
Каля магілы Васіля і Клаўдзіі Супруноў у Слоніме
Магіла Супруноў
Даведка
Васіль Супрун (10 сакавіка 1926, в. Глоўсевічы на Слонімшчыне — 2 траўня 2007, Слонім) — ініцыятар заснавання і кіраўнік беларускага патрыятычнага моладзевага антысавецкага падполля ў 1946-1947 гадах на тэрыторыі Заходняй Беларусі (арганізацыя «Чайка»), паэт, краязнавец, археолаг.
Падчас вайны скончыў у Слоніме беларускую сямігодку, трохмесячныя настаўніцкія курсы, 2-і і 3-і класы Слонімскай настаўніцкай семінарыі.
29 верасня 1943 г. у «Баранавіцкай газеце» быў надрукаваны першы верш Супруна «Песня на чужыне». Пасля выгнання немцаў са Слоніма быў мабілізаваны на работу па аднаўленні чыгункі.
20 жніўня 1944 г. быў накіраваны дырэктарам Міжэвіцкай школы Слонімскага раёна. У 1946 г. скончыў Ганцавіцкую педагагічную вучэльню.
Узначальваў Цэнтр беларускага вызвольнага руху, які аб`ядноўваў слонімскія, баранавіцкія і берасцейскія суполкі.
6 чэрвеня 1947 г. быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў няволі і 5 гадоў пазбаўлення правоў.
16 чэрвеня 1956 г., згодна з пастановай Вярхоўнага Савета СССР, быў вызвалены з няволі і атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. Аднак рэабілітаваны не быў.
Агульны фотаздымак каля магілы
На могілках гучалі прамовы і ўспаміны пра Васіля Рыгоравіча. Сябры мясцовага дэмакратычнага згуртавання ўзгадалі, як у 1992 годзе Васіль Супрун падаваў прашэнне аб сваёй рэабілітацыі, але беларускія ўлады адмовілі яму ў гэтым.
10 сакавіка 2020 года Васілю Супруну споўнілася б 94 гады.
Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў і кніг па беларускай гісторыі і краязнаўстве, нястомны рупліўца на ніве беларускага Адраджэння, Васіль Супрун да канца жыцця заставаўся светлым чалавекам, мудрым і добрым настаўнікам для малодшых пакаленняў беларусаў і асабліва для землякоў.
Светлая памяць!
Фота з архіва Алеся МАСЮКА