Наверх
Слоним
пасмурно
-4 °C
Зельва
пасмурно
-4 °C
Волковыск
пасмурно
-3 °C
Мосты
пасмурно
-3 °C
Дятлово
пасмурно
-3 °C
Барановичи
пасмурно
-4 °C
EUR 2.2685
USD 2.0501
RUB(100) 3.2216
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Вяршкі і карэньчыкі

20 октября 2019 9:47
Поделиться:

Малюнак Яўгена Іванова

На гарадок Вялікія Мышнякі паволі напаўзала цемра. Лянівае кастрычніцкае сонца яшчэ не апусцілася за гарызонт, а яна ўжо гаспадарыла і на вуліцах, і ў блізкім лесе, і на палетку, што акантоўваў гарадок з паўднёвага боку. Там былі агароды гара­джан, якія не мелі ўласных, бо жылі ў шматкватэрных дамах, ці, як яшчэ іх называлі, шпакоўнях. Бабка Казіміра Бярэзіна якраз і жыла ў адным з такіх. Тры гады назад яе перасялілі сюды сыны блізняты Васіль і Рыгор, што жылі ў Мінску і мелі там свой бізнес.

— Уперлі самахоць, у мяне не спытаўшы, — жалілася ўсім бабка. — А мне і ў вёсцы было добра. Мела свой агародзік, курэй трымала. Пенсія ў мяне немалая, бо шмат гадоў адпрацавала даяркай у калгасе. Дык жа не… уперлі. Кажуць: «Будзеш сядзець як у бога за пазухай, ні вады не трэба цягаць, ні дроў, ні з агародам кожную вясну ды восень валэндацца. Яшчэ і нас ад справы адрываеш, едзь памагай табе». А я ж без агароду не магу, бо як гэта сядзець склаўшы рукі? Дажыла да васьмідзесяці трох гадоў толькі таму, што працавала, інакш ужо даўно пайшла б да свайго Антося ў сасоннік…

Сусед бабкі інжынер аўтапарка Рыгор Самахвальчык — пяцідзесяцігадовы кавалер — чуў яе скаргі ўжо не першы раз, але не перабіваў, няхай пагаворыць, палегчыць душу. Вось і ў той вечар ён выгульваў свайго сабаку Рэкса, які быў велічынёй з рукавічку, і ўбачыў, як старэнькая цягнулася з агарода з пустым мяшком пад пахай.

— Чаму ж ураджаю не нясеш, Сцяпанаўна? — запытаў. — Ці настолькі аслабела, што не можаш? То я заўтра памагу.

— Не аслабела, сынок. Злодзеі мой ураджай паперлі, каб іх з вадой паперла, каб іх з вадой паперла. І вяршкі, і карэньчыкі… Буракі, моркву, капустку… А я ўсё думала, няхай падрасце агародніна, маразоў жа пакуль няма, пачакаю… Дачакалася… Ведаеш, так разнервавалася, што завярнулася ды пайшла.

Ды каб жа ўсё паперлі, а то патапталі, пабузавалі, каб іх саміх хто гэтак патаптаў, — бабка дастала з кішэні курткі насовачку ды выцерла слёзы. Голас яе дрыжаў ад крыўды. — Яны ж не толькі ў мяне крадуць, але і ў іншых, хто стары ды нямоглы. Мы ўжо хацелі ў міліцыю заяўляць, але потым перадумалі: у міліцыі і больш важных спраў хапае…

Бабка пашаркала да пад`езда, а Рыгор стаяў у роздуме, усё прыкідваў, як ёй дапамагчы? Як злавіць і пакараць злодзея? Ён ведаў, дзе агарод Сцяпанаўны, бо не раз дапамагаў ёй.
Завёў сабаку дадому, пакарміў, сам павячэраў, уключыў тэлевізар і чакаў ночы, калі злодзеі выходзяць на свой промысел.
Калі пераваліла за поўнач, апрануўся і пайшоў у бок агародаў. Церушыў дождж.

«Як для злодзея дык найлепшае надвор`е, — думаў па дарозе. — Злаўлю, не можа быць, каб не злавіў».

Дзьмуў халодны восеньскі вецер, ён і данёс шоргат з боку суседчынага агарода, што быў якраз каля дарогі. Рыгор пастаяў, прыслухаўся, а потым, сцішыўшы крокі, пачаў углядацца ў цемру. Злодзей яго не бачыў і не чуў, таму хадзіў па ўчастку смела, як па сваім уласным. Рваў буракі ды моркву, таму што нічога другога там не засталося. Потым заскрыпеў нож, значыць, зразаў качаны капусты.

— Ну што, добры ўраджай вырасціў? — мовіў Рыгор, падышоўшы бліжэй.

— Д-д-добры… — пачаў заікацца злодзей. Для яго было вялікай неспадзяванкай убачыць тут Рыгора.

— А, можа, гэта не твой ура­джай, га? Ты часам грады не пераблытаў?

Ён пазнаў Міхася Курылоўскага, што жыў у старой хаціне на ўскрайку іхняй вуліцы. Калі б за гультайства давалі прыз, то ў Міхася быў бы першы. Па гэтай прычыне і жонка яго прагнала з кватэры, што ў Мінску. Перабраўся ў бацькоўскую хату і жыў з пенсіі, палову якой прапіваў. Як казалі мясцовыя людзі, аб лоб Міхася можна было ваўкоў біць, такі ён быў дужы. Наколькі дужы, настолькі і гультай.

— Дык твой ці не твой ура­джай, пытаю? Гэта ты садзіў агародніну, даглядаў?

— Не-е-я, — голас дрыжаў і перарываўся. — Гэта агарод бабкі Казіміры.

— Часта тут прамышляеш?

— Другі раз… Рыгор Анатольевіч, не заяўляйце ў міліцыю і наогул нікому не кажыце, вельмі вас прашу!

— Не буду…

— Праўда?!

— Праўда. Бяры мяшок з агароднінай і пайшлі ў горад. Разбудзім бабку Казіміраўну, і ты аддасі ёй нарабаванае, пакаешся і папросіш дараваць. А потым перанясеш са сваёй сядзібы і тое, што ўкраў раней. Няхай адчы­ніць падвал, і ўсё ссыплеш туды. А заўтра табе будзе пакаранне. Я цяпер у водпуску, то папільную, каб яно выконвалася як след.

— А якое?

— Кажу ж, заўтра. І каб з дому ні нагой. Я прыйду гадзін у восем і ўсё скажу.

Раніцай на ўчастку бабкі Казіміры закіпела работа: зло­дзей адбываў пакаранне. Ён убраў і знёс у бабульчын падвал усю агародніну: буракі, моркву, капусту, прыбраў лісце. На гэта спатрэбілася паўдня. А потым Рыгор даў яму рыдлёўку і злодзей перакапаў увесь агарод. За дзень не ўправіўся, прыйшлося пацець два.

— Праца робіць чалавека высакародным. Чуў пра такое, Міхась? — нібы міліцыянер над пятнаццацісутачнікам, стаяў над ім Рыгор.

— Не чуў…

— Ну то ведай. І няхай дапільную ці хто скажа, што зноў палез у чужое, ці хто іншы з вашай гультайскай кагорты палезе, то будзеце не толькі агароды капаць, а і балоты ля возера Круглага асушваць. Я з вас вышмаргаю зладзейскую прывычку!

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание