Наверх
Слоним
пасмурно
19 °C
Зельва
пасмурно
19 °C
Волковыск
пасмурно
18 °C
Мосты
пасмурно
18 °C
Дятлово
пасмурно
18 °C
Барановичи
пасмурно
19 °C
EUR 2.2758
USD 2.0391
RUB(100) 3.1973
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Лявон Карповіч — знакаміты філатэліст з мястэчка Лунна

7 сентября 2019 13:10
Поделиться:

Лявон Карповіч

Лявона Эдвардавіча ведаю амаль трыццаць гадоў. Да пенсіі ён працаваў настаўнікам матэматыкі ў вясковай школе. Сціплы, культурны, заўжды меў сваю думку. На шлях філатэліі стаў позна, дзесьці ў пяцьдзясят. У тым кірунку працаваць яго завабіў сябра са Скідзеля Фрэдэрык Гушча, які зараз не толькі ладзіць свае экспазіцыі, але і з`яўляецца сябрам камісіі выстаў розных узроўняў.

Першым крокам Карповіча ў філатэлію была экспазіцыя, як ён сам тлумачыць, пра флору і фаўну Беларусі. Марак па гэтай тэматыцы было дастаткова. Першая імпрэза заахвоціла яго да працы надалей, але ў іншым кірунку. Лявон Эдвардавіч задумаў давесці да ведама грамадскасці багатую гісторыю нашага краю праз канверты, якія найбольш выкарыстоўваюцца на побытавым узроўні. Карповіч выбіраў выбітных асоб часоў ВКЛ, знакамітых дзеячоў беларускага Адраджэння, пісаў тэксты. Канверты афармляў сам, адшукваў адпаведныя тэматыцы маркі і адсылаў лісты з імі розным адрасатам. Тэма вызначылася сама сабою — «Гісторыя маёй краіны». З цягам часу так паўстала экспазіцыя, якая дэманстравалася на розных рэспубліканскіх і міжнародных філатэлістычных выставах, дзе Лявон Карповіч меў шматлікія ўзнагароды, у тым ліку і залатыя медалі. Збор па той экспазіцыі працягваўся, і ўжо да стагоддзя БНР падчас выставы ў Цэнтры гарадскога жыцця гарадзенцы пабачылі больш за шэсцьсот экспанатаў пра гісторыю беларускіх зямель, выбітных нашых асоб і г. д.

Паводле сваіх даследаванняў Лявон Карповіч у 2017 годзе выдаў кнігу «Беларуская паштовая марка: ад вытокаў да эміграцыі і Незалежнасці». І гэта сведчанне таго, што ён вядомы спецыяліст у справе філатэліі.

Надалей Лявон Карповіч пачынае распрацоўваць новую тэму: Біблія і маркі. З цягам часу паўстае новая экспазіцыя, якая была прыхільна прынята спецыялістамі і грамадскасцю. Пра яго сталі пісаць у друку. Нават дзяржаўная газета «Звязда» адгукнулася вялікім артыкулам, дзе наўпрост гаворыцца, што Лявон Карповіч сабраў унікальную калекцыю марак на біблейскія тэмы. Адначасова пісалася кніга «Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі». Кніга ўнікальная па тэматыцы і змесце. На яе старонках каля 100 артыкулаў і каля 800 ілюстрацый. Тут Лявон Карповіч дзеліцца досведам спробы пазнання сэнсу Бібліі і адначасова знаёміць з мастацкімі творамі, якія адлюстроўваюць біблейскія гісторыі і змешчаны на паштовых марках.

Цяпер вядзецца збор сродкаў на выданне гэтай кнігі.

Філатэлія не адзінае захапленне гэтага чалавека ў жыцці. Ён сталы краязнаўца. Карповіч дасканала даследаваў гісторыю мястэчка, дзе ён жыве: ад сівой даўніны да нашых дзён. Падрабязна распавядаў пра трагічны лёс лунненскіх габрэяў, якія скончылі жыццё ў печах Асвенціма. Вынікам таго даследавання стала кніга аб`ёмам болей за паўтысячы старонак. У падзяку за апісанне быту, укладу жыцця, лёсу лунненскіх габрэяў Лявон Карповіч з жонкаю Валянцінай Мікалаеўнай былі запрошаны ў Ізраіль. З таго падарожжа Лявон Карповіч прывёз цудоўныя нататкі, вартыя яшчэ адной кнігі.

Неўзабаве пачнуцца святочныя мерапрыемствы з нагоды 1000-годдзя Бярэсця, і ў іх рамках пройдзе філатэлістычная выстава, на якой Лявон Карповіч будзе выстаўляць дзве экспазіцыі.

Творчы імпэт Лявона Карповіча радуе, толькі засмучае, што яго творчасць застаецца па-за ўвагай мясцовай улады.

Фота з архіва Лявона КАРПОВІЧА

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание