
Ілюстрацыйнае фота
А зараз на хвілінку ўявіце: заўтра для нас можа не наступіць. Чалавек проста не прачнецца. Усё, што застанецца, — апошні запіс на старонцы, час яго замацавання, момант, калі карыстальнік апошні раз наведваў свой акаўнт.
Аднойчы вечарам я корпаўся ў інтэрнэце. Штосьці шукаў. Знайшоў нататку пра тое, што нейкі матацыкліст, які рухаўся на жалезным кані з вялікай хуткасцю, збіў маладую пару. Называліся імёны загінулых — байкера і пешаходаў.
У той вечар хлопец зрабіў прапанову сваёй выбранніцы, тая пагадзілася. Напэўна, пераходзячы дарогу, яны абмяркоўвалі дату вяселля, планавалі будучыню…
Пра тое, што пара абмяркоўвала тым вечарам на дарожным пераходзе, не даведаецца ўжо ніхто… Смерць забрала тры жыцці ў тым змярканні. Трэцім быў малады байкер, якому ледзь споўнілася васямнаццаць.
Я заходзіў на яго старонку ў сацсетцы. Хтосьці пісаў спачуванні, іншыя злараднічалі, сыпалі праклёнамі ў адрас усіх матацыклістаў, выказвалі свае негатыўныя эмоцыі… Мяне ж прыцягнуў час, калі хлопец у апошні раз заходзіў да сябе на старонку УКантакце. У верхнім правым куце стаяў час — 23.30. Трагедыя здарылася ў 23.45. Прайшло ўсяго толькі пятнаццаць мінут, і ён навечна адышоў у іншы свет, пакінуўшы на памяць свае запісы, думы, цікавыя пасты тым, хто выпадкова ці не зазірне на яго старонку.
Сёння ў гэтай сацыяльнай сетцы існуюць своеасаблівыя могілкі, дзе замест крыжоў — «мёртвыя старонкі» вядомых і не вельмі асоб, нашых суайчыннікаў і тых, хто пажадаў пакінуць там на вечную памяць акаўнт свайго сябра, сваяка, знаёмага чалавека. Таго, хто з аватаркі працягне глядзець на наведвальнікаў вясёлымі, поўнымі жыцця вачамі.
Жыццё ідзе сваім парадкам. Час змяняе нас. І хто ведае, магчыма, заўтра наша старонка таксама асірацее.
Цікава, які будзе апошні запіс на ёй?
Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь