
Фота з архіва сланімчанкі Святланы Рымашэўскай
На фотаздымак, надрукаваны ў мінулым нумары «ГС», адгукнулася наша чытачка Ірына Вількоўская, якая пазнала сярод медыцынскіх работнікаў сваю маці Вольгу Антонаўну Савошчык. Таксама Ірына пазнала іншых медсясцёр і санітарак на гэтым фота. Праўда, як прызналася субяседніца, імёны іх яна не ўспомніла.
— Фотаздымак гэты вельмі даўні. У маім сямейным архіве захоўваецца такі ж. Аднак убачыць яго ў газеце мне было вельмі і вельмі прыемна. Дзякуй вам, — сказала Ірына Вількоўская на развітанне.
Галіна Іванаўна Дземяшэвіч (Коўшук) пазнала на гэтым здымку сябе і сваіх калег.
— Калі не памыляюся, гэты здымак зроблены перад Дзераўноўскай участковай бальніцай у 1964-65 гадах. Спаборніцтвы сярод санітарных дружын праходзілі тады восенню, а медработнікі Дзераўной занялі ў конкурсе першае месца. Я тады працавала ў гэтай бальніцы старшай медсястрой. На фота самая высокая жанчына ў акулярах — гэта галоўны ўрач Валянціна Фёдараўна Падабед (Сцепаненка). У двух верхніх радах стаяць пераважна медсёстры, у ніжніх — санітарачкі. Справа ў ніжнім радзе ў хустцы стаіць Леакадзія Пазнякевіч, — расказала Галіна Іванаўна.
У рэдакцыю патэлефанавала Ніна Манкевіч, якая пазнала некалькі людзей на фота.
— Злева з другім радзе ў высокай шапцы стаіць Краснарадцава, за ёй медсястра Ніна Ермаловіч. З правага боку ў ніжнім радзе чацвёртая і пятая стаяць сяброўкі — санітаркі з дзіцячага аддзялення — Марыя і, здаецца, Глафіра. Але, магчыма, я памыляюся і яе звалі Клаўдзія. Абедзве гэтыя жанчыны ў хустках.
Гэта былі спаборніцтвы сандружын. Мала хто са здымка цяпер жывы, — распавяла Ніна Іванаўна.
Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь