
Аляксей ЯКІМОВІЧ
Чужы голас прыходзіць непрыкметна, спакваля. Найперш ён стараецца адабраць у народа веру, дзень за днём пераконваючы ў тым, што яго мова брыдкая, непрыгожая.
Прыслухаўшыся да чужога голасу, многія спачатку сумняваюцца, а потым і пагаджаюцца з ім. Як вынік, у чалавека ўзнікае, нараджаецца са злога чорнага насення нянавісць да сваёй мовы, жаданне пазбавіцца ад яе, любой цаной знішчыць. Чужы голас падхвальвае, заахвочвае нейкай салодкай цукерачкай, рухаючы па шляху граху і злачынства.
Каб замацаваць перамогу, чужы голас час ад часу прамаўляе, што самастойна ў
сваёй хаце чалавек не зможа гаспадарыць, кіраваць сабою і сваім жыццём (жонкай, дзецьмі і маёмасцю), што не пражыве, загіне, як чарвяк на сонцы. І ўзнікаюць міфы, падобныя на той, што мы, беларусы, не можам пражыць без заходняй ці ўсходняй суседкі. Народу навязваюць думку, што яму патрэбна нянька, якая да сівых валасоў будзе старанна карміць і паіць. Страціўшы сваё аблічча народ верыць гэтай байцы і з нецярпеннем чакае грудастую няньку ці вусатага няня з падарункамі. Аслеплены, задурманены чужым голасам-прапагандай, ён не бачыць, што іншыя народы, нават суседзі, жывуць і квітнеюць без грудастых нянек і вусатых няняў. Так здаўна заведзена ў свеце: кожны павінен клапаціцца пра сябе, найперш адстойваць сваё, сваю жыццёвую прастору. Але закалыханы чужым голасам не заўважае гэтага. Той, хто зжыўся з падобным хлуслівым голасам, ідзе насустрач яму і аддае самае святое: сваю радзіму, сваю мову, свой дабрабыт.
Людзям з атрафіраванымі нацыянальнымі пачуццямі здаецца, што яны сталі дублёрамі чужога голасу, роўняй яму і тым самым узвысіліся і над сваёй радзімай, і над сваёй мовай. Чужы голас заўжды з пагардай будзе глядзець на такіх і насміхацца ці то непрыкметна, ці то адкрыта, трымаючы на кароткім павадку, каб пры нагодзе паслаць у самае пекла. Ці ўспомніць тады абяздолены этнас, што калісьці ў яго была свая мова, быў свой голас?
Верасень, кастрычнік, лістапад…
Мая мова – вадапад.
Ён з кропелек ствараецца.
Моцненька трымаюцца.
Кропелькі празрыстыя,
На сонцы брыльянцістыя.
— — — — — — — — —
Ты заціх, ужо не гучыш,
Уніз імкліва не ляціш.
Дзе рака бяжыць, бурліць,
Твая кропля не блішчыць.
Мова, мова, мова…
Кропелькі – аснова.
Каняй плача, не пяе,
Няма голасу ў яе.
Аслабеў народ, спацеў,
На ангіну захварэў.
І не скажаш тут адразу,
Хто прынёс гэту заразу.
Згінуў голас светлы, чысты,
З нас смяюцца сталіністы.
Зубы скаляць: ім пацеха.
Мове нашай не да смеху.
Скачам мы пад іхню дудку,
Хоць і пуста у жалудку.
Вакол спёка, як у пустыні,
Народ дрэмле у магазіне.
Там гарэліца, віно
Гірай цягнуць нас на дно.
— — — — — — — —
Мова, мова, вадапад,
Рассып кропелькамі град,
Бі ля кожнай хаты.
Хвост падціснуць каты.
— — — — — — — —
Людзі добрыя, браты!
Развялося свалаты,
Што хітруе, пагражае,
Нас у аглоблі запрагае.
Пад дудачку скачам,
А на кухні плачам.
— — — — — — —
Вёскі прападаюць,
У змроку гарадкі.
Страціўшы надзею,
Трацім і гадкі.
— — — — — —
Шмат на белым свеце
Існуе дзівосаў.
Вадапад – адзін з іх –
Падае з нябёсаў.
— — — — — —
Мова, мова,
Дзе твой голас,
Дзе аснова?
2019 год.
Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь