Наверх
Слоним
переменная облачность
-1 °C
Зельва
переменная облачность
-1 °C
Волковыск
переменная облачность
0 °C
Мосты
переменная облачность
0 °C
Дятлово
переменная облачность
0 °C
Барановичи
небольшая облачность
-1 °C
EUR 2.345
USD 2.1156
RUB(100) 3.4188
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Рабіце дабро разумна

6 декабря 2019 16:27
Поделиться:
Каты

Каты. Ілюстрацыйнае фота

Распавесці пра праблему, якая даўно хвалявала мяне, падштурхнула свята, каторае пачынаючы з 1992 года адзначаецца міжнароднай супольнасцю штогод 10 кастрычніка і носіць назву «Сусветны дзень псіхічнага здароўя».

Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа напярэдадні гэтага дня падзялілася трывожнымі фактамі. Аказваецца, што кожны 4-5-ы чалавек пакутуе на псіхічныя растройствы, а кожны другі рызыкуе захварэць на іх на працягу свайго існавання. Таму спрыяе шалёны рытм сучаснага жыцця, пастаянныя нагрузкі, паток рознай, часам не праверанай і шакіруючай інфармацыі. Магчыма, таму людзі сталі больш спачувальнымі да катоў і сабак, а спагаду старым, хворым, нямоглым суайчыннікам гатовы часцей за ўсё праяўляць толькі на словах. Пры гэтым нярэдка спасылаюцца на Біблію, што сабакі і каты таксама істоты боскія, таму карміць і даглядаць бяздомных братоў сваіх меншых лічаць за шчасце.

Пытаннем, як стаць шчаслівым, чалавецтва задае шмат вякоў, хоць адказ на яго дадзены Хрыстом у Нагорнай пропаведзі: «Блаженны милостивые, ибо они помилованы будут».

Наконт важнасці спачування (аддавання) гавораць і ўсе традыцыйныя рэлігіі. Ды і псіхолагі канстатуюць: калі дабрата і здольнасць да суперажывання, спагадлівасць і эмацыйная пачуццёвасць выхаваны ў чалавека з дзяцінства, то ён вырастае значна больш развітым, мэтанакіраваным і шчаслівым, чым эмацыйна глухія людзі. З-за адсутнасці эмацыйнага слыху чалавек мае менш радасці ў жыцці, бо ён умее радавацца толькі за сябе.

Звыш дзесяці гадоў жыхары шматпавярховых дамоў на рагу вуліц Чырвонаармейскай і Перамогі ў Дзятлаве, ды і прахожыя, бо тут, праз двары, ляжаць сцежкі-дарожкі ў СШ №1, паліклініку, аўтастанцыю, царкву, на базар, становяцца сведкамі цырымоніі кармлення цэлай арміі катоў рознай масці, полу і ўзросту.

Пасярод двара стаіць падпяразаная фартухом кабета паважанага ўзросту з вялікай місай, напоўненай загадзя прыгатаваным фаршам, і торбай з кашэчымі далікатэсамі. Пры гэтым цырымонія «трапезы» заўсёды пачынаецца з уступнай прафілактычнай гутаркі.

«Кормчая» да кожнага звяртаецца па клічцы, некаторых дакарае за кашэчыя разборкі, каму выгаворвае за ўчарашні прагул, каму — што сядзіць з акрываўленай мордай, каго папярэджвае, што зарана стаў заляцацца і г. д.

А каты, падняўшы хвасты, хто жалобна мяўкае, нібы просячы прабачэння, хто лісліва трэцца каля ног, хто вінавата-панура сядзіць воддаль, чакаючы сваёй порцыі.

Далей ідзе раздача прыгатаванага корму прыкладна як у казцы «Сарока-варона кашку варыла». Пачакаўшы пасля апытання, ці ўсе наеліся, «лепшыя» на дэсерт атрымліваюць «кіцікэт», размарожаную кільку ці іншы прысмак. Цырымонія кармлення доўжыцца не менш за гадзіну. За гэты час дабрадзейка паспявае пагаварыць і з прахожымі, расказаць зацікаўленым пра радавод кожнага ката, пра яго звычкі, асаблівасці характару, прыгоды.

Некаторыя хваляць яе. Большасць праходзіць моўчкі. Самыя адважныя ўступаюць у палеміку наконт мэтазгоднасці такой «дабрачыннасці», але атрымліваюць такую здачу, што ў наступны раз пераходзяць у катэгорыю «маўчуноў» ці проста круцяць пальцам каля скроні.

Але найбольш такое кармленне прываблівае малодшых вучняў суседняй школы, якія ў гэты час праз наш двор вяртаюцца з заняткаў дахаты. Шкалярам падабаецца, як цёця, нібы настаўніца, гаворыць з катамі, вучыць іх, што ёсць магчымасць пагладзіць коцікаў, а самых рахманых узяць на рукі і падзяліцца з імі пячэннем, булачкамі ці вафляй, а пасля, гэтымі ж нямытымі рукамі, класці рэшткі прысмакаў у рот сабе ці сябру. Падчас такіх кантактаў малеча забывае пра рызыку здабыць блох, каросту ці іншую заразу.

Накормленыя ваські і муркі бягуць у падвалы дамоў, у пад`езды, дзіцячыя пясочніцы, кветнікі ці проста шукаюць мягчэйшую глебу на сцежках, каб справіць сваю натуральную патрэбу ці адрыгнуць лішкі не заўсёды якаснага фаршу. У выніку кветнікі ў дварах зніклі, дзіцячыя пясочніцы зараслі травой, на сцежках можна «паслізнуцца», у падвалах дамоў гойсаюць мышы — сытым коцікам не да іх. Дастаецца і шматлікім прыпаркаваным у дварах машынам. Летам пад імі добра хавацца ў цяньку ад спёкі і чакаць вячэры, а зімой грэцца на капотах ці нават пад імі (былі выпадкі, калі не ўсе выбіраліся з-пад іх жывымі). Але самае галоўнае, што кожная кашэчая асоба ўсе машыны меціць, і не адзін раз. Памечаныя мачой аўто, металёвыя дзверы пад`ездаў і кватэр хутка ржавеюць, у падвалах стаіць характэрны пах. Акрамя таго, падвалы ператвараюцца яшчэ і ў кашэчы радзільны дом.

Пасля таго, як насычаецца асноўны кантынгент, на недаетае з-за вуглоў збягаюцца бадзяжныя сабакі, а на стрэхах дамоў сядзяць каркаюць і спадзяюцца на ўдачу вароны, гракі ды іншыя птушкі.

Па начах вельмі часта мірна вячэраючая пад наглядам сваёй «настаўніцы-дабрадзейкі» кашэчая грамада ладзіць шматгадзінныя любоўныя разборкі з канцэртамі. Бывае, прачнуўшыся, слухаеш і ўспамінаеш рознае, але часцей за ўсё чамусьці радкі з твораў вялікага А.С. Пушкіна: «То как зверь она завоет, то заплачет как дитя». Праўда, у знакамітага генія зусім пра іншае, але чаго не прыйдзе ў галаву разбітага бяссонніцай чалавека.

Акадэмік Бехцераў, які прысвяціў сваю навуковую дзейнасць вывучэнню мозга, неяк заўважыў: вялікае шчасце памерці, не згубіўшы розуму, будзе дадзена толькі 20% людзей. Астатнія ператворацца ў злых ці наіўных маразматыкаў. Таму ўсялякую добрую справу трэба рабіць разумна. Каб не атрымалася, як у адной казцы, калі мужык, пасябраваўшы з мядзведзем, даверыў зверу аберагаць яго сон. Мядзведзь спачатку старанна адганяў назойлівую муху ад соннага падапечнага, а пасля, калі яму гэта надакучыла, узяў вялікі камень, каб не прамахнуцца, і з усяго маху забіў надакучлівае насякомае акурат на лбе чалавека.

Не магу, ды і не маю права сцвярджаць, да 20 ці 80 адсоткаў аднесці нашу «кормчую» катоў, бо зноў жа кіруюся запаветам са Святога Пісання: «Не судзі, ды не судзімы будзеце». Але лічу, што Усявышні стварыў чалавека як найвышэйшую каштоўнасць на гэтым свеце, надзяліў яго розумам і таму, у першую чаргу, трэба клапаціцца аб ім. Колькі ў нашы дні хворых людзей, у тым ліку і дзяцей, просяць дапамогі! Такое шырокае поле для дабрачыннасці.

А пра коцікаў і сабачак, выкінутых у двары, як цацкі, што надакучылі, цалкам падтрымліваю абаронцаў жывёл: перад тым, як завесці жывую істоту, трэба грунтоўна ўзважыць свае магчымасці і ўмовы, асабліва тым, хто жыве ў шматпавярховіках. Падабраўшы бяздомнага ката ці сабаку, у першую чаргу звярнуцца да ветэрынара, зрабіць прышчэпкі, а затым пакінуць сабе ці перадаць у клапатлівыя рукі. Калі гэта не атрымаецца, то абавязкова стэрылізаваць, каб пазбавіць магчымасці далей пладзіць армію бяздомнікаў.

Згодзен — гэта не гуманна. Таму буду ўдзячны ўсім, хто адгукнецца на мае разважанні з нейкімі парадамі ці з крытыкай. Але загадзя папярэджваю, што не прыму парады прымяняць супраць коцікаў паветраныя вінтоўкі, рагаткі, розную атруту і іншыя спосабы іх фізічнага вынішчэння, бо за іх гаротны стан нясе адказнасць чалавек.

Таму людзей трэба вучыць, прасіць і патрабаваць ад іх разумна і гуманна будаваць адносіны са сваімі братамі меншымі, а глухіх і ўпартых караць рублём.
Напрыклад, амаль ва ўсіх краінах Еўропы штрафы за падкормку бадзяжных жывёл вельмі істотныя, а ўсе хатнія каты і сабакі павінны мець пашпарты з адзнакамі аб штогадовых прышчэпках, ашыйнікі з чыпамі, нумарамі тэлефонаў гаспадароў. У гарадскіх кватэрах строга забаронена гадаваць больш за дзве галавы аднаго віду.

Усе гэтыя меры прывялі да таго, што ў сталіцы суседняй Літвы, Вільнюсе, дзе мне даводзіцца часта бываць, раней каля шматпавярховых гмахаў швэндаліся дзясяткі бяздомных катоў, а цяпер іх практычна няма. Праўда, там ёсць яшчэ і прытулкі для чацвераногіх бяздомнікаў.

Прашу лічыць гэты артыкул зваротам да новаабраных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 7-га склікання з прапановай ініцыяваць распрацоўку і прыняцце закона аб абыходжанні з бадзяжнымі жывёламі, а пакуль такога закона няма, супрацоўнікам санэпідстанцый, жылкамунгасаў і мясцовых уладаў, згодна з дзеючымі інструкцыямі, больш надзейна бараніць грамадства ад бяздумнай дабрачыннасці.

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание