Наверх
Слоним
пасмурно
17 °C
Зельва
пасмурно
17 °C
Волковыск
небольшой дождь
18 °C
Мосты
небольшой дождь
18 °C
Дятлово
небольшой дождь
18 °C
Барановичи
пасмурно
15 °C
EUR 2.7715
USD 2.5512
RUB(100) 3.3669
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 239,87 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Чалавек з рукзаком

8 декабря 2019 10:23
Поделиться:
Вера

Малюнак Яўгена Іванова

На жыццёвых скрыжаваннях

Вера сядзела на чыгуначным вакзале ў Лідзе і чакала начны цягнік на Мінск. У блакітнай сукенцы, што так пасавала да твару, у белых басаножках. Русая каса, кудзеркі валасоў, што спадалі на смуглы лоб, калі яна, нахіліўшыся, чытала кнігу, рабілі яе прыгожай.

За акном згушчаўся позні летні змрок. Пасажыраў у гэты час было няшмат, але раптам у залу чакання ўвайшлі маладыя хлопцы. Усе як адзін падстрыжаныя пад нулёўку, за плячамі рукзакі. Яны выстраіліся ў чаргу да буфета, а невысокі хударлявы з радзімкай на правай шчацэ нечакана выйшаў з чаргі і накіраваўся да Веры, кінуў на сядзенне зялёны рукзак.

— Як цябе завуць? — спытаў з усмешкай. — Я Алёша.

— Вось так адразу і знаёміцца?

— А ў мяне часу мала. Да раніцы пастаім тут, а потым паедзем у Архангельск. А наогул я з горада Гарадзец. Чула пра такі?

— Чула… Раз ты Алёша, то я Вера.

— А ты адкуль і куды едзеш?

— З далёкай вёскі. Апошнім аўтобусам прыехала на вакзал, каб на світанні ехаць у Мінск. Я ў інстытут паступаю.

— А я хачу стаць лётчыкам. З першага разу не паступіў, а як адслужу ў арміі, абавязкова паступлю. Вось пабачыш!

— Як жа я пабачу? Я дзе, а ты дзе…

— Дасі адрас, і напішу пісьмо, і, наогул, будзем перапісвацца, бо ты мне вельмі спадабалася.

— Можа, і будзем…

І не заўважылі, як да іх падышоў малады прыгожы капітан.

— Спаць, навабранец, спаць! — загадаў строга, і калі Алёшка, узяўшы рукзак, пайшоў, капітан сеў на яго месца.

Гутарылі да світання, а калі неба пачало святлець, устаў:

— Мне пара, Верачка. Спадзяюся, што мае хлопцы там не свавольнічалі.

Не паспеў капітан сысці з вачэй, як тут жа з`явіўся Алёшка.

— Дачакаўся-такі! — мовіў радасна. — Я ж павінен правесці цябе да цягніка і паабяцаць, што як толькі ўсталююся на месцы, адразу напішу. Чакай!

Аб`явілі пасадку, і Алёша ўзяў Верыну сумку, пайшлі на перон.

Ён стаяў, пакуль цягнік не крануўся з месца, а Вера глядзела ў акно, і раптам ёй стала так сумна, што не выказаць словамі. Нібыта ведала гэтага хлопца доўгі час, так прыкіпела душой.

«Любоў з першага погляду, ці што? — пакпіла з сябе. — Такі харошанькі…»

Пісьмы ад яго сталі прыхо­дзіць ледзь не кожны тыдзень. Прыслаў фотакартку, на якой ён у ваеннай форме. Яшчэ прыгажэйшы, чым быў.

Восенню пісьмаў не стала, і Вера проста не знаходзіла сабе месца. Яна працавала ў школе настаўніцай, паступіла на завочнае аддзяленне педінстытута, але гэта мала радавала. Было трывожна за Алёшку.

І нарэшце ён адгукнуўся: «Я буду служыць у Беларусі, непадалёку ад Полацка, — паведаміў. — Вельмі спадзяюся, што калі-небудзь ты да мяне прые­дзеш».

«Бачыш, спадзяецца… І з чаго гэта раптам?» — падумала.

Просьба гэта паўтаралася амаль у кожным пісьме, і яна напісала, што калі паспяхова здасць летнюю сесію, то прыедзе.

Колькі радасці было ў яго пісьме!

«Як адслужу, мы абавязкова пажэнімся, і я застануся ў Беларусі. Мне тут вельмі падабаецца».

Сесію здала, узяла білет на цягнік да Полацка. Алёша ведаў, калі яна прыедзе, і чакаў на КПП.

Дзяўчына проста не паверыла сваім вачам. Гэта быў зусім не той Алёшка, якога яна бачыла на лідскім вакзале і ад якога так чакала пісем. Ён падрос, узмужнеў. Не хлопец — мужчына.

Лёшка адпрасіўся ў камандзіра, і яны пайшлі на бераг невялікага азярца. Было горача, але не гэта даймала. Яна вельмі саромелася новага Алёшку. Везла яму розныя пачастункі: пячэнне, шакалад, каўбасу — але нават не асмелілася дастаць іх з сумкі.

Сядзелі і маўчалі. Ён усё спрабаваў загаварыць, распытваў то пра вучобу, то пра работу, а яна, апусціўшы вочы, адказвала некалькімі словамі і змаўкала. Ён не мог зразумець, што адбылося, а Вера не магла патлумачыць.

— Я паеду дадому… — сказала праз гадзіну. — Мне дадому трэба…

— Трэба, то едзь, што ж я магу зрабіць… — у яго голасе была і крыўда, і горыч разлукі.

Правёў у Полацк на цягнік, і яна хуценька пайшла ў вагон, хоць яшчэ магла пабыць на пероне. Была ўпэўнена, што Алёшка ўжо ніколі ёй не напіша, і злавала сама на сябе, што пакрыўдзіла добрага чалавека.

«Дурніца, усё адно як першакласніца, а не дзяўчына ў васямнаццаць гадоў. Саромеецца яна. То чаго тады перлася за свет?»

Але Вера памылілася. Пісьмы ад Алёшкі прыходзілі па-ранейшаму, і было ў іх столькі пяшчоты і ласкі, нават больш, чым раней. Але ўжо не пісаў, што застанецца ў Беларусі, што яны пажэняцца.

«Вядома, з такой ненадзейнай асобай не хоча звязваць свой лёс. Ды ў яго ж і мара ёсць: стаць лётчыкам», — з горыччу думала Вера.

Служба закончылася ў канцы шасцідзясятых, і Алёша паехаў у Расію.

«Яшчэ пачытаю падручнікі і буду паступаць», — паведаміў у пісьме. Пра сустрэчу больш ні слова.

«А я хутка замуж выйду», — зманіла, хоць ні пра які замуж яшчэ і размовы не было.

«Жадаю табе шчасця, Верачка!»

Праз паўтара года яна і сапраўды выйшла замуж. Не таму, што любіла, а таму, што любілі яе. А яна… Не было дня, каб не ўспамінала Алёшку, не сумавала па ім.
Жылося ёй нялёгка. Муж пачаў піць і біць, і Вера так дакарала сябе за дурную ўпартасць, з-за якой разышлася з Алёшкам.

Калі праз шэсць гадоў аўдавела, вырашыла пашукаць яго. Напісала пісьмо на дамашні адрас. Адказ прыйшоў хутка. Яго мама напісала, што Алёшка стаў лётчыкам і трагічна загінуў у мінулым годзе. Ён быў нежанаты…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание