Наверх
Слоним
ясно
7 °C
Зельва
ясно
7 °C
Волковыск
небольшая облачность
4 °C
Мосты
небольшая облачность
4 °C
Дятлово
небольшая облачность
4 °C
EUR 2.7943
USD 2.5846
RUB(100) 3.3569
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 239,87 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Чужое не сагрэе

12 января 2020 9:33
Поделиться:
На жыццёвых скрыжаваннях
Малюнак

Малюнак Яўгена Іванова

За два тыдні да Каляд Сымон і Анфіса Чарапкі закалолі парсюка. Вялікі вырас, кіль пад дзвесце. На другі дзень, калі сала і мяса астыла ў стопцы, Сымон сказаў:

— Трэба, каб ты заўтра завезла Антосю ў Маладзечна свежаніны. Сала, мяса, паляндвіцы пакладзём. Да аўтобуса я сумку паднясу, а ў горадзе з аўтавакзала возьмеш таксі.

— Ці ты не здурнеў?! Гэтулькі шмат свежаніны твайму брату, што нават таксі прыйдзецца наймаць?! Мы тут гарбаціліся цэлы год, кармілі-кармілі, а яму дармовенькае аддай!

— Чаму гэта дармовенькае? Ён жа два разы камбікорм прывозіў, і сенаваць мне памагаў, і дровы нарыхтоўваць. Забылася? Я і сам завёз бы, не прасіў тваёй ласкі, ды на работу трэба. А ты ж на пенсіі. Калі не хочаш, то так і скажы.

Анфіса ўспомніла, што швагер і сапраўды памагаў ім ва ўсякай рабоце. Нават прасіць не трэба было. Як выхадны, то і едзе на сваім легкавіку ў іхнія Рымавічы. Антось няхай сабе, можна і пачаставаць свежанінай, а вось ягоную жонку Аліну Анфіса не любіла са страшнай сілай. Гараджанку з сябе корчыць, а родам з суседняй вёскі Плескачы. Пашанцавала выйсці замуж за Антося, які даўно працаваў у горадзе і меў там кватэру. Доўга не жаніўся, нібыта спецыяльна чакаў, пакуль Анфіса развядзецца са сваім Ладакам. Каб хоць прыгожая ці працавітая, а то ні богу свечка, ні чорту качарга. Высокая, худая нібы верацяно, валасы рэдкія, нос тоўсты. Антось жа, наадварот, спрытны, сінявокі, кучаравы. От жа няма на свеце справядлівасці, ды і годзе!

Дзяцей у іх не было, і Аліна не ведала меры ва ўборах. Якіх толькі сукенак ды касцюмаў не насіла! І ўсё дарагое. Нават натуральнае футра мела, прыгожае, аб якім Анфіса нават марыць не магла. І ёй свежаніну, здабытую у такой карпатлівай працы? Даць, канешне, але ж не ўсю.

Каб не так балела душа, яна адразу не пайшла ў стопку, дзе Сымон накладваў у сумку сала і мяса.

— Я там паляндвіцы паклаў кілі са дзве, а мо і болей. У нас яшчэ шмат засталося.

Анфіса прамаўчала. Пастаяла, а потым падняла клятчастую сумку, з якой некалі ездзіла ў Польшчу, цягала тавары на продаж, і здзівілася:

— Навошта столькі?! Ён жа столькі не зарабіў!

— Дык што, ён, па-твойму, у заробках у брата быў?! — узвіўся Сымон. — А каб і нічога не дапамог, то я павінен яму даць, бо брат, родны чалавек. Ды што з табой гаварыць, хіба зразумееш? Скупянда, у цябе зімой снегу не выпрасіш!

Анфіса бразнула дзвярамі і пайшла са стопкі ў хату. Моўчкі прыгатавала вячэру, паставіла на стол, але сама есці не села ў знак пратэсту. Паказала мужу, што незадаволена. Толькі ён на гэта нуль увагі. Паеў і пайшоў спаць.

Заўтра ўсталі рана, бо аўтобус праз іхнюю вёску ішоў у восем гадзін, а да прыпынку трэба было крочыць больш як кіламетр.

Ледзь паспелі. Яны да прыпынку, а за імі адразу і аўтобус. Сымон занёс сумку ў салон, і Анфіса паехала.

Ехала і ўсю дарогу думала, як гэта скамбінаваць, каб не ўсю свежаніну аддаваць Антосю, а крыху прадаць.

«Хоць дарогу апраўдаю, — разважала сама сабе. — Мала таго, што выгадавала парсюка, то яшчэ і душыся, везучы».

Яна ўзяла таксі і паехала да самага дома. Ведала, што ў Антося якраз выхадны, і магла пазваніць, каб выйшаў і памог занесці, але ў галаве цвіком сядзела думка, як скамбінаваць.

Паставіла сумку на лаўку ля пад`езда і сама села. Было холадна, ціснуў марозік, але гэта яе мала турбавала.

«Прадам паляндвіцу, — вырашыла. — Хопіць ім і сала з мясам. Але каму прадаць?»

Па вуліцы ішоў малады прыгожы чалавек. Стройны, у карычневай куртцы. З барсеткай. Без шапкі.

— Мужчына! — аклікнула яго Анфіса. — Можа, хочаце купіць у мяне паляндвіцу? Свежая, дамашняя, нядаўна парсюка закалолі…

— Пакажыце.

— Во, — дастала з сумкі важкі кавалак паляндвіцы ў цэлафанавым пакеце. — Добрая, можаце не сумнявацца.

— Але ў мяне няма беларускіх грошай, толькі долары…

— Такой бяды, давайце долары.

— Пяцьдзясят, — расшпіліў барсетку і дастаў купюру. — Гэта, канешне, зашмат, але бярыце.

— То дзякуй, мужчынка! — радавалася Анфіса, што напала на такога няцямлю. Прыкінула, што на нашы грошы гэта цэлых сто рублёў, нават з гакам.

Аддала швагру свежаніну, крыху адпачыла, але за стол частавацца не села, хоць ён і запрашаў.

Не цярпелася хутчэй пайсці ў банк і абмяняць долары на беларускія рублі ды купіць што-небудзь для сябе. Свята ж надыходзіць, то хацелася абноўку.

Дабраўшыся да банка, падала касірцы пяцьдзясят долараў.

— Вы што, жанчына, з глузду з`ехалі?! — вылупіла тая вочы. — Гэта ж нават не фальшывая купюра, а фанцік, надрукаваны на прынтары. Дзе ўзялі?

— Дзе трэба! — адрэзала Анфіса і, падхапіўшы пустую сумку, падалася з банка.

А як жа, будзе яна спавядацца, дзе ўзяла! Падманулі яе як дурніцу, за нейкі фанцік аддала столькі паляндвіцы! Праўду кажуць: чужое не сагрэе…

Але фанцік не галоўнае. Баялася, каб у Сымона з Антосем калі не выйшла з гутаркі пра свежаніну, каб муж не спытаў у брата, ці смачная ж паляндвіца. А той скажа, што і ў вочы не бачыў ніякай паляндвіцы…

«Мо прызнацца Сымону? Ці маўчаць? Мо пранясе і падман не вылезе наверх?»

Праўда, што ніхто так дрэнна не зробіць чалавеку, як ён сам сабе…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание