Наверх
Слоним
небольшой дождь
3 °C
Зельва
небольшой дождь
3 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
2 °C
Мосты
небольшой дождь
2 °C
Дятлово
небольшой дождь
2 °C
Барановичи
небольшой дождь
2 °C
EUR 2.3479
USD 2.1154
RUB(100) 3.3195
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Сыночак Ванечка

6 октября 2019 13:03
Поделиться:

Малюнак Яўгена Іванова

На жыццёвых скрыжаваннях

На зыходзе лета, калі ўжо была ўбрана з палеткаў збажына, калі многія птушкі адляталі ў вырай, вёску Малыя Вуглы абляцела навіна: Антось Дабрановіч пасватаўся да Ліды Журанка. Дзіўнага ў гэтым нічога не было, бо Антось удавец, сем гадоў як пахаваў жонку і адзін гадаваў сына Ваню, а Ліда — дзеўка-перастарак. Па нейкай прычыне ў маладосці замуж не выйшла, дасядзела да сарака гадоў і ўжо не думала пра сямейнае жыццё.

— Яна ж за яго старэйшая, — казала бабам Алена Капенька, якой да ўсяго была справа. — І потым… хлопец амаль дарослы. Невядома, як ён прыме мачыху ці будуць яны ладзіць паміж сабой.

— Будуць ці не будуць — гэта не наша справа. Тут каб у сваёй сям`і разабрацца, — спыніла яе Вера Мяцелька. — Ты ж вунь са сваімі грызешся штодзень, нявестку ды сына абзываеш усякімі словамі…

Гэта быў выбух, нібы ў бочку пораху ўкінулі запалку, бо Алена пра ўсіх любіла пляткарыць, а пра сваё і слухаць не хацела. Яна тут жа пераключылася на Веру. Змяшала ўсё ў кучу: і дзяцей, і бацькоў успомніла, і мужу дасталося. Вера павярнулася і пайшла, не рада была, што зачапіла.

Вёска чакала, бо сватаўство — гэта яшчэ не вяселле. Больш як месяц раздумвала Ліда, ці мяняць ёй сваё жыццё, і нарэшце вырашыла ісці замуж. Вяселля ніякага не рабілі, проста распісаліся ў сельсавеце — і ўсё.

Найцяжэй ёй было ўпершыню пераступіць парог мужавай хаты, сустрэцца твар у твар з Ванем. Яна села на табурэтку пры кухонным стале і не магла падняць вачэй.

— Мама Ліда, не саромейцеся, цяпер гэта і ваш дом таксама, — Ваня падышоў і паклаў ёй на плячо па-мужчынску дужую руку. — У мяне няма на вас ніякай крыўды ці непрыязнасці, бо не вы вінаваты, што я застаўся сіратой.

Ліда падняла на яго затуманеныя слязамі вочы:

— Дзякуй табе, сыночак…

Мінула крышку больш за год, як у сям`і Дабрановічаў нарадзілася маленькая дзяўчынка.

— Як назавем сястрычку? — спытала Ліда ў Вані. — Як ты скажаш, так і будзе.

— Я хачу, каб яна была Чэся, Часлава…

Чэся толькі-толькі навучылася хадзіць, як раптоўна памёр Антон. Прыйшоў з работы, прылёг адпачыць і больш не ўстаў. Інсульт… Ці трэба казаць, якое гэта было для сям`і гора? Ліда ўсё адно як адышла ад розуму:

— Сыночак, Ванечка, як жа я вас падыму на ногі, як уладкую ў жыцці, калі засталася адна-адзінюткая?!

— Чаму гэта адна? Я ж ужо дарослы. У армію не возьмуць, бо ад нараджэння маю слабы зрок. Хачу вывучыцца на масажыста і стану працаваць. А пакуль буду вучыцца, вы з Чэсяй як-небудзь пратрымаецеся. Маленькую можна ўладкаваць у яслі. Я буду добрым спецыялістам, вось убачыш, мама.

Так і зрабілі: маленькая пайшла ў яслі, а Ліда на работу ў калгасную кантору. Калі, бывала, дзяўчынка прастывала, з ёй сядзела бабка Міхайлаўна, што жыла па суседстве.

— Мама, трэба нам прадаць карову, бо табе адной цяжка спраўляцца з гаспадаркай. Свінні і куры няхай будуць, а карову прададзім.

— Сыночак, ці здолеем мы без яе пражыць?

— Яшчэ як здолеем! Твая зарплата, мая стыпендыя, пенсія на Чэсю. Да таго ж я на пару гадзін уладкаваўся даглядаць аднаго пажылога нямоглага мужчыну.

Яго сын добра плаціць. Сумяшчаю вучобу з работай. Не хвалюйся, я спраўляюся.

Пасля заканчэння медыцынскага вучылішча Ваню накіравалі працаваць у іхнюю раённую паліклініку. Лічы, з першых дзён аб ім пайшла добрая слава.

— А цябе, сынок, людзі хваляць, — сказала аднойчы Ліда. — Мне было так радасна гэта чуць. Дзякуй табе, родненькі… Толькі вось што думаю: ты хлопец прыгожы, відны і такі прыстойны, дзяўчаты ля цябе ўюцца як пчолы ля мёду. Ты ажэнішся, то як я адна вывучу Чэсю, выведу яе ў людзі? Сэрца мне, сыночак, часта баліць. Ездзіла да дактароў, і яны назначылі лячэнне. Каб хоць памагло…

— Мамачка, я табе абяцаю, пакуль наша Чэся не атрымае добрую спецыяльнасць, жаніцца не буду. Гэта справа пачакае.

Мінулі гады. Ваня працаваў, Чэся вырасла. А злая хвароба з`ядала Ліду.

Яе пахавалі вясной. А ў пачатку лета Ваня ішоў па калідоры раённай паліклінікі і зусім выпадкова ўбачыў каля гінекалагічнага кабінета ў чарзе жанчын сваю сястру. Узяў за руку, адвёў далей:

— Ты чаго тут, Чэська?

— Так… — апусціла яна вочы.

— Прызнавайся, бо я ж усё роўна даведаюся.

— Цяжарная я… Прыйшла на аборт…

— Вось што, ніякага аборту не будзе! Ды ты ж пакалечыш сябе, бо пасля першага аборту жанчына часта не можа мець дзяцей. А гэта трагедыя! Ра­зумееш?!

— А як мы будзем жыць? Мама памерла, я яшчэ толькі ў выпускным класе… Усе мары стаць масажысткай рухнуць…

— Не бойся, дурненькая, нічога не рухне. Народзіш дзіцятка, а школу закончыш праз год. Я пакіну кватэру ў райцэнтры і буду жыць з вамі дома. На работу стану дабірацца аўтобусам, а калі і на ровары. Падумаеш, сямнаццаць кіламетраў — гэта ж не адлегласць.

Чэся плакала, а ён туліў да сябе яе худзенькія плечы.

— Ты ж з-за нас тады і не ажэнішся…

— Усё адно як мама кажаш. Я ж некалі паабяцаў ёй, што пакуль ты не набудзеш спецыяльнасць, не пойдзеш на свой хлеб, то ніякай размовы пра жаніцьбу быць не можа. Нікуды тая жаніцьба не дзенецца, мне галоўнае, каб толькі ў цябе ўсё было добра…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание