
Фота ebay
Раней было прынята вешаць ручнікі на абразы, рамкі з фотаздымкамі, вокны і сцены.
Сама дзяўчына апранута ў нацыянальны строй. Яна сядзіць за прасніцай і прадзе шарсцяную кудзелю, намотваючы нітку на верацяно.
На адваротным баку фотаздымка маецца надпіс па-польску. Указваецца, што гэтае фота ў Слоніме зрабіў Юзаф Шыманчык.

Фота ebay
Сучасны ўладальнік фота падпісаў, што фотаздымак датуецца 1915 годам.
Гісторык Васіль Герасімчык, аднак, лічыць, што фотаздымак быў зроблены значна пазней.
— Фотаздымак файны! Не сустракаў такога. Юзаф Шыманчык жыў у 1909-2003 гадах. І гэта, відавочна, яго здымак. Хутчэй за ўсё, ён зроблены ў Слонімскім музеі ў час нямецкай акупацыі, у 1943 годзе, якраз тады, калі музей размяшчаўся на вуліцы Паркавай, 42. Ён складаўся з трох заляў, адна з якіх была этнаграфічная. Якраз тая, дзе і сядзіць дзяўчына. Магчыма, гэта Надзея Гайдук, адна з супрацоўніц музея. У музеі на той час якраз у этнаграфічнай залі была і экспазіцыя пра вядомых беларускіх асобаў: Сапегу, Скарыну, Агінскага і Каліноўскага, — распавёў Васіль Герасімчык.
Даведачна
Юзаф Шыманчык (1909-2003) — вядомы беларускі фатограф. Ён пакінуў бясцэнную фатаграфічную спадчыну першай паловы XX стагоддзя.
Нарадзіўся ён у Косаве. Знаёмства з фотаапаратам змяніла яго жыццё. Шыманчык меў сваё фотаатэлье ў Косаве і Слоніме. Нейкі час майстар нават жыў з жонкай у цэнтры Слоніма. Тут загінула яго цяжарная жонка, калі выйшла на балкон і ён абваліўся. Пасля вайны фатограф жыў у Польшчы.