
Слонімскія панэльныя шматпавярховікі на Брэсцкай вуліцы
Палову кошту цеплавой рэабілітацыі 20 старых шматпавярховікаў у Слоніме пагадзіліся прафінансаваць замежныя партнёры праекта «Пашырэнне ўстойлівага энергакарыстання».

Цеплавая мадэрнізацыя тут не была б лішняй
Другую палову выдаткаў на цеплавую мадэрнізацыю павінны панесці ўласнікі жылля на ўмовах 10-гадовай растэрміноўкі выплат згодна з прынятым у верасні 2019 года Указам №327 «Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў».
Спецыялісты падлічылі, што прыкладна 30 рублёў павінны будуць плаціць кожны месяц жыхары 2-пакаёўкі за цеплавую рэабілітацыю дома цягам 10 гадоў. На выхадзе чакаецца 40%-я эканомія платы за цяпло пасля вялікага капрамонту ці 15% — пасля малога (выбар за жыхарамі дома).
Карэспандэнт «ГС» 28 лютага на старой Брэсцкай вуліцы ў Слоніме пацікавіўся ў жыхаркі панэльнага шматпавярховіка, ці згодная яна была б плаціць такія грошы, каб у кватэры стала больш цёпла пры меншым расходзе цеплавой энергіі, а дом займеў больш прывабны выгляд.
— Гэта ў год патрэбна будзе плаціць 30 рублёў? — перапытала жанчына.
— Не, у месяц цягам 10 гадоў.
— Што вы! Ніхто з нашага дома не пагодзіцца плаціць штомесяц такія грошы 10 гадоў! Тут, лічы, адны пенсіянеры жывуць. Для нас гэта вялікія грошы, — падсумавала размову пенсіянерка.
Спадарыня Марыя прызналася, што чытала ўжо пра гэты пілотны праект у Слоніме, але сумняваецца, што гаспадары кватэр у панэльных шматпавярховіках пагодзяцца плаціць за іх мадэрнізацыю.
Тым часам панэльныя жылыя дамы 1980-1990-х гадоў пабудовы патрабуюць тэрміновага рамонту, перакананы ў Слонімскім ГУП ЖКГ. Мясцовыя ўлады цяпер якраз і плануюць правесці цеплавую мадэрнізацыю разам з капітальным рамонтам панэльных дамоў у Слоніме ў звязку з праектам. Павінны будуць зрабіць капітальны рамонт даху з уцяпленнем паддашкавых перакрыццяў, уцяпліць фасады і тэхнічныя паверхі, замяніць вокны ў месцах агульнага карыстання, добраўпарадкаваць новы цеплавузел з заменай інжынерных сетак з устаноўкай рэгулятараў і іншае.
Здавалася б, усё добра. Толькі гаспадары кватэр не хочуць плаціць. А каб пачаць мадэрнізацыю дома, патрэбна згода мінімум двух трэціх уласнікаў жылля.
Але такой згоды цяпер няма ні ў адным з 20-панэльных дамоў у Слоніме, якім патрэбна цеплавая мадэрнізацыя, прызнаўся на нарадзе па цеплавой мадэрнізацыі з удзелам СМІ старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч.
— Але я ўпэўнены, што нашы людзі ўмеюць лічыць, і нам проста патрэбна іх пераканаць удзельнічаць у праекце, — падсумаваў размову старшыня райвыканкама.
На тое, каб угаварыць уласнікаў мадэрнізаваць сваё жыллё, у слонімскіх уладаў ёсць максімум паўгода часу. Інакш інвестары могуць пайсці ў іншыя гарады, дзе ў гэтым зацікаўленыя.
60 млн. даляраў плануюць укласці ў беларускія гарады Гродзенскай і Магілёўскай абласцей Сусветны банк, Еўрапейскі інвестыцыйны банк і Глабальны экалагічны форум.
Усяго плануецца рэабілітаваць 250 жылых дамоў да 2025 года.