Наверх
Слоним
ясно
5 °C
Зельва
ясно
5 °C
Волковыск
ясно
3 °C
Мосты
ясно
3 °C
Дятлово
ясно
3 °C
Барановичи
ясно
5 °C
EUR 2.7797
USD 2.5722
RUB(100) 3.3586
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 239,87 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Сустрэча ў Дзятлаве праз 15 гадоў

5 декабря 2019 15:51
Поделиться:
Паэт Леанід Дрйко-Майсю, выступае ў Дзятлаве перад школьнікамі СШ № 3к

Выступае паэт Леанід Дранько-Майсюк

27 лістапада пасля ўрокаў у актавай зале СШ №3 Дзятлава сабралася больш за сотню вучняў старэйшых класаў на запланаванае супрацоўнікамі школьнай бібліятэкі сумесна з настаўнікамі беларускай мовы мерапрыемства, прысвечанае 80-годдзю ўтварэння Дзятлаўскага раёна і Году малой радзімы.

Пачалі яго вядучыя Іван Губко і Дар`я Абражэй. Затым пасля песні «Зямля мая», спетай Алісай Харэвіч, па-майстэрску, нібы на конкурсе, дэкламаваліся вучнямі вершы беларускіх класікаў.

Хутка Людміла Казіміраўна Грынчук прадставіла прысутным спецыяльна запрошаных на гэта мерапрыемства гасцей: галоўнага рэдактара літаратурна-мастацкага часопіса «Верасень», паэта і барда Эдуарда Акуліна і знакамітага пісьменніка, паэта, аўтара тэкстаў многіх папулярных песень Леаніда Дранько-Майсюка.

Ён і пачаў сваё 20-хвіліннае выступленне-дыялог. З першых слоў зачараваў школьнікаў дасканалай мілагучнай беларускай мовай. Дзяўчынак называў прыгажунямі, а да юнакоў звяртаўся не інакш, як рыцары ці разумнікі, настаўляючы паводзіць сябе ў паўсядзённым жыцці адпаведна. Даступна і цікава распавёў пра шлях у паэзію, успомніў і прачытаў свой першы кароценькі верш, які яшчэ вучнем 4 класа прысвяціў сваёй аднакласніцы Ларысе.

Нагадаў пра супрацоўніцтва з народным артыстам Беларусі спеваком Анатолем Ярмоленкам, у рэпертуары якога шмат песень на словы выступоўцы. Па просьбе кагосьці з вучняў артыстычна прадэкламаваў словы «Полькі беларускай», што стала адной з любімых песень Ярмоленкі.

Вучні слухалі б і слухалі яшчэ, бо пявучая родная мова з вуснаў сапраўднага класіка зацікавіла, заваражыла слухачоў, але сваёй чаргі чакаў Эдуард Акулін.

У Дзятлаве вучням СШ № 3 спявае паэт-бард Эдуард Акулін

Эдуард Акулін спявае ў Дзятлаве свае песні вучням і настаўнікам СШ № 3

Ён з настальгіяй успомніў свой першы прыезд у Дзятлава ў гэту школу 15 гадоў таму назад. Адзначыў, што наш горад за гэты час стаў больш прывабным і прыгажэйшым, а вось аўдыторыя быццам бы і не змянілася. Тыя ж жыццярадасныя юныя хлопцы і дзяўчаты (твар у школы малады заўсёды).

Распавядаючы пра часопіс «Верасень», засяродзіў увагу на тым, што першыя чатыры літары ў яго назве ўтвараюць слова «вера», што выданне было заснавана Таварыствам беларускай мовы (ТБМ) у 2009 годзе і сёлета ў часопіса дзесяцігадовы юбілей, але галоўны рэдактар верыць, што будуць і больш значныя юбілеі.

На старонках «Верасня» друкуюцца творы як сталых майстроў слова, так і тых, хто робіць першыя крокі ў паэзіі ці прозе. На ўсю старонку змяшчаюцца фотаздымкі аўтараў і кароткая аўтабіяграфічная інфармацыя. Далей Эдуард Акулін паказаў некалькі нумароў гэтага выдання, дэманструючы фотаздымкі аўтараў і выказаў спадзяванне, што ў чарговых нумарах будуць надрукаваны і творы вучняў СШ №3 г.Дзятлава.

Пасля гэтага, узяўшы ў рукі гітару, Акулін заваражыў прысутных сваім мяккім лірычным голасам. Вучні слухалі з зачараваннем, пляскалі ў далоні, а прыпеў песні «Дзяўчына ў белым паліто» гучна падпявала ўся зала.

Напрыканцы гасцям уручылі сувеніры, выказалі словы падзякі і прасілі прыязджаць часцей. Літаратары падарылі для школьнай бібліятэкі некалькі нумароў «Верасня» ды прыспешылі ў раённую бібліятэку.

Здавён паэты знаходзяцца ў атмасферы таямнічасці, бо яны ўмеюць прымусіць словы скласціся ў сугучныя выразы, умеюць прыгожа выказваць запаветныя жаданні, лічацца чарадзеямі ці нават прарокамі. І хоць сёння тэлевізар, мабільнік, інтэрнэт перавярнулі свет, прафесія паэта, асабліва таленавітага, і надалей захоўвае арэол загадкавасці. На гэта ёсць прычыны, адна з іх найважнейшая: занятку гэтаму нельга навучыць нават таго, хто вельмі моцна хоча гэтага. Трэба мець талент.

Магчыма, таму ў раённай бібліятэцы гасцей з Мінска чакалі з нецярпеннем людзі старэйшага, паважанага ўзросту, сябры паэтычнай суполкі «Пралескі», аматары паэзіі і дзесяцікласнікі гарадской гімназіі. Усяго сабралася звыш 40 чалавек.

Пасля прадстаўлення гасцей, слова атрымаў Леанід Дранько-Майсюк, цікавы аповед якога пра шлях у паэзію з адступленнямі пра незабыўныя жыццёвыя сітуацыі, часам анекдатычныя, адразу ж захапіў увагу аўдыторыі.

Паўгадзінная прамова падмацоўвалася аўтарскімі вершамі і, здаецца, магла б доўжыцца не адну гадзіну, але, як і на папярэдняй сустрэчы, трэба было даць магчымасць паспяваць і нешта сказаць другому госцю.

Эдуард Акулін спачатку, канечне ж, як галоўны рэдактар, прарэкламаваў «Верасень», а затым, адчуваючы, чаго прагне аўдыторыя, гледзячы на гітару, узяў яе і стаў радаваць прысутных аўтарскімі песнямі. Закончыў свой міні-канцэрт, як і ў СШ №3, сваёй любімай — «Дзяўчына ў белым паліто».

Людзі з вялікім жыццёвым вопытам нібы на міг вярнуліся ў сваю маладосць, ахвотна ўсе разам спявалі прыпеў. Па настроі прысутных адчувалася, што яны гатовы быць тут яшчэ з гадзіну, але гасцям трэба было вяртацца ў сталіцу. Было зададзена некалькі пытанняў, а пасля адказу на іх літаратары атрымалі невялікія сувеніры, папоўнілі раённую бібліятэку двума нумарамі «Верасня» і сталі рыхтавацца да ад`езду.

Людзі разыходзіліся па хатах задаволеныя. Некаторыя дзякавалі гасцям і арганізатарам асабіста ды прасілі не забываць іх, запрашаць на такія сустрэчы ў наступны раз.

У адной дзятлаўчанкі ўнукі жывуць і вучацца ў Мінску. Беларускую мову ў іх выкладае сын Леаніда Дранько-Майсюка Васіль. Праз бацьку перадала яму вялікую падзяку і сувенір, бо яе ўнукі вельмі любяць родную мову і свайго настаўніка.

Фота з архіва аўтара

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание