Наверх
Слоним
облачно с прояснениями
10 °C
Зельва
облачно с прояснениями
10 °C
Волковыск
пасмурно
8 °C
Мосты
пасмурно
8 °C
Дятлово
пасмурно
8 °C
Барановичи
пасмурно
10 °C
EUR 3.084
USD 2.6264
RUB(100) 3.3274
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Забыць пра іх — сябе забыць

22 декабря 2019 12:24
Поделиться:
Міхась Варанец

Міхась Варанец у Вільні на пахаванні Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў, 22.11.19

Сёння мы друкуем вытрымкі з артыкула слонімца Міхася Варанца пра пахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863 года ў Вільні 22 лістапада, сведкам якога ён быў.

Браты мае, мужыкі родныя.
З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць
мне да вас пісаці, і можа раз астатні.
Горка пакінуць зямельку
родную і цябе, дарагі мой народзе.
Грудзі застогнуць,
забаліць сэрца, – ды ня жаль зьгінуць
за тваю праўду…
Кастусь Каліноўскі

Вільня

Уладзімір Някляеў, Алесь Бяляцкі і Міхась Варанец на Кафедральнай плошчы ў Вільні

Складана перадаць эмоцыі, якія перапаўнялі кожнага ўдзельніка цырымоніі развітання з Кастусём Каліноўскім і яшчэ 19 паўстанцамі. Сотні бел-чырвона-белых сцягоў! Тысячы свабодных, годных людзей! У вольнай Вільні! І гучнае скандзіраванне: «Жыве Беларусь!», «Каго любіш? Люблю Беларусь!», «Слава героям! Героям слава!»

У тым ліку гучала: «Дзякуй, Летува!» Гэта быў дзякуй летувіскай уладзе за арганізацыю развітання на такім высокім узроўні, якое было ўрачыстае, але не казённае, было шчырае, людскае, чалавечае, гэта быў дзякуй летувіскай дзяржаве, летувіскаму народу, што мы, беларусы, маем магчымасць свабодна ўшанаваць сваіх герояў тут, у свабоднай Вільні.

Вільня 1

Анатоль Стручынскі-палітуцякач з Зэльвы і Міхась Варанец у Вільні

Было вельмі холадна. Працоўны дзень. І тым не меней шмат людзей! І многа-многа моладзі, і дзяўчат, жанчын! І гэта — у Вільні, куды патрэбны віза, грошы на праезд і на пражыццё і дзе якраз у гэтыя дні была мінусавая тэмпература і сцюдзёны вецер! І разумееш страх беларускіх уладаў: толькі дай «слабіну», і сотні тысяч вольных беларусаў выйдуць на вуліцы Менска, каб зрабіць сталіцу нашай краіны вольнай, каб зрабіць вольнай усю нашу краіну. Менавіта таму ўлады трымаюць у сакрэце змест інтэграцыйных дамоўленасцяў.

На жаль, не адбылася запланаваная сустрэча беларускіх удзельнікаў перапахавання паўстанцаў 1863 года з чальцамі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Запомніліся дзве сустрэчы з літоўцамі. Малады месціч* з універсітэцкай (праўда, тэхнічнай) адукацыяй, які свабодна валодае рускай і ангельскай мовамі, ад мяне даведаўся, хто такі Каліноўскі. 65-гадовы рабочы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, які каля гары Гедзіміна чакаў заканчэння цырымоніі, каб прыступіць да выканання сваіх працоўных абавязкаў, паказаў мне месца, дзе знайшлі парэшткі паўстанцаў, і сказаў, што пра Каліноўскага ён ведае са школы, і спытаўся ў мяне: «А Каліноўскі беларус ці паляк?» Нічога дзіўнага. У кожнага народа свае героі.

могілкі

Узгадаю гісторыка-паэтычны Рэквіем.

Вядоўца, гісторык Язэп Янушкевіч прэзентаваў дзве кніжкі, выдадзеныя адмыслова да 22.11.2019 — дня перапаховін парэшткаў 20 удзельнікаў нацыянальна-вызвольнага Паўстання, адшуканых у 2017-2018 гадах на гары Гедзіміна ў Вільні: Гісторыка-літаратурны зборнік «І першым паказаўся Каліноўскі» (аўтар Я.Янушкевіч) на беларускай, летувіскай**, польскай, украінскай, нямецкай, ангельскай і гішпанскай мовах. У зборніку змешчаны 7 нумароў першай беларускай газеты на беларускай мове «Мужыцкая праўда» і тры, таксама па-беларуску, «Лісты з-пад шыбеніцы» – гэта ўся публіцыстычная спадчына Кастуся Каліноўскага, якая засталася пасля ахвярнай смерці ў Вільні 10/22 сакавіка 1864 года праз павешанне расейскімі карнікамі легендарнага кіраўніка антыкаланіяльнага Паўстання. Другая кніжка — чацвёртае выданне фотаальбома «ПАРТРЭТЫ ПАЎСТАННЯ 1863-1865» (аўтары Я.Янушкевіч і ягоная дачка Каміла Янушкевічанка) на беларускай, летувіскай і польскай мовах.

музей

Язэп Янушкевіч падпісвае свае кнігі ў музеі тэатра і кіно

Спадар Янушкевіч з хваляваннем прачытаў свой нарыс «Спатканьне з Легендай», змешчаны ў кнізе «І першым паказаўся Каліноўскі», – праўдзівую гісторыю пра тое, як вясной 1984 года пачуў ад дзеда Мікалая, вахцёра філфака Белдзяржуніверсітэта, верш, які нібыта прачытаў людзям Кастусь Каліноўскі з ужо накінутай на шыю пятлёю:

Хай злыдні над намі
Скрыгічуць зубамі, –
Любі сваю ніву, свой край!
І колькі ёсць сілы
Да самай магілы –
Ары, барануй, засявай! ***

Не здолеў тады Язэп запярэчыць старому, маўляў, гэты верш узнік пазней.

Кафедральная плошча

На Кафедральнай плошчы

Потым быў эмацыйны, узнёслы выступ Уладзіміра Някляева, ягонае прызнанне, што зараз тут, у Вільні, ён шчаслівы, бо ў бачыў тут столькі беларусаў, што стагоддзямі чужынцы пераўтваралі наш край ваўкоў у край зайцоў і не дамагліся свайго і што гэта ці не самая важная падзея ў яго жыцці і ягоная сентэнцыя: паглядзіце на партрэты паўстанцаў і паглядзіце на твары беларускіх урадоўцаў… і ягоны заклік: «што ёсць моцы араць! Каб духам дацягнуцца да паўстанцаў!»
За 28 год незалежнай Рэспублікі Беларусь для аўтара гэтай нататкі самай знакавай падзеяй было прыняцце разам з сябрамі Беларускага згуртавання вайскоўцаў сімвалічнай вайсковай прысягі на вернасць беларускаму народу на плошчы Незалежнасці ў Менску 8 верасня 1992 года. Цяпер у мяне ёсць яшчэ адна знакавая дата — 22 лістапада 2019; Вільня.

Малітва

Малітва

Кастусь Каліноўскі і яго пабрацімы паказалі нам прыклад стойкасці і самаахвярнасці дзеля свайго народа.

Завершыць гэту нататку хачу словамі Язэпа Янушкевіча з кніжкі «І першым паказаўся Каліноўскі»: «ЗАБЫЦЬ ПРА ІХ — СЯБЕ ЗАБІЦЬ».

* месціч – жыхар месца (горада) Вільня
** Letuviski – аўтар кніжкі Язэп Янушкевіч лічыць, што дзеля таго, каб не было блытаніны з гістарычным тэрмінам «Літва» (і вытворных ад яго: «літовец-ліцьвін; літоўскі-ліцьвінскі» і г.д.), правільней ужываць у дачыненні да жыхароў Letuwy (Lietuva)тэрмін «letuvisy» – адпаведна іхняй саманазве.
*** з верша Янкі Купалы «Аратаму», 1908 г.

Фота з архіва аўтара

Наш канал в Telegram