
Малюнак Яўгена Іванова
У Малых Варкутоўцах Маня Субоцік была ці не самая гарушчая кабета. Яна рана аўдавела: муж Сымон пайшоў з жыцця ў маладым веку, пакінуўшы ёй маленькага Раманка.
— І што гэта з ім раптам зрабілася?
— А ты не ведаеш? Сэрца. Бацька ж яго гэдакі самы нездароўчы быў і памёр у маладым веку…
— Бедная Маня, і як яна цяпер?
Так разважалі вясковыя бабы, сабраўшыся каля аўталаўкі. Яны разважалі, а яна ўпрэглася ў нялёгкі сялянскі воз: трэба было і ў калгас на работу хадзіць, і ўласную гаспадарку даглядаць, бо ў двары была карова з цялушкай-пярэзімкам, двое свіней і рознай птушкі плойма. Нічога, спраўлялася, усё старалася для свайго сыночка Раманка.
Год за годам ён падрастаў, вучыўся жыццю.
— І ў каго толькі ўдаўся такі сквапны? — не раз казала суседка Клаўдзя Калдобік. — Маня ўсім яблыкі раздае задарма, а ён з дзяцей плату вымагае.
І гэта была праўда. На іхняй вялікай яблыні, што расла пасярод саду, былі вельмі смачныя яблыкі, нейкі рэдкі для гэтых мясцін сорт, нешта паміж белым налівам і ранетам, а дакладнай назвы ніхто не ведаў. Вясковая дзятва ласа пазірала на гэтыя залаціста-ружовыя плады.
Аднойчы самы шустры хлопчык, Пеця Круглік, залез у сад і нарваў за пазуху столькі, колькі там магло змясціцца. Раман злавіў яго, разбіў нос і загадаў выкінуць яблыкі:
— Красці не будзеш і ўсе не будуць! Калі хто хоча паласавацца, то плаціце мне!
— То грошай жа ў нас няма… — ледзь не хорам мовілі вясковыя хлапчукі, якія стаялі за плотам і ўсё гэта бачылі.
— Грошай няма, то нясіце з дому яйкі. Адно яйка — пяць яблыкаў. Інакш будзеце біты.
Дзеці не сталі насіць з дому яек і больш не пайшлі па тыя яблыкі, але і гуляць Рамана не бралі ні ў якія свае гульні. Ды ён па гэтым, відаць, і не маркоціўся. То кніжкі чытаў, то з вудай на беразе рачулкі Гапткі сядзеў. Словам, шукаў сабе занятак, а каб мацеры па гаспадарцы памагаць, то не спяшаўся. Ды яна і не прымушала, берагла адзінага сыночка як зрэнку вока.
Пасля школы Раман паступіў вучыцца на інжынера, а як атрымаў дыплом, вярнуўся ў свой калгас.
Там, у Мінску, і жонку сабе знайшоў. Такую ж таўсматую, непаваротлівую, як і сам. Рыжая як агонь Кацька была яму да пары, таксама вызначалася сквапнасцю.
Аднойчы, калі Раман паправіў ганак, бо стары ўжо зусім развальваўся, Кацька сказала:
— А чаму гэта ты задарма ішачыш на сваю старую? Няхай грошы за работу плаціць!
— Дык мы ж тут жывём… — нясмела мовіў Раман.
— Ну дык і што? У яе грошы ёсць. Я падпільнавала, як яна дастала з-за бажніцы скрутак у насовачцы. Адлічыла колькі трэба, каб купіць камбікорм для свіней, а астатнія паклала назад. Навошта старой грошы? Яна павінна нам аддаваць і пенсію, і тое, што выручыць ад продажу яек. Жывём жа разам…
Раман сказаў пра гэта мацеры. Яна горка ўздыхнула і пайшла ўпраўляцца па гаспадарцы. А назаўтра, калі маладыя вырашылі палічыць мацерыны зберажэнні, то за бажніцай нічога не было. Перахавала старая.
У Рамана з Кацькай праз некалькі гадоў нарадзіўся сынок Шурык. Бабуля была вельмі рада і ўсю сваю ласку аддавала малому. Яго нават і ў садок не вадзілі, на яе пакідалі, як ішлі на работу. І так да самай школы. Ды і потым на Мані былі ўсе клопаты пра Шурычка.
Ішлі гады. Маня састарэла, унук вырас. Ён не быў падобны да бацькоў: высокі, чорнавалосы, спрытны. І характарам добры, лагодны, не было ў ім бацькоўскай сквапнасці. Калі Мані спаўнялася семдзесят гадоў, сказаў:
— Трэба падарыць бабулі дарагі падарунак. Я са сваёй студэнцкай стыпендыі таксама зраблю ўзнос, але галоўныя расходы на вас.
Падарунак і сапраўды быў дарагі: залаты пярсцёнак з цёмным каменем.
— Надта ж харошы, мае вы бабачкі! — хвалілася кабета суседкам. — Нават баюся яго на палец надзець у якое свята, каб не згубіць. Во, глядзіце! — паказвала бліскучы пярсцёнак, што ззяў на сонцы. Тыя з зайздрасцю ўздыхалі: ім такой прыгожай рэчы ніхто ніколі не дарыў.
— Ну і што, зваляецца ён у цябе без патрэбы, — мовіла Люба Верхавічная. — А то і згубіш дзе.
— Не, бабачкі, я яго прыберагу для асабліва важнай падзеі.
Усё, пагаварылі і забылі. А тая важная падзея, якой чакала Маня, надышла амаль праз дзесяць гадоў. Акурат напярэдадні ўнукавага вяселля яна дастала са схрону пярсцёнак, палюбавалася ім:
— Які ж прыгожы! — сказала сама сабе. — Падару яго Шуравай жоначцы, няхай носіць і ўспамінае мяне добрым словам. Грошай не маю, сын з нявесткай забіраюць пенсію, а гаспадаркі не трымаю, бо няма сілы. То пярсцёначак падару…
Вяселле было багатае, і падарункаў было шмат. Раман з Кацькай проста са скуры вылузваліся перад сватамі і нявесткай, бо яны былі гарадскія і даволі заможныя людзі.
Падарыла свой пярсцёнак і бабуля, паклаўшы ў прыгожую каробачку, што выпрасіла ў суседскай дзяўчыны.
А назаўтра быў скандал.
— Што ты падсунула нашай нявестцы?! — крычала што ёсць моцы Кацька. — Як ты магла?!
— Чаму?.. Гэта ж той дарагі падарунак, чыстае золата з цёмным каменем, які вы мне далі на юбілей, — разгублена мовіла Маня. — Я нават ні разу яго не надзела…
— Дарагі падарунак!.. — перадражніў Раман. — Чыстае золата… Ды мы гэта золата на кірмашы ў райцэнтры з латка купілі за дванаццаць рублёў. Нават сыну не паказалі, каб не разгледзеў. А ты нявестцы падарыла!..
Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь