Наверх
Слоним
ясно
-1 °C
Зельва
ясно
-1 °C
Волковыск
ясно
-0 °C
Мосты
ясно
0 °C
Дятлово
ясно
0 °C
Барановичи
ясно
-1 °C
EUR 2.3634
USD 2.1228
RUB(100) 3.4527
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

«Першыя саветы» на Слонімшчыне (верасень 1939 года – чэрвень 1941 года)

14 января 2020 10:01
Поделиться:
Дэпутаты

Дэпутаты Слонімшчыны падчас працы Народнага сходу. Фота з архіва аўтара

Пачатак у №1

Сход

Адначасова па ўсім Слонімскім уездзе ладзіліся сходы, на якіх кандыдаты агітавалі за ўласную асобу. Але гэта была толькі фармальнасць, бо звычайна па акрузе вылучалася адна асоба, без якой-небудзь альтэрнатывы. Сходы ж павінны былі засведчыць «дэмакратычнасць» савецкай сістэмы.

Перад іх правядзеннем хаты абыходзілі старшыня ці міліцыянер, заклікалі ўсіх дарослых прыняць удзел у паседжанні. Сход адкрываўся абвяшчэннем мэты сустрэчы, далей прадстаўляўся кандыдат. Ён распавядаў кароткія звесткі з біяграфіі. Звычайна гэта была асоба, якая жыла ў цяжкіх умовах, працавала на працы з нізкім гаробкам, неаднаразова арыштоўвалася ці затрымлівалася польскай паліцыяй. Сход заканчваўся пытаннем старшыні: «Хто супраць?» Далей імя кандыдата ўпісвалася ў выбарчы ліст, які называўся «Блок бальшавікоў і беспартыйных… камуністаў».

Аднак не заўсёды сходы праходзілі па загадзя вызначанай праграме. Так, 17 кастрычніка ў Слоніме адзін з іх быў сарваны. Гэта адбылося на выбарчай акрузе, дзе пражывалі татары. Сходам кіраваў старшыня абласной выбарчай камісіі таварыш Гірыловіч. Пасля заканчэння яго выступу, перад прадстаўленнем кандыдата ў дэпутаты, не­хта з прысутных крыкнуў на ўсю залю: «Пажар!» Усе людзі кінуліся да дзвярэй. Пасля агляду памяшкання было вызначана, што ніякага пажару не было. Выпадак быў расцэнены як правакацыя, а яго расследаваннем заняліся слонімскія чэкісты.

Выбары

22 кастрычніка ўжо з 6 гадзін раніцы былі адкрытыя выбарчыя ўчасткі, якія працавалі да 24 гадзін. У склад выбарчых камісій дадаткова былі ўключаныя прадстаўнікі НКУС і фронту, якія ахоўвалі ўчасткі ад магчымых правакацый, у сувязі з тым, што пачаўся рост незадаволенасці новымі ўладамі.

На ўчастку для галасавання пры ўваходзе звычайна месціўся грамафон. Тут жа маглі і пачаставаць. У другім пакоі ся­дзелі члены камісіі, якія выдавалі бюлетэнь для галасавання і накіроўвалі ў іншае памяшканне. Пасля атрымання бюлетэня прозвішча выбаршчыка пазначалі на лісце, каб па выніках выбараў вызначыць тых, хто ў іх не браў ўдзел і, адпаведна, каго можна было залічыць да ліку ворагаў дзяржаўнага ладу. У тэорыі выбаршчык галасаваў таемна, у кабінцы, але на практыцы нават у дадзены момант паводзіны чалавека адсочвала схаваная асоба. Бюлетэнь пасля запаўнення кідаўся ў выбарчую ўрну, унутры якой знаходзіўся яшчэ адзін схаваны чалавек і адсочваў тых, хто мог сапсаваць ліст або прагаласаваць не за адзінага кандыдата ад улады.

Усяго ў Заходняй Беларусі меўся 2763191 выбаршчык з іх прагаласавала 2672280 (у Слонімскім уездзе — 78401). Гэта значыць, яўка склала 96,71%. 2409522 (або 90,67%) прагаласавалі за кандыдатаў ад улады (іншых проста не было), 247245 (9,3%) — супраць. Несапраўднымі прызналі 14932 картак. Такім чынам, былі абраныя 927 дэлегатаў для беларускага Народнага сходу, з якіх 28 — па Слонімскім уездзе, пераважна ўдзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху: І. Дабрыян,
С. Жук, Ф. Кавалеўскі, М. Русецкая (Крупнік), М. Скок, К. Тарасюк і інш. Па сацыяльным становішчы гэта былі 563 сяляны, 197 працоўных, 141 інтэлігент і
26 батракоў. Мужчыны сярод іх складалі 804 асобы, жанчын было 123.

Народны сход

Беларускі Народны сход пачаў працу 28 кастрычніка ў беластоцкім Вялікім тэатры і доўжыўся да 30 кастрычніка. Яго адкрыў Сцяпан Францавіч Струх, найстарэйшы дэлегат, які меў 68 гадоў. Пасля быў абраны прэзідыум у складзе 40 асобаў, а таксама ганаровы прэзідыум, у які ўвайшлі Сталін (абвешчаны і ганаровым старшынёю), Молатаў, Варашылаў, Калінін, Кагановіч, Мікаян, Андрэеў, Хрушчоў, Жданаў, Швернік.

У першы дзень вызначылі наступны парадак працы: 1) справы дзяржаўнай улады на тэрыторыі Заходняй Беларусі; 2) далучэнне Заходняй Беларусі да СССР; 3) канфіскацыя памешчыцкай зямлі; 4) нацыяналізацыя вялікіх прамысловых прадпрыемстваў.

Асноўную частку адкрыў Сяргей Восіпавіч Прытыцкі, першы сакратар Цэнтральнага камітэта КПБ, з рэфератам на тэму пра дзяржаўную ўладу ў Заходняй Беларусі: «Страшна нават уявіць, у якой беднасці, у якой цямрэчы, у якім бяспраўі мы жылі. І гэта нягледзячы на тое, што народ Заходняй Беларусі — гэта народ добры, разумны, таленавіты».

29 кастрычніка сход прыняў дзве дэкларацыі. У першай з іх, якая датычыла дзяржаўнай улады ў Заходняй Беларусі, зазначалася, што «выражаючы нязломную волю і жаданне народаў Заходняй Беларусі, абвяшчае ўсталяванне над усёй тэрыторыяй Заходняй Беларусі савецкай улады». Другая была накіравана да кіраўніцтва СССР і БССР: «Уважаючы волю беларускага народа за найвышэйшае права, беларускі Народны сход пастанаўляе: прасіць Найвышэйшую раду БССР аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза і БССР, уз`яднаць беларускі народ у адной дзяржаве і палажыць тым самым канец падзелу беларускага народа».

Яшчэ дзве дэкларацыі — аб канфіскацыі маёмасці і зямлі памешчыкаў і перадачы ва ўласнасць дзяржавы банкаў, чыгунак, шахт — былі прынятыя 30 кастрычніка.

На заканчэнне была абрана Паўнамоцная камісія з 66 асобаў з мэтаю інфармавання ўрадаў БССР і СССР з рашэннямі сходу. У камісіі было і тры дэпутаты са Слонімшчыны: Б. Гуцэлевіч,

М. Серада і К. Тарасюк. Так скончыў працу Народны сход.

Далучэнне Заходняй Беларусі да БССР

У Маскве ж 31 кастрычніка — 2 лістапада Найвышэйшая Рада СССР займалася пытаннем заканадаўчага афармлення ўваходжання новых тэрыторый. 2 лістапада ёю быў прыняты закон «Аб далучэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз`яднанні яе з БССР». Затым 12 лістапада ў Мінску на ІІІ Надзвычайнай сесіі сабралася Найвышэйшая Рада БССР і 14 лістапада прыняла закон «Аб далучэнні Заходняй Беларусі да БССР». У другім пункце дакумента адзначалася: «Прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР і ўз`яднаць тым самым вялікі беларускі народ у адной беларускай дзяржаве».

Тады ж, 14 лістапада, адбыўся новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Заходняй Беларусі. Замест ранейшых ваяводстваў і ўездаў ствараліся вобласці і раёны. 4 снежня новы падзел быў зацверджаны. У складзе

БССР з`явіліся новыя пяць абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская.

15 студзеня 1940 года вобласці былі падзеленыя на раёны. У складзе Баранавіцкай вобласці былі ўтвораныя 26 адміністрацыйных адзінак, у тым ліку на тэрыторыі колішняга Слонімскага ўезда з`явіўся аднайменны раён, а таксама Быценьскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі і Казлоўшчынскі.

На 24 сакавіка 1940 года былі прызначаныя выбары дэпутатаў у Вярхоўны Савет СССР і БССР, а на 15 снежня — дэпутатаў сельскіх, раённых і абласных саветаў. Выбарчая кампанія стартавала 24 студзеня і суправаджалася пачаткам першых дэпартацый насельніцтва Заходняй Беларусі ў глыб Савецкага Саюза.

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание