
Малюнак Яўгена Іванова
— Каб цябе якая завала заваліла, каб ты не даждаў! — зеляпаніла на ўвесь надворак малая і худая як чапяла Сабіна Корчык, гледзячы ўслед свайму таўсматаму Макару, што, выбегшы з варот, праз выган шыбаваў да возера. За плячамі боўталася вудачка, а ў руцэ целяпалася пластмасавае вядзерца для рыбы. — Як працаваў, то ўсе выхадныя праседжваў на возеры, а цяпер, калі пайшоў на пенсію, ледзь не начуе там! — крычала, хоць Макар ужо быў далёка і не чуў. Затое чулі суседзі Валя і Мікіта Гарбейкі, якія ў сваім агародзе палолі грады.
— Не хвалюйся так, зараз рыбы табе прынясе. Ён жа самы заядлы рыбак у нашых Гірбенятах.
— Прынясе, а як жа, каб яго з вадой панесла! Бульбу на сотках трэба абганяць, дык ён і не думае, падвал трэба апратаць, бо не азірнешся, як новы ўраджай ссыпаць. Пра ўсё мне галава баліць, а не яму, пустадомку такому. Гэта рыбалка як усё адно кара нябесная, дый годзе.
— А мо на яго хто псоту навёў? — выказалася Валя. — Трэба табе падысці да бабкі Калаўроціхі ў Клябовічы, няхай паварожыць ды здыме тую псоту.
— І праўда, падыду…
— Калі псота, то яшчэ паўбяды, — разважала далей Валя. — А можа, у яго гены такія? Бацька Макара таксама быў заядлы рыбак. Ты замуж прыйшла з далёкай вёскі, то не ведаеш, а я ж памятаю.
— А што гэна такое — гены?
— Ну тое, што па спадчыне перадаецца. Нездарма ж у народзе прыдумалі: якое дрэва, такі і клін, які бацька такі і сын. Раз гены, то так яно ўжо і будзе, — Валя махнула рукой і нагнулася над градай з гуркамі.
— От жа вы, бабы, і дурныя! — Мікіта пачаў збіраць з баразны траву, што напалоў у цыбулі, і выносіць на абмежак сушыць. — Псота, гены… Не разумееце ні халеры, то і маўчалі б. Гэта ў Макара хобі такое — рыбалка.
— А што гэна такое?
— Але, што?
Сабіна і Валя ўставіліся на Мікіту.
— Цемната! Кнігі трэба чытаць. Хобі ёсць у кожнага чалавека, толькі не кожны пра гэта ведае.
— А ў мяне якое? — зацікавілася Сабіна.
— А ў вас, бабы, ва ўсіх аднолькавае: балбатаць па некалькі гадзін без супынку. Вы ж як сыдзецеся ля плоту ці на вуліцы, то пра ўсё забудзецеся: і пра гаспадарку, і пра мужыкоў, што сядзяць галодныя.
— Ну пра тваё хобі я не пытаю, але ж яно ёсць. Як толькі дзе зазвіняць бутэлькі, то і хобі праяўляецца. Ляцеў бы туды стрымгалоў, каб мяне побач не было! — Валя злосна зірнула на мужа.
— Ой, не кажы так, суседачка! Ён, бачыш, і грады з табой поле, не тое што мой недавярак.
— Ага, поле, бо паабяцала вечарам паставіць бутэльку віна, а так чорта ён палоў бы.
Валюхаючыся на калдобінах, да Сабініных варот прысунулася легкавая аўтамашына: прыехала з Мінска дачка Іра з зяцем Мішам, а з імі і ўнук Колька, які перайшоў у пяты клас. Усе яны былі ў адпачынку і збіраліся на мора, але вырашылі на дзянёк завітаць у вёску.
— Бабуля, а дзед дома? — пацікавіўся Колька.
— Халеру ён дома! На возеры недзе сядзіць.
— О, то я да яго пабягу і дадому паклічу.
— Пакліч, пакліч, я дзеду прывёз цудоўны падарунак, ён будзе вельмі рад.
— Які яшчэ падарунак? — насцярожылася Сабіна.
— Вудачку мадэльную. Не трэба пільнаваць, калі рыба клюне, ды падсякаць. Ужо як клюне, то не сарвецца.
— Ох, доля мая горкая! Было добра, а стане яшчэ лепш. Цяпер мо і начаваць дадому не будзе прыходзіць і ніякай работы па гаспадарцы рабіць. Ну, зусім ніякай…
Колька з дзедам не замарудзілі вярнуцца з возера. Макар як убачыў вудачку, абрадаваўся нібы малое дзіця, абняў зяця.
— Дагадзіў дык дагадзіў, Мішачка! Век не забуду!
Да вечара зяць абагнаў бульбу, дачка памагла мацеры прапалоць грады. Пераначавалі і назаўтра ранічкай паехалі. А Макар чуць свет зноў пацёгся на возера. Апрабоўваць новую вудачку.
Пасля полудня Сабіна пайшла паглядзець, колькі ж ён рыбы налавіў. Вудачка тырчала над вадой, а ў вядзерцы былі два малыя карасі. Макар, прылёгшы на траву, хроп як пшаніцу прадаўшы. І раптам у бабінай галаве ўзнікла добрая думка. Яна паціху сабрала вудачку і падалася дадому.
Праз якую гадзіну на надворак прыбег Макар. Ён быў устрывожаны.
— Нехта новую вуду ўкраў! Вядзерца пакінуў, а вуду ўкраў! Я крыху задрамаў, і вось на табе!
— Каб столькі і клопату, — не падзяліла яго трывогі Сабіна. — Ды, прынамсі, нічога дзіўнага: вудачка дарагая, то нехта і паквапіўся. Хоць дома будзеш часцей сутыкацца, што-кольвечы зробіш па гаспадарцы.
Макар, не заходзячы ў хату, узяў у пуні старую вуду і зноў падаўся на возера. Паабяцаў Сабіне:
— Знайду злодзея, вось пабачыш!
— Але ж, знойдзеш, — пасміхалася яна.
Макар кожны дзень хадзіў на возера, пільнаваў, хто з рыбакоў якой вудай ловіць. І аднойчы ўбачыў такую самую ў Кастуся Сініцы з суседняй вёскі Абадкі. Схапіў яе — і наўцёкі.
— Злодзей! — крычаў зніякавела Кастусю. — За такія выхадкі пад суд трэба аддаваць!
Але Кастусь дагнаў яго, бо быў маладзейшы і спрытнейшы, адабраў вуду і надаваў па вуху.
— Я сам купіў гэту вуду ў Маладзечне! — крыкнуў Макару, прыціснуўшы яго да зямлі.
Цямнейшы за навальнічную хмару прыцёгся бедны Макар дадому. Так перажываў з-за вуды, што Сабіна пашкадавала яго, палезла пад застрэшак пуні і дастала.
— На, каб табе дыхнуць не дало! — кінула рыбаку пад ногі. — Відаць, і праўда горш, чым зараза, гэнае хобі. Ад яго ніякай рады няма…