
Малюнак Яўгена Іванова
У сярэдзіне верасня калгасны слесар Віцька Шнюрок з аграгарадка Зіпунцы не прыйшоў дадому начаваць, а раніцай наступнага дня не з`явіўся і на работу ў калгасную майстэрню. Яго жонка Стэпка, худая, як смычок ад скрыпкі, стаяла з бабамі ля аўталаўкі, і яе ад страху біў калатун:
— Дзе ж яго грымоты падзелі?! Каб толькі сам, то чорт яго і бяры, але ж учора ў калгасе давалі зарплату. З грашамі знік…
— Кажаш так, усё адно як не шкадуеш мужыка, а яго мо дзе забілі і грошы ўкралі?
— А мо ў бальніцу трапіў, не пры вас кажучы, пакалечаны?
— Ой, бабы, а мо да палюбоўніцы збег? Я аднойчы недзе чула, што чалавек пайшоў на паляванне і прапаў. Цэлы тыдзень не было. Шукалі-шукалі, а ён, аказваецца, у далёкай вёсцы ў палюбоўніцы быў, каб ён не даждаў!
Бабы разважалі і так, і гэтак, даючы Стэпцы розныя парады.
— Няма ў бальніцы, я званіла, — запэўніла яна. — А што да палюбоўніцы, то гэта не пра майго Віцьку. Ён такі цяльпук, што каб я сама некалі да яго ў хату не прыйшла ды не прапанавала свае паслугі, то і не ажаніўся б да гэтай пары.
У Зіпунцах быў перапалох. Да саменькага абеду бабы стаялі купкамі на вуліцы і не збіраліся разыходзіцца. А калі сонца выкацілася ў зеніт, у пачатку вуліцы з`явіўся чалавек. Ён хістаўся, левае рукаво пінжака было амаль што адарвана. Бабы ўтаропіліся ў яго і не зводзілі вачэй.
— Пэўна, Віцька?! — выказала меркаванне Зінка Камель. — Паклічце хто Стэпку, бо яна дадому пайшла.
Прыбегла Стэпка і стала як слуп. Яна не кінулася насустрач мужу са слязамі на вачах, не абняла яго, як гэта належыць жонцы пасля разлукі. Нават сінякі і драпіны на Віцькавым твары не зрабілі на яе ўражання.
— Дзе зарплата?! Паказвай кішэні, бо я табе зараз пакажу, век не забудзеш.
Віцька падышоў бліжэй і вывернуў кішэні портак і пінжака. Там была толькі шэрая падкладка і хлебныя крошкі.
— Сэрца ў цябе няма, Стэпка! Я ледзь жывы застаўся, а ты пра нейкія грошы пытаеш! Мяне ж учора вечарам, як ішоў з работы, іншапланецяне скралі!
— Як?!
— А дзе гэта было?!
— Авой, які жах! Бывае такое, бывае, я па тэлевізары чула…
Бабы абступілі Віцьку з усіх бакоў нібы касманаўта, што вярнуўся з арбіты.
— Як? Ды проста: спусцілі на дарогу сваю лятаючую талерку, выскачылі і ўвапхнулі мяне ў сярэдзіну. Не цырымоніліся, не пыталі, хачу я туды ці не.
— А што потым? — Стэпка ўжо не сварылася на мужа, пазірала на яго са спагадай.
— А потым… Лепш табе не ведаць, што было потым… Білі па-чорнаму. Рукаво, бачыш, адарвалі, сінякоў на твары насадзілі нямерана. А ўсё з-за таго, што я не хацеў аддаваць ім зарплату. Ды прыйшлося… Іх у той лятаючай талерцы было шмат, як груздоў у кошыку, а я ж адзін, сілы няроўныя.
— Ну, а далей?
— Далей, далей! Заперлі на нейкую невядомую планету. Там і трава расце, як у нас, і палеткі… Трактары глебу баранавалі, мабыць, азіміну сеяць збіраліся.
Урэшце, пярун іх ведае, што яны там хацелі рабіць. Але з механізатарамі, мусіць, туга. Адзін, той, што грошы адбіраў, відаць, іхні начальнік, пытае: «На трактары працаваць можаш? Правы ў цябе ёсць?» Кажу, і працаваць магу, і рамантаваць трактары ўмею, але ішачыць на вас не буду. Бедна, відаць, жывяце, раз грошы ў мяне адабралі. Той зноў мне пад рэбры як садане і мовіў: «Будзеш, нідзе не дзенешся! Ажэнім цябе з нашай бабай, самай прыгожай з усіх — Махруткай называецца». Прывялі бабу, а яна страшнейшая за цябе, Стэпка. Худая, як вятрак, нейкая зялёная. Ну вядома ж, іншапланецянка…
— Ты гавары, ды не загаворвайся! — Стэпка надзьмула тонкія вусны. — Знайшоў з кім мяне параўноўваць! З нейкай Махруткай!.. Ды я ў маладосці вунь якая прыгожая была! Ці не праўда, бабы?
— Праўда!
— Анягож.
— І цяпер за тую Махрутку, пэўна, харашэйшая…
Наперабой гаманілі бабы. Адчулася салідарнасць.
— «У нас мнагажонства. Можаш да Махруткі яшчэ колькі дзевак падабраць, толькі не больш за трынаццаць», — дазволіў начальнік. Не хачу я ніякай вашай ні дзеўкі, ні бабы, крычу. Пусціце на Зямлю да маёй любай Стэпачкі! Яна ж недзе ўсё ў акно выглядвае, чакае мяне з зарплатай, каб вы не дачакаліся светлага дня, зялёнкі няшчасныя!
Стэпка захліпала носам, падышла да Віцькі і пагладзіла па лысай галаве.
— Гары яна сінім полымем, тая зарплата і тое рукаво, што табе адарвалі. І ўсё-ўсё… Абы ты жывы быў, саколік, абы здаровы. Скажы толькі, як жа цябе адпусцілі тыя нячысцікі, як ты на Зямлю трапіў?
— Ды добра і не памятаю… Прымусілі выпіць палову бутэлькі гарэлкі, увапхнулі ў лятаючую талерку, узняліся ў паветра. Потым адчынілі люк і піхнулі пад зад. Прачнуўся нядаўна, гляджу, а я ўжо на зямлі. Ногі ў рукі — і хуценька да цябе, мая Стэпачка.
Да грамады пад`ехаў на ровары суседскі хлапчук Алесь Канеўскі.
— Во, дзядзька Віця, вы ўжо тут, бо я хацеў цётцы Стэпцы сказаць, каб забрала вас. Еду гэта на ровары, гляджу, ляжыць у канаве ля дарогі наш сусед у непатрэбным выглядзе. П`яны як бот. Я будзіў-будзіў, ледзь дабудзіўся. А ён пралупіў вочы і кажа: «Ідзі адсюль, бо зараз як дам!» Думаю, пад халеру ты мне здаўся. Няхай цётка Стэпка з табой валэндаецца.
— Што ты разумееш, блазнота?! Чалавека іншапланецяне былі скралі, ледзь жывы застаўся, а ты тут вярзеш абы-што!
— Ага, я, аднак, бачыў: непадалёку ад дзядзькі Віці валяліся Сымон Ярнік і Васіль Мошкаў з суседніх Лупякоўцаў. Таксама, відаць, з космасу вярнуліся…
Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь