Наверх
Слоним
небольшой дождь
25 °C
Зельва
небольшой дождь
25 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
26 °C
Мосты
облачно с прояснениями
26 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
26 °C
Барановичи
ясно
24 °C
EUR 2.7311
USD 2.4214
RUB(100) 3.4359
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 246,78 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Афганская вайна. Спроба крытычнага асэнсавання

23 февраля 2020 11:13
Поделиться:
каля помніка афганцам

15 лютага 2020 года ў Слоніме каля помніка афганцам

15 лютага была 31-я гадавіна з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Рэдакцыя «ГС» звярнулася да ўдзельніка той вайны слонімца Міхася Варанца з просьбай распавесці, як савецкія вайскоўцы ўспрынялі пачатак афганскай вайны і наогул пра атмасферу тых часоў у Савецкім Саюзе.

Даведка

Міхась Варанец

Міхась Варанец нарадзіўся ў 1958 годзе ў вёсцы Мікулічы Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. У 1979 годзе скончыў Данецкае ваенна-палітычнае вучылішча інжынерных войскаў. У 1982-1984 гадах служыў у Афганістане намеснікам камандзіра мотастралковай роты па палітычнай частцы. Маёр у адстаўцы. З 1993 года, пасля выхаду на пенсію, жыве ў Слоніме.

Цяпер агульнавядома, што рашэнне пра ўвод савецкіх войскаў у Дэмакратычную Рэспубліку Афганістан Палітбюро ЦК КПСС прыняла 12 снежня 1979 года, хоць старшыня Рэвалюцыйнага савета Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана, прэм`ер-міністр краіны Нур Мухамед Таракі і яго намеснік Хафізула Амін ужо з вясны 1979 года прасілі кіраўніцтва СССР аб прамой ваеннай інтэрвенцыі. Паводле міжнароднага права гэта была агрэсія з боку Савецкага Саюза, бо, па Статуту Арганізацыі Аб`яднаных Нацый, адна краіна можа звярнуцца па вайсковую дапамогу да другой у выпадку знешняй агрэсіі. На Афганістан ніхто не напаў, там ішла ўнутраная барацьба, між­усобіца. Восенню 1979 года Амін захапіў усе галоўныя пасады ў партыі і краіне, а Таракі задушылі падушкай. Раней, у красавіку 1978 года, Таракі і Амін здзейснілі дзяржаўны пераварот, забілі прэзідэнта Афганістана Мухамеда Дауда і ўсю яго сям`ю, а ў назве краіны да слова «Рэспубліка» дабавілі прыметнік «Дэмакратычная». Кончаныя крымінальнікі. Самым траваедным сярод названых асобаў быў Дауд, які ў 1973 годзе таксама здзейсніў дзяржаўны пераварот, але пакінуў жывым былога караля Афганістана Мухамеда Захір-шаха.

25 снежня 1979 года першыя падраздзяленні Савецкай Арміі перасеклі савецка-афганскую мяжу па пантонным мосце праз раку Амудар`я. Кіраўнік Афганістана Х.Амін выказаў савецкаму ўраду падзяку.

27 снежня 1979 года савецкія вайсковыя спецгрупы штурмам захапілі ўрадавую рэзідэнцыю Тадж-Бек у Кабуле і забілі Хафізулу Аміна.

вянок

Узносяць вянок. 15.02.20 у Слоніме

Было ўзрушэнне — не на нас напалі, а мы…

Я, як і ўсе савецкія людзі, даведаўся пра ўвод 29 снежня. Не скажу, што шок, але гэта была нечаканасць для мяне і, думаю, для пераважнай большасці савецкіх грамадзянаў. СССР жа за мір ва ўсім свеце! Савецкі Саюз — аплот міру і сацыялізму! І песні былі адпаведныя, кшталту «хотят ли русские войны, спросите вы у тишины…». А тут увялі войскі ў суседнюю дзяржаву, з якой мы былі ў сяброўскіх адносінах і якую прылічалі да «краінаў сацыялістычнай арыентацыі»?! Потым радыё, тэлебачанне, газеты, партыйныя лектары растлумачылі, што да чаго, і ўсё тая ж пераважная большасць савецкіх грамадзян, у тым ліку і я, паверылі, што ў Афганістане мы «абараняем паўднёвыя рубяжы нашай Радзімы». Але напачатку было ўзрушэнне, гэта была незвычайная падзея — не на нас напалі, а мы…

Вайна, узятая ў двукоссе

Роўна праз год пасля ўваходу Савецкай Арміі ў Афганістан мяне перавялі з касмадрома Байканур, дзе пачынаў афіцэрскую службу, у горад Ашхабад Туркестанскай вайсковай акругі намеснікам камандзіра вучэбнай мотастралковай роты па палітычнай частцы. Рота рыхтавала сяржантаў — камандзіраў аддзяленняў для службы ў складзе АКСВА (Абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў у Афганістане. — Рэд.). У акружной газеце ўжо тады былі публікацыі пра баявую падрыхтоўку, вучэнні ў падраздзяленнях АКСВА. У гэтых публікацыях слова бой бралася ў двукоссе, маўляў, вучэбны бой. А з аповедаў афіцэраў, якія там пабывалі, было вядома, што ў Афганістане пакрысе разгортваецца сапраўдная вайна.

Каля помніка

Каля помніка афганцам у Слоніме. 15.02.20

Эпідэмія

Вельмі ўразіла наступнае. У студзені 1982 года мяне адкамандзіравалі ў ашхабадскі вайсковы шпіталь. Там ляжалі сотні хворых на гепатыт (па-простаму — жаўтуха) салдат і сяржантаў з Афганістана, якіх адправілі сюды на лячэнне. Месцаў не хапала, і яны жылі ў палатках у спартанскіх умовах. Лячэнне абы-якое, кантролю амаль аніякага, бо вайсковыя медыкі былі перагружаны сваімі непасрэднымі абавязкамі. І народ пачаў разбягацца. Хтосьці па дзеўках, хтосьці тут жа, у Ашхабадзе, уладкаваўся працаваць на нейкае прадпрыемства ці на шабашку. Самыя смелыя паехалі на пабыўку дахаты. Гэта былі ў асноўным выхадцы з Сярэдняй Азіі і Каўказа. Той жа беларус так не зробіць, бо што ён дома скажа?! Гэта ж фактычна дэзерцірства. Вышэйшае начальства адкамандзіравала ў шпіталь некалькі афіцэраў, каб элементарна палічыць гэтых хворых, сабраць тых, хто збег. Устаноўка была такая: хто вяртаецца ў шпіталь, таму нічога не будзе. Так яно і было.

У 2011 годзе пры падтрымцы Міністэрства абароны Беларусі, Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і Гро­дзенскай абласной арганізацыі грамадскага аб`яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» выдадзена публіцыстычная, багата ілюстраваная кніга «Вдали, за рекой: Воины-интернационалисты Гродненской области в афганской войне 1979-1989». З гэтай кнігі я даведаўся, што восенню 1981 года ў 40-й арміі, якая была асновай АКСВА, выбухнула эпідэмія гепатыту і што сітуацыя была блізкай да крытычнай.

Такая савецкая рэчаіснасць

Прычына ўбачанага мною ў ашхабадскім шпіталі была ў тым, што хтосьці наверсе штосьці недадумаў, не прадбачыў такую колькасць хворых. Але не толькі ў гэтым. І пазней было падобнае. Падчас службы ў Афганістане салдаты і сяржанты маёй роты лячыліся ад жаўтухі ва ўзбекскім горадзе Тэрмезе, што ля самай савецка-афганскай мяжы, таксама у палатках, і там было тое самае — бардак і абы-якое лячэнне. Пазней я зразумеў, гэта — такая савецкая рэчаіснасць.

Ну, напрыклад, 1979 год, мірны час, Байканур. Космас — самае перадавое ў Савецкім Саюзе! «Зато мы делаем ракеты / И перекрыли Енисей, / А также в области балета / Мы впереди планеты всей». Папраўдзе, тады не ведаў гэтую песню, хоць напісана яна ў 1964 годзе. І вось у 1979-1980 гадах у сталіцы Байканура, горадзе Ленінску (70 тысяч жыхароў на той час), увесь гарадскі стадыён быў радамі-вуліцамі застаўлены жалезнымі вагончыкамі на дзве сям`і без аніякіх бытавых зручнасцяў, у якіх жылі афіцэры і прапаршчыкі. Жыхары Ленінска (вайскоўцы і іх сем`і, службоўцы Савецкай Арміі) стадыён называлі «Санцьяга» — па аналогіі са стадыёнам у сталіцы Чылі, дзе ў 1973 годзе цягам двух месяцаў быў канцлагер для інтэрніраваных праціўнікаў ваеннага рэжыму Аўгуста Піначэта. Зімой яшчэ так-сяк. А летам! Вагончыкі былі аднаслойныя. Жалеза так награвалася, што ўнутры была проста душагубка, у малых дзетак скура на твары лопалася ад перагравання. Названая жыллёвая праблема — не аб`ектыўныя цяжкасці на шляху пабудовы камуністычнага грамадства ў Савецкім Саюзе. Такая была завядзёнка ў СССР, такая, паўтаруся, савецкая рэчаіснасць. Найперш дбалі пра ракеты, а потым пра людзей.

Каля помніка 1

У Афганістан — добраахвотна-прымусова

У лютым 1982 года мне сказалі, што адпраўляюць у Афганістан. Загад ёсць загад. Атрымаў абходны лісток, разлічыўся з усімі службамі, і тады намеснік камандзіра палка па палітычнай частцы папрасіў напісаць рапарт, што я хачу служыць ў Афганістане. Мне гэта не спадабалася. Нейкая няшчырасць, двудушнасць. Служыць там, куды пашлюць, гэта абавязак афіцэра, урэшце, работа наша такая. Навошта рапарт?! Ну і жыццёвае разважанне было, забабон такі. Вернешся калекам? І што?! Сваёй рукой на сябе бяду наклікаў… Спачатку адмовіўся. Потым напісаў рапарт, бо нампаліт палка пажаліўся на сваю цяжкую долю, маўляў, напішаш рапарт ці не, усё роўна паедзеш у Афганістан, а мне непрыемнасці з-за цябе будуць.

Безумоўна, былі і тыя, хто па ўласнай ініцыятыве пісалі рапарты аб накіраванні ў Афганістан. Хтосьці з-за складу характару, а большасць такіх добраахвотнікаў былі сапраўдныя савецкія патрыёты ў харошым значэнні гэтага паняцця.

Злачынны бізнес

У другой палове 1981 года 14 чалавек з маёй роты ўвесь навучальны перыяд працавалі ў Ашхабадзе на фабрыцы, замест таго каб, у адпаведнасці з самым папулярным у Савецкай Арміі лозунгам У.І. Леніна, «учиться военному делу настоящим образом». Гэта дзікунства, злачынства — адпраўляць на вайну непадрыхтаваных юнакоў. Мне гэта вярэдзіла душу, псіхалагічна прыгнятала. Разумеў, што гэты бізнес «крышуе» камандаванне палка. У пачатку новага навучальнага перыяду камандзір роты вылічыў з месячнага грашовага забеспячэння курсантаў і сяржантаў пэўную суму на бытавыя прыналежнасці, а закупіў іх на меншую суму, прысабечыў 130 рублёў. Тут ужо я не вагаўся, што і як рабіць. Але «крыша» злачыннага бізнесу была яшчэ вышэй. Замест разбору са злачынцамі і злодзеямі мяне адкамандзіравалі ў шпіталь, а праз два месяцы я быў у Афганістане.

Салют

Салют у гонар воінаў-афганцаў у Слоніме 15.02.20

«Рускія сабакі. Жывымі мы не здамося!»

У Афганістан я трапіў з упэўненасцю, што абараняю паўднёвыя межы нашай Радзімы. А вярнуўся з іншымі думкамі. Там, у Афганістане, мяне асабліва ўразіў выпадак, калі пяцёра афганцаў у безнадзейнай для іх сітуацыі адмовіліся нам здацца ў палон, крыкнулі: «Рускія сабакі. Жывымі мы не здамося!» Я наўмысна спусціўся ў цясніну, куды ўпалі трупы. Гэта былі 15-16-гадовыя бязвусыя юнакі… У 1989 годзе я адмовіўся атрымліваць медаль «Ад удзячнага Афганскага народа».

За фасадам афіцыйных панегірыкаў…

Як і ў часы СССР, патрыятычнае выхаванне ў цяперашняй Беларусі падменена мілітарысцкім. Адно замест памерлых ветэранаў Другой сусветнай вайны ўладныя прапагандысты ўсё актыўней выкарыстоўваюць удзельнікаў вайны ў Афганістане. 15 лютага ў нашай краіне адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, які зацверджаны Указам Прэзідэнта Беларусі ў 1998 годзе. З боку ўладаў гучаць прыгожыя словы на адрас ветэранаў: інтэрнацыянальны абавязак; першымі паўсталі на барацьбу з міжнародным тэрарызмам; веліч подзвігу, мужнасць, гераізм; актыўная грамадзянская пазіцыя па выхаванні моладзі, падтрымцы міру і згоды ў грамадстве і да т.п.

Воін-інтэрнацыяналіст, вядома ж, гучыць лепей, чым акупант, лашчыць слых некаторых ветэранаў, якія добра абазнаныя ў вайсковай справе, але маладасведчаныя ў хітрасцях афіцыйнай ідэалогіі. Такія ветэраны не асэнсоўваюць крытычна ўдзел савецкіх войскаў у ганебнай, злачыннай афганскай авантуры, не асэнсоўваюць крытычна свой асабісты ўдзел у гэтай вайне.

Ёсць ветэраны пры пасадах, якія свядома спяваюць ва ўнісон з уладамі.

А што за фасадам афіцыйных панегірыкаў? Ва ўжо згаданай кнізе «Вдали, за рекой…» у спісе ўраджэнцаў і жыхароў Гродзенскай вобласці, якія ваявалі ў ДРА, няма жыхара Ваўкавыска, кавалера ордэна Чырвонай Зоркі і медаля «За адвагу» прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча.

Аўтуховіч не ходзіць на выбары, якія не лічыць выбарамі, не хавае перад высокімі начальнікамі сваіх поглядаў, змагаецца за ўсталяванне ў нашай краіне дэмакратычнага, справядлівага ладу жыцця. Прыкра, што кансультант кнігі, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Аляксандр Вітко не заступіўся за «няправільнага» афганца Аўтуховіча, у знак пратэсту не рвануў кашулю на грудзях і з воклічам «гонар маю!» не запатрабаваў зняць сваё прозвішча з вокладкі кнігі. Вядома, пра такія гісторыі дзецям у школах не расказваюць «правільныя» афганцы.

15 лютага 2020 года

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание