Наверх
Слоним
пасмурно
10 °C
Зельва
пасмурно
10 °C
Волковыск
туман
9 °C
Мосты
туман
9 °C
Дятлово
туман
9 °C
Барановичи
пасмурно
10 °C
EUR 2.2613
USD 2.04
RUB(100) 3.1885
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Пра пакупку з разводам

8 октября 2019 11:23
Поделиться:

Ілюстрацыйнае фота pixabay

— Мужчынскі світар нікому не патрэбен? — пытае фэйсбучны сябар. — Купіў з сайта інтэрнэт-крамы, думаў, што падыдзе. Аказалася, занадта выцягнуты! Што мне цяпер з ім рабіць?

Побач ён прымацаваў здымак з тым самым злашчасным світарам, які, як выявілася, яму не па росце. З задавальненнем набыў бы сабе такі ж іншым разам. Яркі суперсучасны малюнак расплываўся па тканіне. Шэра-­блакітны тон вопраткі прыцягваў узяць выраб у рукі і хуценька накінуць на сябе. Але, прыгожы на фота, ён аказаўся на справе зусім непатрэбным праз непрактычнасць.

А вось яшчэ адзін выпадак. Мазыранін Н. вырашыў набыць тэлефон. На адной з інтэрнэт-пляцовак ён заказаў мадэль, якая яму спадабалася больш за ўсё. Калі ж атрымаў і распакаваў бандэроль, то, акрамя невялічкага пакеціка з пяском, больш нічога не знайшоў. У выніку на несумленнага ўладальніка сайта была заведзена крымінальная справа.

Але такіх даверлівых і наіўных, як мой прыяцель ці мазыранін Н., гатовых аддаць кроўна заробленыя грошы нячыстым на сумленне прадаўцам, на жаль, менш не становіцца. Кожны дзень мы рызыкуем быць падманутымі.

Сёння праз электронную пошту, тэлевізар, радыё, на вуліцы ці нават з парога кватэры нам прапануюць купіць абавязкова ў іх патрэбныя ў гаспадарцы тавары. Вядомыя выпадкі, калі аднойчы запытаўшы ў гугла пра цёплыя шкарпэткі, чалавеку зноў і зноў прыходзілі апавяшчэнні, дзе і як ён мог набыць танныя шкарпэткі. Рэклама магутным бясконцым патокам урываецца ў нашыя дамы нават тады, калі мы зусім яе не чакаем, прымушаючы неабароненага спажыўца тануць у свеце тавараў і паслуг.

На электроннай скрыні майго знаёмага змяшчаецца каля 40 тысяч непрачытаных паведамленняў. Амаль кожны дзень яму даводзіцца скрупулёзна сачыць за карэспандэнцыяй, прабіраючыся праз гушчар «Поздравляем, вы попали в группу счасливчиков. Учите иностранные языки выгодно…», «Уйти без скидки не получится…», «Как освоить итальянский язык и не делать домашние задания…», «Наконец-то! Вы ожидали этого предложения и мы решили…» і інш.
Бязлітасна ціснуць рэкламадаўцы сваімі ўчэпістымі нябачнымі рукамі на пачуцці, інстынкты, свядомасць. Не-не ды і пацягнецца рука трапіўшага ў пастку азарту набраць паказаны нумар на экране і замовіць тое, што распаліла апетыт. Пагадзіцеся, цяжка ўстаяць перад спакусай і не набыць фіксатар носа для суседа па ложку, які сваім храпам перашкаджае спаць, трусы для смартфона, каб пафарсіць перад сябрамі, ці жаночую футболку з валасатымі грудзьмі. А як вам накладныя кіпцюры для катоў, адзежа для чатырохлапых, універсальная развівальная цацка для малечы, «чароўная» сашчэпка для фокусаў, чахлы для падушак, што змяняюць колер, набор скавародак з непрыгарным пакрыццём па спецыяльным кошце?

Пры гэтым трапляюць у пастку нават тыя, хто, здавалася б, у курсе сучасных выкрунтасаў абалваньвання даверлівых людзей.

Я не фанат траціць безразважна грошы і пільна сачу, каб ніхто з родных не выкінуў на вецер рубель. Але аднойчы таксама стаў ахвярай такога «разводу». Гэта здарылася некалькі гадоў таму назад. Наша маладая сям`я востра адчувала патрэбу ў швейнай машынцы. Грошай, варта адзначыць, шмат не было, шукалі танней. А тут адпаведная рэклама па тэлевізары прайшла. Зацікавіліся. Патэлефанавалі. Нам аформілі заказ, і на працягу тыдня з паштовага аддзялення прынеслі ў скрыню апавяшчэнне пра тое, што наш заказ дастаўлены, заставалася толькі забраць. Стрымгалоў памчаў на пошту, молячы бога паспець да закрыцця. Паспеў. Вяртаўся дамоў акрылены.

Не знімаючы вопратку, з хваляваннем паспяшаўся адкрыць скрынку… Тое, што я ўбачыў, сапсавала настрой не толькі мне, але і маёй жонцы. Гэта было нешта! Нават простым вокам было заўважна, што прылада будзе нязручнай у эксплуатацыі. Мы глядзелі на малюпасенькае чароўнае стварэнне, вачам не даючы веры, што яно будзе калі-небудзь працаваць. Чамусьці ўспомніў словы бацькі, які любіў паўтараць, што добрую рэч не будуць рэкламаваць. Пацікавіўся, ці зможа мая каханая за ёй шыць. Жонка падбадзёрыла, запэўніўшы, што абавязкова будзе. Машынка сапраўды нейкім невядомым і дзіўным для мяне чынам шыла, але глядзець на працэс было немагчыма без болю і шкадавання.

Забараніць надакучлівай рэкламе трапляць да вас пакуль навучыліся часткова. Як сцвярджаюць камп`ютарныя геніі, можна набыць спецыяльную праграму, якая будзе блакаваць паступленне рэкламы праз інтэрнэт. А што рабіць, калі рэкламуюць тавар, ходзячы па кватэрах? Перш за ўсё, у кожнага з нас ёсць выбар: пускаць ці не, давяраць ці не надакучлівай рэкламе. Купляць тую ці іншую прыладу праз інтэрнэт, тэлевізар ці радыё — справа асабістая. Але, здзяйсняючы такія пакупкі, трэба быць гатовым да таго, што замест доўгачаканага світара ты можаш атрымаць мяшок, у якім схаваешся не толькі ты, а замест швейнай машынкі табе дашлюць запалкавы пачак. Заказваючы складаны прыбор праз пошту, варта псіхалагічна падрыхтаваць сябе, што рэч можа быць пабітай і няспраўнай.

Варта сказаць, што швейную машынку наша сям`я купіла іншую. Як мае быць вывучыўшы інтэрнэт, перагледзеўшы каля паўсотні розных сайтаў і спыніўшы свой выбар на ўпадабанай мадэлі, я папрасіў даставіць дарагую рэч на дом кур`ерам. Так мы засцераглі сябе ад розных непрадбачаных сюрпрызаў, праверылі наяўнасць і цэласнасць рэчы, а таксама збераглі сабе нервы. Швейная машынка была дастаўлена з Мінска ў нашу кватэру крыху са спазненнем, але мы не хваляваліся, бо нас папярэдзілі пра невялічкую затрымку па тэлефоне. Дарэчы, акрамя каштоўнай пакупкі, мы атрымалі яшчэ і назапашвальную карту для далейшых пакупак у гэтай інтэрнэт-краме.

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание