
Малюнак Яўгена Іванова
Мінуў тыдзень, як Тоня Жураўская прыехала лячыцца ад алкагалізму ў псіханеўралагічную бальніцу. У першыя ночы яна спала і не спала: то змружыць вочы і нібыта забудзецца, то прахопліваецца, прыслухоўваецца да падманлівай цішыні. У палаце не выключалі святла, дзвярэй у праёмах не было. Час ад часу па калідоры паволі і амаль нячутна, нібы здані, хадзілі псіхічна хворыя. Баялася прасіць у медсястры снатворную таблетку, думала, што як засне, то і не прачнецца.
На другі тыдзень яе разам з іншымі алкагалічкамі паслалі на работу ў карданажны цэх, дзе на дротасшывальных машынах сшывалі каробкі для абутку. Майстар падвёў да адной з такіх, паказаў, як працаваць. Нескладана, але патрэбна пільнасць.
Не паспела сшыць і некалькі каробак, як у цэх зайшла медсястра Наташа з іхняга аддзялення. Убачыўшы Тоню, падышла бліжэй:
— Жураўская, табе з сённяшняга дня назначана яшчэ адна працэдура, я забылася папярэдзіць. Так што пайшлі…
На дварэ быў моцны мароз, ён падганяў. Наперадзе жвава рыпела снегам маладая медсястра, а за ёй плялася Тоня.
Яна ж, напэўна, мая равесніца, думала Тоня. Так прыгожа абута і апранута. На спрытных ножках модныя боцікі з кароткімі халяўкамі. На белы халат накінута зімовае паліто з футравым каўняром… А я ў чым? Боты-прашчайкі сорак апошняга размеру, на галаве бэзавая пялёнка, апранута ў вялізную фуфайку. Для высокага чалавека было б як куртка, а для мяне як паліто.
Вось палячуся, не буду піць і куплю сабе такія ж боцікі і такое ж паліто… Зараблю і куплю! Гэта на наступную зіму, а цяпер буду адкладваць на чорныя лакіраваныя туфелькі, калі іх яшчэ ніхто не купіў у нашым райцэнтраўскім універмагу.
Гэтыя туфелькі Тоня аблюбавала даўно. Гладзіла бліскучы лак, круціла ў руках. Нават аднойчы памерала. Акурат яе размер. Так бы мовіць, блакітная мара… Але не да туфлікаў, калі грошы патрэбны былі на віно. Без яго нельга было жыць… І з ім нельга…
Яе ніхто не павіншаваў са святам 8 Сакавіка. Што заслужыла… Радавала толькі тое, што адразу пасля свята выпішуць. Не проста радавала, гэта было сапраўднае шчасце.
Адразу з аўтастанцыі пайшла ва ўнівермаг паглядзець, ці яшчэ стаяць лакіраваныя туфелькі. Яны былі! І размер той самы…
«Як жа іх тут захаваць, пакуль у мяне будуць грошы? — думала з хваляваннем. — Але не хутка будуць… Дзевяноста тры рублі доўгу, напазычаныя па ўсім гарадку. Па тры, па пяць, па дзесяць… І ўсё на віно…»
— Казіміраўна, а ці можна гэтыя туфелькі адкласці? — спытала ў знаёмай пажылой прадаўшчыцы.
— Надоўга?
— На два месяцы…
— На два месяцы? Ладна, вазьму грэх на душу, бо яны ўжо паўгода тут стаяць і ніхто не бярэ. Размер малы. А чаму на такі доўгі час адкладваеш?
— Не змагу раней…
— Добра, на два месяцы, але каб не больш.
Назаўтра Тоня пайшла на работу ў будаўнічую арганізацыю, з якой і паехала на лячэнне. Яе не звольнілі, ну як жа, па важнай прычыне адсутнічала. Лячылася ад алкагалізму і ад ганьбы…
Работа была цяжкая: загружаць і выгружаць шыфер, сырыя дошкі-саракоўкі, сеяць пясок на бетонным вузле і закідаць яго ў бетонамяшалку. Начамі прачыналася ад таго, што вельмі балелі рукі, не ведала, як іх пакласці, каб зноў заснуць. А на душы было так светла, такое шчасце напаўняла яе: «Я цвярозая! Дзякуй табе, Божа…»
Атрымала, так бы мовіць, першую зарплату, прыкінула: хопіць, каб аддаць частку доўгу, і крышку застанецца на пражыццё. А з другой зарплаты аддам астатні і куплю лакіраваныя туфелькі.
Нарэшце настаў дзень, калі яна з патрэбнай сумай грошай пайшла ва ўнівермаг:
— Казіміраўна, я прыйшла па абноўку!
— Добра. Чакае цябе твая абноўка, — кабета пайшла ў склад і прынесла каробку з лакіраванымі туфелькамі. — Ідзі на касу плаці. Пачакай жа… Ну як ты, Тонечка, спраўляешся?
Мудрая добрая жанчына не сказала з чым. Гарадок маленькі, тут не было сакрэтаў. І Тоніна тайнае захапленне, якое даўно стала яўным, таксама не сакрэт.
— Дзякуй, Казіміраўна, спраўляюся. І гэта такое шчасце!
Яна прыйшла дадому, адкрыла каробку, дастала туфелькі. Прытуліла да твару, і з вачэй пакаціліся слёзы.
Доўга сядзела і плакала, змываючы светлымі слязамі алкагольную атруту, якая ёй была паслана за невядома якія грахі. Гэта растлумачыць нельга, бо алкагалізм сам выбірае сабе ахвяру. І выблытацца з яго драпежных кіпцюроў вельмі цяжка…