Наверх
Слоним
пасмурно
4 °C
Зельва
пасмурно
4 °C
Волковыск
пасмурно
2 °C
Мосты
пасмурно
2 °C
Дятлово
пасмурно
2 °C
Барановичи
пасмурно
3 °C
EUR 2.3481
USD 2.1091
RUB(100) 3.3365
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Сіняя фуфайка

22 сентября 2019 9:58
Поделиться:
Рисунок

Малюнак Яўгена Іванова

На жыццёвых скрыжаваннях

У тую халодную жнівеньскую раніцу малая Алеська Журанок з вёскі Акімавічы пагнала пасвіць кароў. Не адна пагнала, а з суседскай бабкай Максімчыхай, якая бала вельмі добрая і спагадлівая.

— Сіротка ты бедная, — прыхіліла яна дзяўчынку да сябе і ахінула крысом свайго цёплага каптана. — Каб жа была жывая маці, то хіба выправіла б цябе ў поле як стой? Знайшла б якую апранатку, а то ў лёгкай паркалёвай сукеначцы ты здубееш, пакуль сонца паднімецца вышэй і сагрэе тут нас. Я папільную статак, а ты збегай дадому і вазьмі што цёплае. Бяжы, дзіцятка… Дзевяць гадоў, як закончылася вайна. Усім цяжка, а сіраце без мамы і казаць няма чаго…

Алеська са спрытам вавёркі паскакала па лузе, пакідаючы на роснай траве шнурочак сваіх слядоў. Бацька нешта рабіў у пуні, а мачыха, як звычайна, яшчэ спала. Яна кожную раніцу доўга спала. Антось і карову даіў, і ў печы паліў, а гультаяватая тоўстая Кацярына ўсё ніяк не магла выспацца.

Алеська ціхенька, каб не разбудзіць мачыху, бо будзе гвалту на ўсю вёску, прайшла ў хату, зняла з цвічка ля дзвярэй сінюю фуфайку і вышмыгнула за дзверы.

— Во, цяпер не замерзнеш, — пахваліла бабка Максімчыха, калі яна прыбегла на пашу. — Трэба было яшчэ і абуць што-небудзь, а то раса халодная.

— Нічога, я ў ногі холаду не баюся, — усміхнулася худзенькая белагаловая Алеська. — Загартавалася ўжо…

— Загартавалася… — пахістала галавой невысокая бабка, апранутая і абутая так, нібы сабралася на паўночны полюс. — У сіроцтве жыўшы ды пры такой мачысе загартуешся. І бацька цябе не шкадуе, я ж бачу…

— Я хутка вырасту, закончу школу і паеду ў горад вучыцца. Буду медсястрой, лячыць людзей, даваць ім уколы, таблеткі.

— Калі тое яшчэ будзе… У які ж клас ты перайшла?

— Ужо ў трэці.

— Не ўжо, а яшчэ… Адгані вунь рабую карову, што палезла ў калгасную бульбу. Убачыць брыгадзір, то будзе нам з табой ды будзе.

Дзяўчынка пабегла і адперла рабую далёка ад палетка.

— Малайчынка, — пахваліла бабка. — Як каровы наядуцца і палягуць, то можаш крышку падрамаць, а я за імі пагляджу. Спаць, напэўна ж хочацца?

— Яшчэ як! Тата пабудзіў рана, як толькі ішоў даіць карову. Я хуценька адзелася і яшчэ прылягла на ложак. Заснула адразу, нібыта камень у ваду баўтнуўся. А ён зноў будзіць…

Сонца ўздымалася вышэй. Малая са старой паволі ішлі за статкам. Калі якая карова наважылася ўлезці ў шкоду, Алеська бегла і адганяла.

— Рыжая ўжо лягла, то хутка і астатнія лягуць. Я ўжо спрактыкавалася, яна ў іх нібыта камандзір. Прыляж і ты, засні крыху, а я пасяджу, папільную. Як будзе трэба, то разбуджу.

Алеська лягла, падкурчыла босыя ножкі пад фуфайку і адразу заснула. Бабка Максімчыха сядзела-сядзела, а потым і яе змарыў сон.

Пабудзіў іх брыгадзір Конаўка. Ён бегаў з пугай па грэчцы, выганяў кароў і лаяўся на ўсю ваколіцу. Выгнаўшы, падбег да малой і свіснуў пугай па голых ножках, што вылезлі з-пад фуфайкі.

— Разлягліся, як на курорце! Каровы грэчку здратавалі, а яны сабе спяць!

Ён памкнуўся да бабкі, замахнуўся і на яе пугай, але не ўдарыў.

— Не шкодзіла б і табе, старая, сперазаць разок, каб ведала, як трэба пасвіць!

Спалоханая Алеська ўскочыла і няўцямна пазірала навокал. На левай назе вышэй костачкі наліваўся чырванню пісяг ад пугі.

— Перапалохаў дзіця! Мяне трэба было спачатку разбудзіць, а не яе… пугай…

— А не трэба спаць, пастушкі такія! Зараз складу акт і будзеце плаціць за патраву грэчкі!

— Дзядзечка, не трэба плаціць! Тады мяне дома заб`юць. — Алеська, скінуўшы фуфайку, падбегла да брыгадзіра. Яе губы дрыжалі, з вачэй градам ліліся слёзы.

— Ён не будзе, ён проста пастрашыў. Мы просім дараваць, — тулячы маленькую да сябе, супакойвала бабка.

Вечарам, калі мачыха падаіла карову, усе павячэралі і ўжо збіраліся класціся спаць, раптам ёй у вочы кінулася, што на цвіку ля дзвярэй няма сіняй фуфайкі.

— А дзе гэта фуфайка? Яна ж заўсёды тут вісела. Акрамя мяне, ніхто не мае права яе браць!

— Я ў поле брала яшчэ раніцай, як было холадна… — Алеська ад страху амаль страціла голас. — А потым, як дзядзька брыгадзір набіў пугай, забылася пра яе, бо ўжо стала цёпла… Во як ён мяне набіў… — паказала крывавы пісяг на ножцы.

— Мала яшчэ ён табе даў! — узнялася з лавы мачыха. — Ідзі цяпер на поле і шукай фуфайку! Пакуль не знойдзеш — не вяртайся!

— То ўжо ж цёмна… Мне так страшна…

— Чорт цябе не возьме! Шукай, а то начаваць у хаце не будзеш!

— Татачка, хоць ты мяне пашкадуй…

— Ідзі і не марудзь! — Антось не мог слова сказаць насуперак жонцы.

Глытаючы слёзы, малая Алеська выйшла з двара. Ёй было невыносна крыўдна і балюча.

— Я ж не хацела губляць… Я ж незнарок… — шаптала ледзь чутна.

Скрыпнула суседская брамка, і на вуліцу выйшла бабка Максімчыха.

— Алеська, я нясу фуфайку… Ты забылася пра яе, а я вярнулася і забрала. Нясу вось… На цябе ўжо, можа, і сварыліся дома?

— Дзякуй, бабулечка, родненькая… Мяне ж выгналі ў цемру шукаць гэту апранатку…

Алеська падышла да старэнькай і прытуліла да яе грудзей сваю беленькую, як кветачка рамонкі, галоўку…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание