлег спыніліся на высокім правым беразе, перад самым ўпадзеннем Бярэзіны ў Нёман, каля навеса са сталом і лаўкамі, вогнішчам і прыбіральняй. Дзякуй леснікам! Тут раздолле і для рыбакоў. Нашы «штатныя» аматары гэтай справы Дзітрый Ёда і юны Міхась Петрыкевіч амаль голымі рукамі злавілі пару дзясяткаў язёў, плотак, акунёў, забяспечыўшы наварыстую юшку. Пры вогнішчы зноў спявалі песні, дзяліліся уражаннямі, строілі планы.

У апошні, трэці дзень спалі доўга, але не ўсе. Рыбакоў пацягнула да сваёй справы, і зноў паспяхова. Позна паснедаўшы і ўволю накупаўшыся, выправіліся ў апошні кароткі пераход, але ўжо па Нёмане і супраць плыні. Сутока Бярэзіны і Нёмана — месца вельмі прыгожае, абедзве ракі амаль аднолькавай шырыні, толькі нёманская вада значна мутнейшая. Адразу паварочваем налева і прыціскаемся да берага. Тут плынь слабейшая.

Да канечнага пункта нашага маршруту — вёскі Дзяляцічы — прыкладана чатыры кіламетры. Працуем вёсламі актыўна, «сушыць» іх не прыходзіцца. Каб перадыхнуць, трэба абавязкова прычальвацца да берага. Праўда, любавацца асабліва няма чым. Лес адступіў на пару кіламетраў ад ракі. Нёман нясе свае воды па шырокай лугавой пойме, па берагах — чарот, асака, кустоўе, зрэдку дзе-нідзе купка алешын. Больш за гадзіну актыўнай працы, і мы ў Дзяляцічах. Гэта вёска вялікая, калісьці была шматлюднай, мае некалькі вуліц, царкву, магазіны, летам у ёй шмат дачнікаў.

Прасушылі рыштунак, зрабілі экскурсію ў цэнтр Дзяляціч, пагутарылі з вяскоўцамі і дачнікамі і на аўтатранспарце рушылі ў старажытную Любчу, былы раённы цэнтр. У сярэднявеччы Любча валодала Магдэбургскім правам, мела свой герб, мураваны замак, які цяпер аднаўляецца ўраджэнцам гэтай мясцовасці спадаром Пячынскім Іванам Антонавічам. Менавіта каля сцен гэтай цытадэлі мы і спыніліся, агле­дзеліся, палюбаваліся краявідамі, што адкрываюцца з замкавай гары на раку Нёман і Налібоцкую пушчу.

У Любчанскай школе ёсць цудоўны краязнаўчы музей (экспазіцыя якога займае некалькі пакояў), створаны апантаным краязнаўцам Міхаілам Карповічам. Музей па колькасці і вартасці экспанатаў не саступае многім раённым музеям Беларусі. У нас, на жаль, не хапіла на яго часу.

Тры дні на маршруце праляцелі імгненна. Мы ўволю палюбаваліся прыгажосцю родных краявідаў, паглыбілі веды па гісторыі і тапаніміцы, загартаваліся фізічна, убачылі расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу, пераканаліся, што ў нашых рэках ёсць яшчэ рыба і што ўсё гэта трэба берагчы для нашчадкаў, прыйшлі да высновы: каб адпачыць, зусім не абавязковы той бераг турэцкі ці Канары.

Фота з архіва аўтара

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание