Наверх
Слоним
пасмурно
2 °C
Зельва
пасмурно
2 °C
Волковыск
переменная облачность
2 °C
Мосты
переменная облачность
2 °C
Дятлово
переменная облачность
2 °C
Барановичи
пасмурно
1 °C
EUR 2.3885
USD 2.212
RUB(100) 3.4401
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Вароты шчасця

26 января 2020 9:38
Поделиться:
На жыццёвых скрыжаваннях
Малюнак

Малюнак Яўгена Іванова

Старая Маня Самоцька з аграгарадка Дабулешкі з самай вясны мела адну вялікую праблему. Суседская карова Мушка, ідучы з пашы, пачасала бок аб яе вароты і паваліла разам з шулам. Пасля гэтага на надворак пачалі забягаць сабакі, а калі гаспадыні недапільнуюць, то і козы з каровамі. Спачатку бабка спрабавала прымусіць гаспадара Мушкі Тадзіка Ларушку, каб зрабіў новыя вароты, раз яго жывёліна паламала, але Тадзік адмовіўся:

— Не мой гэта клопат, старая. Твае вароты, ты і бядуй. Я сваю Мушку не пасылаў, каб яна часала бок аб тваё гніллё. Зрабі новыя, моцныя, каб
ніхто не паламаў.

Лёгка сказаць — зрабі, а для Мані гэта задача няпростая. Жыла яна адна. Мужа пахавала шмат гадоў назад, дзяцей не мела. Людзі староннія зрабілі б, чаму ж не, але бабка была скупая і трэслася над кожнай капейкай, хоць пенсію мела немалую, бо шмат гадоў адпрацавала даяркай на калгаснай ферме. Для каго ціснула тыя грошы, і сама не ведала. Мабыць, такая скупая ўрадзілася.

Але вароты патрэбны, і ёй летам прыйшлося раскашэліцца. Доўга думала-меркавала, каму з вяскоўцаў дару­чыць гэту адказную справу, каб зрабіў добра, а не цяп-ляп. Нарэшце папрасіла Кастуся Карабочку, што жыў пасярод вёскі і працаваў у калгасе трактарыстам. Ён на ўсю ваколіцу славіўся акуратнасцю.
— Я табе, Кастусёк, грошы дам і за матэрыял, і за работу, толькі ўжо пастарайся, каб вароты былі дабротныя, — прасіла, як аб вельмі важнай справе.

Кастусь згадзіўся і, як меў вольную ад працы гадзіну, стараўся ад душы.

Да пачатку жніва вароты былі гатовы. Кастусь прымацаваў іх да новага шула, якое ўкапаў загадзя. На завесы павесіў, каб лёгка адчыняліся і зачыняліся. За работу не ўзяў са старой нічога, толькі за матэрыял.

Бабка была проста шчаслівая. Восенню, як быў убраны агарод і насталі халады, яна, пакарміўшы казу і курэй, сядала ля акна і любавалася дваровай абноўкай. Вароты былі беленькія, не раўнуючы, як вэлюм у маладой. Ёй здавалася, што кожны, хто ідзе па вуліцы, глядзіць на іх і зайздросціць.

Неўпрыкмет надышла зіма, а з ёй і свята Шчадруха. Для вясковых свавольнікаў, можна сказаць, гарачая пара. Яны здымалі з шулаў вароты і неслі іх абы-куды, галоўнае, каб далей ад гаспадаровай хаты. Гэта лічылася жартам, але бабцы Мані было не да жартаў.

— Вось як папруць і мае, што я тады буду рабіць? Дзе шукаць? А калі і знайду, то як дабавіць дадому?

Гэтыя думкі не пакідалі яе ўсе апошнія дні перад Шчадрухай. Вырашыла, што трэба і ноччу сядзець ля акна, бо марозам жа на дварэ не ўстаіш. І не спускаць з варотаў вачэй.

— Пазнаю свавольнікаў, быць не можа, каб не пазнала! — думала з надзеяй. — Ніхто ж чужы сюды не пойдзе, свае вясковыя будуць.

У другой палове ночы вясковая вуліца ажывілася. Туды-сюды шнюравалі дзецюкі з варотамі, але да яе сядзібы яшчэ не дабраліся. Маня нават устала з табурэткі, каб лепш разгледзець, бо не верылася, што яе двор абмінуць. Ноч была светлая. Убачыла, як два хлопцы падбеглі да варот, хутка знялі з завесаў. І вокам не паспела міргнуць, як павалаклі па вуліцы.

Старая высунулася на ганак, нават забыўшыся накі­нуць куртку, худзенькая, сагнутая, як вылушчаны гарохавы стручок, і закрычала:

— Пастаўце на месца, каб вы вочы пад лоб паставілі! Гэта ж навюткія вароты сперлі, каб з вас дух перла! — лаялася на ўсю вуліцу, але тыя толькі рагаталі.
Яна пазнала хлопцаў. Гэта былі Міхась Капач і Лёнік Жабінскі з другога канца вёскі.

— Ну пачакайце ж, нягоднікі! У зубах мне прынесяце гэныя вароты! Вам, маладым жарты, а мне як вытрываць…

Усю ноч Маня амаль не змружыла вачэй, а назаўтра ранічкай цяплей апранулася і пасунулася ў сельсавет да ўчастковага Сцяпанавіча. Расказала ўсё як на споведзі. Падрабязна. І як карова Мушка паламала вароты, і як марыла пра новыя, і як Кастусь паставіў іх, і як гэныя нягоднікі заперлі невядома куды.

— Памажыце, Сцяпанавіч, родненькі! Век не забуду! Я ведаю, хто іх спёр, толькі не ведаю куды. То няхай знойдуць, прынясуць і паставяць на месца.

— І знойдуць, і прынясуць, і паставяць на месца, не бядуйце, Марыя Сымонаўна. А яшчэ я ім прэмію выпішу за такія штучкі, — паабяцаў участковы.

— Прэмію?! — ад здзіўлення бабка ўстала з крэсла.

— Я жартую. Штраф ім будзе.

— О, гэта добра,Сцяпанавіч! — ухваліла. — Штраф, і каб найбольшы, каб другі раз не захацелася здымаць вароты ды рабіць іншае глупства.

— Думаю, не захочацца.

Зноў бабка заняла назіральны пункт ля акна і з хваляваннем чакала, калі ж яе вароты прывалакуць назад. І дачакалася. Пасля полудня Міхась з Лёнікам прыцягнулі-такі яе дабро і навесілі на завесы. А потым накіраваліся да ганку. Абабіўшы з ботаў снег венікам, што стаяў ля дзвярэй, нясмела пастукалі, пераступілі парог.

— Даруйце, бабка Марыя Сымонаўна! — залепяталі амаль разам. — Больш мы так рабіць не будзем…

— Гляньце, людцы добрыя, якія галаскі прарэзаліся ласкавыя! — з`едліва мовіла бабка. — Хто ж гэта навучыў вас ветлівасці?

— Участковы навучыў, — прамямліў Міхась. — Ён нам упаяў штраф.

— І не толькі нам, — дабавіў Лёнька, — а ўсім, хто ў той вечар нарабіў людзям шкоды.

— То вы ўжо, як будзе пытаць, скажыце, што мы прыходзілі і прасілі дараваць. Добра, бабка?

— Добра. І каб больш я вас каля сваіх варот не бачыла!

З таго часу ў Дабулешках цягаць вароты перасталі. Толькі дзеўкі на Шчадруху варожаць на кавалераў…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание