Наверх
Слоним
пасмурно
10 °C
Зельва
пасмурно
10 °C
Волковыск
ясно
10 °C
Мосты
ясно
10 °C
Дятлово
ясно
10 °C
Барановичи
пасмурно
9 °C
EUR 2.2585
USD 2.0412
RUB(100) 3.198
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Плач чарніц

20 августа 2019 11:45
Поделиться:

Ілюстрацыйнае фота

З дзяцінства мая бабуля вучыла мяне збіраць ягады і грыбы ў лесе. І калі ў дзяцінстве збіраць ягады было так складана і доўга, быццам гэта быў нейкі абавязак, то цяпер жа я атрымліваю ад гэтага асалоду і прыемны настрой.

Бабуля мая жыве на Дзятлаўшчыне. Лес заўсёды быў багатым на розныя ягады і грыбы, трэба было толькі ведаць, у які бок ад вёскі ісці. Хочаш назбі­раць суніц — ідзі пад завод (там некалі знаходзіўся цагляны завод), чарніц — ідзі за могілкі, малін — ідзі ў кудру (так называецца лес перад самай вёскай).

Зусім нядаўна я была ў вёсцы, таму без ягад вярнуцца адтуль не магла. Ведала, што чарніц шмат у бары, таму вырашыла пайсці менавіта туды. Схадзілі з пляменніцай Вікай першы дзень у разведку і дамовіліся, што заўтра пойдзем таксама. А тут сястры патэлефанавалі яе былыя супрацоўніцы з Дзятлава, спыталіся, ці ёсць у нашым лесе ягады, паколькі там, дзе яны збіраюць за Дзятлавам, ягад не было. Сястра сказала, што ягад дастаткова.

Наступнай раніцай машынай мы паехалі ў бор. Правёўшы «інструктаж», што трэба быць пільнымі, паколькі побач балота, якое часткова высахла, а дзесьці толькі зацягнута зверху цінай і мохам, мы выйшлі з машыны. Я была з чатырохлітровым вядзёркам, а «мае напарнікі» (а было іх трое дарослых і хлопчык-падлетак) з пяццю, мабыць, пятнаццацілітровікамі і адно сямілітровае вядзерка. Маё чатарыхлітровае глядзелася на іх фоне быццам маленькі кубачак.

— Вы збіраецеся ўсё гэта назбіраць? — спыталася я.

— Паглядзім. У нас жа камбайнер. Хочам здаць.

І яны паказалі свой коўшык (так празвала яго я). «Хай збіраюць. Кожны зарабляе грошы, як можа», — падумала я.

Мы зайшлі ў лес. Метраў за пятнаццаць ад дарогі я і Віка ўбачылі вялікія чорныя спелыя чарніцы і прыселі ля кусціка. І вось тут пачалося.

— Дзе ягады? — спыталіся ў мяне. — Іх жа тут няма.

— Ідзіце далей, там болей, але асцерагайцеся балота, — яшчэ раз перасцерагла іх.

Мы пачалі збіраць.

Жывучы ў горадзе, заўсёды з задавальненнем прыязджаю ў лес паслухаць спеў птушак і цішыню. Гэтым разам чула перагукванне:

— Галя (імя зменена), ты дзе? Ёсць там што?

— Трохі ёсць.

Ці:

— Шмат назбірала?

— Пайшлі далей ў лес.

Здаецца, нічым непрыкметная размова, нават у памяці не застанецца. Калі б не адно «не» — праца коўшыка па збіранню ягад, такі непрыемны гук, нейкае шорганне, быццам стогн кусціка, яго жаль, а магчыма і плач.

Пераходзячы ад кусціка да кусціка, я назбірала сваё вядзерца-кубачак. Збіраю ягады амаль без лісточкаў, адразу дастаю ці здзьмухваю са жмені ўсё лішняе. Заглянула ў вядро адной сваёй часовай напарніцы. Шмат лістоў, паламаныя галінкі, іголкі ад сосен. Коўшык збірае не толькі ягады, а, на жаль, і лісточкі з галінкамі. Я думала, што за тры гадзіны ў іх павінна пры такім зборы быць вядро, а была толькі палова.

Ішла дадому, а ў галаве стаяў гул-шамаценне ад працы коўшыка, а яшчэ нейкае незадавальненнем сабой, сястрой, навошта мы згадзіліся ім дапамагчы і паказалі нашы ягадныя мясціны.

Не, мне не шкада, што чарніцы пазбіралі, а шкада, як іх пазбіралі, пакінулі пасля сябе паламаныя галінкі, патаптаныя кусцікі.
Яшчэ ў дзяцінстве мая бабуля казала, што каб назбіраць ягад, неабходна пакланіцца кожнай ягадцы, падзякаваць ёй. Магчыма таму я і шкадую кожны кусцік, кожнае дрэўца. Я адчуваю іх боль і бачу іх слёзы.

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание