
Малюнак Яўгена Іванова
— Каб табе, Міхась, скулу ў бок! І табе, Верка, таксама! — лаяўся дзед Антось Чаропка, седзячы ля акна гарадской кватэры. — Прыперлі мяне ў гэны Мінск, як усё адно д`яблу за пазуху засунулі! Вось дык сын, вось дык нявестачка! Ні людзей, ні дрэў, ні травы — нічагусенькі не бачу, вядома ж, на дзясятым паверсе. Машыны вунь нібы карабкі ад запалак туды-сюды сноўдаюцца, а людзі як мурашкі. Для вясковага чалавека гэта нейкае пекла дый годзе!
— Не бядуй, дзед, ты бліжэй да неба ўзабраўся, бо табе ж хутка назаўсёды туды перабірацца, — пажартаваў унук Сяргей.
— Не балбачы, няцямля, ты сапраўднай прычыны не ведаеш! — Міхась падцягнуў табурэтку бліжэй да акна і сеў побач з бацькам. — Мы ж, тата, прадалі ў вёсцы твой дом, каб далажыць да нашых грошай і купіць у Мінску кватэру, а то ўсё на прыватнай туліліся, шмат за яе плацілі.
— Не крыўдуйце, тата, прывыкнеце, гэта толькі напачатку ніякавата, — мовіла нявестка.
— Дзед, я цябе навучу інтэрнэтам карыстацца, — паабяцаў унук. — Я ж у дзясятым класе вучуся, то ведаю камп`ютар уздоўж і ўпоперак. Ды і на вуліцу можаш з`ехаць на ліфце. У парк схадзіць, на лавачцы пасядзець, у кіно там…
— У парк, у кіно, — перадражніў Антось. — Падхалеру мне ўсё гэта, калі ў вёсцы быў сапраўдны рай, а тут чыста пекла, ніводнага чалавечка не ведаю.
— Заўтра, як прыйду са школы і зраблю ўрокі, буду цябе прыбліжаць да інтэрнэта. Не можа
быць, каб нічога не цяміў у гэтай справе. Ты ж не такі стары яшчэ, шэсцьдзесят пяць гадоў маеш. Праз інтэрнэт табе адкрыецца цэлы свет. Навучу заходзіць на сайт знаёмстваў, кабету пекную сабе знойдзеш. Іх тут як жаб на балоце. І зажывеш цікава і весела, — паабяцаў унук.
— Каму я патрэбен, — засумняваўся дзед. — Пекныя кабеты ў такіх кавалерах, як я, не маюць патрэбы. Ім каб маладога ды багатага.
Антось і не спадзяваўся, што так хутка пасябруе з інтэрнэтам, так зацікавіцца ім. І Сяргей пахваліў за здольнасці, тым самым прыдаў дзеду яшчэ большага натхнення.
На сайце знаёмстваў, куды заходзіў без унукавай дапамогі, яму вельмі спадабалася. Людзей там — як у выхадны дзень на кірмашы. А найбольш кабет. І маладых, і пажылых. Антось нават заганарыўся, што ён адзін з іхніх Забэцькаў такі, як унук кажа, прасунуты.
— Трэба пазнаёміцца з якой бабай, — цвёрда вырашыў. — Калі ўжо мне прыйшлося тут кукаваць да скону дзён, то не сядзець жа як сава ў дупле, пазіраючы з верхатуры на людскі мурашнік. Як баба трапіцца даспадобы, то можам і ў кіно схадзіць, і ў тэатр, бо не аднаму ж туды сунуцца.
У Антося проста вочы разбягаліся, ніяк не мог выбраць адну-адзінюткую, бо навошта яму гарэм? Трэба, каб была не маладая, але і не старая, нібы які почарапак. Каб маладзейшая за яго, але не нашмат.
Нарэшце выбраў. На здымку была з прыгожай прычоскай, у сіняй сукенцы, якая ёй вельмі пасавала, з такімі ж сінімі каралямі на таўставатай шыі.
— Не надта каб прыгажуня, але ж і я не Ален Дэлон, — дзед быў самакрытычны. — Калі згодзіцца на сустрэчу, то будзе някепска.
Ён спісаў з манітора нумар тэлефона і на другі дзень пазваніў.
— Калі вы, дамачка, не супраць, то мы маглі б сустрэцца, — сказаў пасля прывітання. — Убачыў вашу фотку на сайце знаёмстваў і ўпадабаў…
Марыэта, так звалі кабету, ахвотна адгукнулася на прапанову сустрэцца. Толькі спытала, чаму Антось не выклаў на сайце знаёмстваў сваю фотакартку.
— А навошта? Сустрэнемся, тады і ўбачыце, які я ёсць.
— А можа вы мне не спадабаецеся?
— Авохці! Не спадабаюся! Вы, дамачка, ужо не ў тым узросце, каб перабіраць.
— Я зараз пакрыўджуся!
— Ды крыўдзіцеся колькі ўлезе, бо такога цвету па ўсяму свету, а мужчын, якія хацелі б пазнаёміцца, і не вельмі каб… Так што давайце не будзем траціць час, бо яго ў нас няшмат. Як кажуць у народзе, не на кірмаш едзем, а з кірмашу.
Дамовіліся сустрэцца на плошчы ля знака, дзе напісана адлегласць да ўсіх раённых цэнтраў.
Дзень выдаўся гарачы, і таму Антось надзеў сарочку з кароткімі рукавамі і завязаў гальштук.
— Дарэмна ты, дзед, гэту пятлю начапіў, — катэгарычна сказаў унук, які быў у курсе ягоных спраў.
— Так інтэлігентна!
— Не смяшы мяне! Гэта якраз і выдае тваё пралетарскае пахо-джанне, бо ў такую гарачыню ніхто гальштука не носіць. А зрэшты, як сабе хочаш. Ты ж ідзеш пакараць дамскае сэрца, а не я.
Пайшоў у гальштуку, бо што ўнук разумее? Хіба варта слухаць чалавека, які ходзіць у дзіравых джынсах нібыта бомж? І ён яшчэ будзе павучаць!
Ля знака стаялі нейкія маладыя людзі і гаварылі на замежнай мове. На якой — Антось не разумеў, бо не ведаў ніводнай. Неўзабаве кампанія пайшла, і ён застаўся адзін.
«Тырчу тут як ялавец пры дарозе! — падумаў са скрухай. — А яна, можа, стаіць непадалёку ды насміхаецца».
Прайшло некалькі хвілін, і да яго наблізілася Маня Кабачок з суседняй вёскі Ляскі.
— Во, Маня, а ты чаго тут? — здзівіўся.
— Нейкі стары пень назначыў мне спатканне, ды, відаць, забыўся. У старых жа гэдак…
— А ты з сайта знаёмстваў? Марыэта?
— Ну… Адкуль ведаеш?
— Дык гэта ж я назначыў. Але скажы, чаму ты Марыэта? І фотакартку чужую ўперла…
— Ды ўнучка ўперла чужую, бо гэна баба маладзейшая. І Марыэту ўнучка прыдумала. Я ж цяпер у іх жыву. Унучка кажа, што гэта за імя — Маня? Так на цябе ніхто не клюне. Іншая справа — Марыэта!..
Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь