
ГАСТАРБАЙТАРЫ, 1942 ГОД ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА
З памяці людской сціраюцца тыя падзеі. Засталіся хіба што фільмы пра вайну ды мемуары военачальнікаў ды партызан. А вось пра OSTарбайтараў напісана вельмі мала, хаця з Беларусі на прымусовую працу ў Германію былі вывезены тысячы юнакоў і дзяўчат. Адзіная кніга мемуараў «Запіскі OSTарбайтара» Міхася
Грыбава выйшла з друку толькі ў 2005 годзе. А ў савецкіх дзяржаўных газетах, радыё і на тэлебачанні гэта тэма зусім не асвятлялася.
У маёй вёсцы Піронім жыў OSTарбайтар Дуброўскі Уладзімір Сільвестравіч. Я многа разоў заходзіў да яго ў госці і распытваў пра мінулае. Гэта быў не вельмі гаваркі чалавек. Праўда, вельмі сцісла ён расказаў пра сябе.
«Да 1942 года жыў разам з бацькамі на хутары Бліжнія Новіны. У 1942 годзе немцы прымусілі перасяліцца ў вёску Піронім. Немцы страхавалі сябе ад партызан, а ў вёсцы можна кантраляваць усіх. Наш хутар быў спалены ў 1944 годзе. У 1941 годзе немцы адпускалі ваеннапалонных да сваякоў, але немцы не правяралі, хто сваяк альбо не сваяк. Так у вёсцы аказаўся ваеннапалонны Боеў Даніла Яфрэмавіч, які жыў у Бакшанскай Валянціны Антонаўны ў прымах. Ад гэтага саюзу нарадзілася ў 1944 годзе дачка Марыя. Боеў Д.Я. быў вывезены ў Германію, і далейшы лёс яго невядомы. У Баравіка Р. і Лагуціка М.І. жыў ваеннапалонны Несцярэнка Віктар Сямёнавіч. Ён пайшоў у партызаны і загінуў.
У сакавіку 1943 года мяне аднаго з апошніх забралі ў Слонім і суткі пратрымалі ў турме, потым пагрузілі ў эшалон і адправілі ў Германію. Так я аказаўся ў Фрайбургу. Там нас было вельмі многа. Нас па 20-50 чалавек разбіралі на розныя прадпрыемствы. Я аказаўся ў гарадской службе. Падмяталі вуліцы, капалі траншэі пад кабелі і трубы і іх пракладвалі. Вялікую групу, у тым ліку і мяне, забралі на будаўніцтва абарончых збудаванняў, аж каля самай французскай граніцы. Гэта былі акопы і бліндажы другой ці трэцяй лініі абароны. Вакол — нежылыя разбітыя паселішчы. Кармілі дрэнна. Суп з кармавых буракоў ды крыху няякаснага хлеба. Пастаянныя бамбёжкі англа-амерыканскай авіяцыяй. Дзякуючы Богу, застаўся жывы.
Нас вызвалілі амерыканцы і перадалі рускім. Потым мы аказаліся ў рэпатрыяцыйным лагеры. Нас пераводзілі з аднаго лагера ў другі. Былі допыты, хто дзе працаваў. Прывезлі нас у Саюз, старых і хворых адпусцілі дамоў, а маладых не. Нам сказалі: «У краіне ўсё разбурана, і трэба аднаўляць». Спачатку прывезлі ў Тульскую вобласць на лесанарыхтоўкі, але там было многа такіх, як мы. Нас потым завезлі ў Грузію, на аднаўленне вугальных шахт Ткібулі-Шаорская, у вайну яны не працавалі. Кармілі вельмі дрэнна, была картачная сістэма. За выкананую норму атрымлівалі адзін кілаграм хлеба. Не выканаў — хлеба атрымаеш менш. Адбыў два гады сапраўднай катаргі і вярнуўся дамоў. З вёскі ў Германіі прапаў Мялешка Аляксей, лёс яго невядомы, а Герман Адам Сільвестравіч аказаўся ў лагеры, Калеснік Павел Антонавіч быў асуджаны да пяці гадоў зняволення. За што іх пакаралі — невядома.
Вярнуўся дамоў у сваю родную вёску. Паявілася сям`я. Будаваўся, працаваў у калгасе.
Германія ўспомніла нас і за паднявольную працу выплаціла грашовую кампенсацыю. А савецкая ўлада нават нідзе не ўспомніла нас, хаця б добрым словам, нас жа была не адна тысяча такіх паднявольных савецкіх арбайтараў».
Аляксандр МІСЦЮКЕВІЧ
2015, май
Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь