
У чацвер, 22 жніўня, слонімцы сталі сведкамі гістарычнага моманту: на плошчы Леніна ўсталявалі помнік Льву Сапегу.
Бронзавы помнік з пастаментам узвысіўся на чатыры метры. Адзін з аўтараў скульптуры, ураджэнец вёскі Чамяры Слонімскага раёна Іван Міско, адзначыў, што нарэшце Сапега вярнуўся ў Слонім. «Складваецца такое ўражанне, што ён тут быў заўжды», — сказаў Іван Акімавіч.
Адзначым, што гетман ВКЛ і вялікі канцлер Леў Сапега ў 1586 годзе атрымаў у кіраванне Слонім. Па яго просьбе ў 1591 годзе гораду было дадзена Магдэбургскае права, падараваны герб, на якім намаляваны леў, які трымае залатую стралу. За час яго кіравання Слонім стаў развітым цэнтрам рамёстваў і гандлю.