Наверх
Слоним
небольшой дождь
24 °C
Зельва
небольшой дождь
24 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
26 °C
Мосты
облачно с прояснениями
26 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
26 °C
Барановичи
небольшой дождь
23 °C
EUR 2.7445
USD 2.4016
RUB(100) 3.3919
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 246,78 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Слонімская бітва 15 чэрвеня 1764 года

11 февраля 2020 10:12
Поделиться:
Караль Ра­дзівіл

Караль Ра­дзівіл

У чэрвені 1764 года пад Слонімам адбылася бітва паміж войскамі Расійскай імперыі і віленскага ваяводы Караля Станіслава Радзівіла, уладальніка горада.

Падрыхтоўка да бою

У горад увайшлі 837 расійскіх салдат. Гэта былі 1-ы грэнадзёрскі (390 чал.) полк, роты лейб-керасірскага (117 чал.) і Разанскага карабінерскага (117 чал.) палкоў. Кавалерыю складалі казакі Данскога войска (50 чал.), сербскія (104 чал.) і венгерскія (59 чал.) гусары. Не паспелі яны як след пагаспадарыць у горадзе, як 11 чэрвеня Бок атрымаў паведамленне, што Караль Радзівіл на чале трохтысячнага войска, аснову якога складалі мясцовыя партызаны, ідзе на вызваленне Слоніма. Неадкладна быў накіраваны зварот аб дапамозе. У адказ з Барысава праз Мінск і Мір да Слоніма хуткім маршам ішоў 3-тысячны корпус князя Далгарукава і з-пад Нясвіжа выступіў 7-тысячны корпус князя Рэненкампфа.

бітва

Бок не стаў проста чакаць падыходу Караля Ра­дзівіла, а заняўся падрыхтоўкай будучага месца бітвы, размясціўшы свае сілы пры ўездзе ў горад з боку Брэсцкай шашы. Апісанне занятых пазіцый пакінуў князь Далгарукаў: «Горы, якія перад горадам, былі захопленыя 300 грэна­дзёрамі, і за малой колькасцю войска падзеленыя на роўныя часткі і пабудаваныя ў дзве шарэнгі, і ўзята было ад Агінскага з горада шэсць маленькіх гармат і пастаўленыя па гарах і дзве палкавыя гарматы, а кавалерыі адзін эскадрон кірасір быў за правым флангам на гары, а на левым баку карабінерскі эскадрон, якія так жа на часткі падзеленыя, каб непрыяцелю паказаць больш войска, а між тым чакаў сікурса (сікурс – з фр. падтрымка, дапамога) і хацеў атакаваць іх; а наперадзе былі гусары і казакі, правы фланг прымыкаў да маленькага балота, але дарога была да горада і плаціна, на якой пастаўлена сорак чалавек пры капітане і зроблены маленькі рэдут; на левым флангу была дарога і на той зроблены рэдут і пастаўлены пры афіцэры сорак чалавек; таксама і ў іншых прыстойных месцах расстаўленыя пікеты па гарах, а ў патрэбным выпадку эскадроны мае маглі іх сікусіраваць; а па тым баку горада мост, праз які чакаўся сікурс і куды накіраваныя былі абозы, пастаўлена каманда для прыкрыцця; на правым флангу камандаваў Апшэронскі секунд-маёр Сямынін, у сярэдзіне камандаваў падпалкоўнік Бок і пры ім маёр Маслаў з Кірасірскім эскадронам, на левым флангу падпалкоўнік Ланаў з 100 пяхотаю і эскадронам карабінерскім».

Як вынікае з рапарту Далгарукава, расійскія войскі размясціліся не толькі ў накірунку асноўнага ўдару, але і падрыхтаваліся да магчымага наступлення ў тыл, аб чым сведчыць план, складзены пасля бітвы і ў 1906 годзе надрукаваны ў гісторыі лейб-гвардыі грэнадзёрскага палка. І сапраўды, падчас бою кавалерыя Радзівіла паспрабавала зайсці ў тыл праціўніка. У дадатак, большую частку расійскай артылерыі склалі гарматы, забраныя ў князя Агінскага. Менавіта яны і вырашылі зыход бою, які адбыўся 15 (26 па н.ст.) чэрвеня 1764 года.

Бой

15 чэрвеня ў 8 гадзін раніцы перадавыя часткі войска Радзівіла, прыкладна каля тысячы чалавек лёгкай пяхоты сходу атакавалі пазіцыі расійскіх войскаў. Іх сустрэлі артылерыйскім агнём і карцеччу, што вымусіла адступіць. У Бока з`явілася магчымасць перайсці ў контрнаступленне, але, як апісвае Далгарукаў, «асцерагаючыся сысці з гор, каб не згубіць тылу, хоць для войска я небяспекі не меў, але асцерагаўся, каб горада не спаліў, і моста не спаліў і праз тое не перасек сікурса да мяне прыйсці». Магчыма, менавіта на гэта і разлічваў Караль Ра­дзівіл сваёй першай атакай, дзейнічаючы на жыўца, каб выманіць ворага з добра падрыхтаваных абарончых пазіцый. Гэта не спрацавала, і ў 9 гадзін партызаны «пане Каханку» пайшлі ў другую атаку, зноў адбітую.

У 11 гадзін, падцягнуўшы артылерыю, войскі Караля Радзівіла перайшлі ў трэцюю атаку. Пяхоту падтрымала і кавалерыя. Далгарукаў зазначаў: «я такой моцнай атакі ад іх не чакаў, але прычына таму кіраўніцтва замежных афіцэраў і генерала, і ўсё войска п`янае было». Ра­дзівілу ледзь не ўдалося адкінуць расійскія войскі з занятых пазіцый, калі Бок пайшоў на рызыку і зняў частку іх з пікетаў. Кавалерыя Радзівіла ўдарыла ў фланг, але была сустрэта артылерыйскім агнём і падмацаваннямі Далгарукава. Урэшце, і трэцяя атака была адбітая, нягледзячы на тое, што войскам Радзівілаў удалося прымусіць расійскіх казакоў разбегчыся і нават захапіць 9 гусараў венгерскага палка. Аднак калі надышоў вырашальны момант, артылерыя Ра­дзівіла была выведзена з бою, таму што засталося без пораху: «распаленыя снарады (агністыя кулі) запалілі яму мяшкі з порахам».

Далейшы бой губляў сэнс, бо Радзівіл пачаў атрымліваць звесткі пра падыход да праціўніка падмацаванняў. У 5 гадзін вечара пад Слонімам сканцэнтраваліся ўсе сілы Далгарукава, колькасць якіх перавышала войска Караля Радзівіла. На наступны дзень да іх далучыліся і войскі Рэненкампфа, які ў 7 гадзін раніцы 16 чэрвеня заняў горад.

Падпалкоўнік Бок у справаздачы адзначаў вырашальную ролю артылерыі ў баі за Слонім: «Выстраляна па непрыяцелю артылерыйскіх прыпасаў: ядраў 6, карцечы — 8, бомбаў — 30, зарадаў фузейных, патронаў — 7430, карцеч — 1620 зарадаў». Нездарма артылерысты ў якасці ўзнагароды атрымалі 100 рублёў.
Караль Радзівіл раніцай 16 чэрвеня пакінуў ваколіцы Слоніма, страціўшы забітымі 50 і палоннымі 5 чалавек. Усіх жа раненых ён забраў з сабою, адступаючы праз Быцень і Моталь, далей да Прыпяці: «Забіраючы на шляху вялікае мноства падводаў і разбураючы на пераправах масты», ён пераследаваўся войскамі Далгарукава і Рэненкампфа. Урэшце, Караль Радзівіл дабраўся да Асманскай імперыі і на некалькі гадоў вымушаны быў хавацца за мяжой. Яго ж уладанні, у тым ліку і Слонім, былі разрабаваныя.

25 лістапада адбылася каранацыя Станіслава Панятоўскага, які ўзяў сабе імя Аўгуст. Расійская імператрыца Кацярына ІІ пісала паслу ў Варшаве графу Мікалаю Паніну: «Віншую вас з каралём, якога мы зрабілі». Так прыйшоў да ўлады апошні кароль Рэчы Паспалітай, які праз 31 год падпіша акт аб адмове ад трона.

Фота з архіва аўтара

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание