Наверх
Слоним
переменная облачность
8 °C
Зельва
переменная облачность
8 °C
Волковыск
пасмурно
9 °C
Мосты
пасмурно
9 °C
Дятлово
пасмурно
9 °C
Барановичи
переменная облачность
8 °C
EUR 2.6172
USD 2.3986
RUB(100) 3.3424
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 246,78 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Цікавы юбілей

10 марта 2020 12:47
Поделиться:
Выпускнікі

Выпускнікі 1963 года. Фота https://valevka.schools.by

150 гадоў для планеты Зямля — толькі міг. Для чалавека жыццё прыкладна шасці-сямі пакаленняў, і лічба даволі прыгожая і значная.

З гісторыі далёкай і блізкай

Менавіта 150 гадоў прайшло з таго часу, калі ў вёсцы Валеўка Навагрудскага раёна напрыканцы 1869 года адчыніліся дзверы царкоўна-прыхадской двухгадовай школы. 30 сялянскіх дзяцей, пераважна хлопчыкі, атрымалі магчымасць навучыцца чытаць, пісаць, лічыць.

На Навагрудчыне гэта была другая пасля створанай значна раней падобнай школы магнатамі Храптовічамі ў Шчорсах. Навучанне ў той час вялося выключна на рускай мове. Школа ў Валеўцы прыпыняла сваю дзейнасць толькі падчас Першай сусветнай вайны, а ў 20-х гадах мінулага стагоддзя яна набыла статус сямігодкі і перайшла на польскую мову навучання
З восені 1939 года і да сённяшняга дня мова навучання ў гэтай школе — беларуская. У 1951 годзе школа становіцца дзесяцігодкай і ў Валеўцы пачынаецца будоўля двухпавярховага тыпавога будынка, светлыя і прасторныя класы якога ўжо ў верасні 1952 года прынялі звыш 400 вучняў.

Менавіта ў гэты перыяд педкалектыў школы папаўняецца новымі таленавітымі настаўнікамі, пераважна мужчынамі, і не толькі з вышэйшай адукацыяй, але і з вопытам удзелу ў баталіях Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ на нязгаслай хвалі радасці ад перамогі ў іх захавалася прага да новага, лепшага жыцця, творцамі якога ім і давялося стаць па волі лёсу. Яны не лічыліся з асабістым часам, аддаваліся цалкам працы на карысць школы на ўроках і пасля іх, шырока выкарыстоўвалі новыя нестандартныя метады і формы навучання і пазакласнай працы. Асаблівая ўвага надавалася краязнаўча-пошукавай працы.

Не звяртаючы ўвагі на адсутнасць на першых парах адмысловага турысцкага рыштунку, кожны клас, згодна з распрацаваным загадзя планам, на працягу навучальнага года здзяйсняў па некалькі экскурсій, пешых ці веласіпедных.

Выпускнікі  1

Выпускнікі Валеўскай школы 1953 года

Пра ўсё, што ўдавалася знайсці, даведацца падчас такіх вандровак, прыгожа афармлялася і захоўвалася спачатку ў піянерскім пакоі, а ў 1955 годзе было перададзена ў школьны краязнаўчы музей. Гэта быў першы ў Беларусі музей, створаны ў вясковай школе. У той перыяд турысцкія атрады школы становяцца пастаяннымі ўдзельнікамі і нярэдка пераможцамі абласных і рэспубліканскіх турзлётаў школьнікаў.

Школьнае лясніцтва і парк-дэндрарый

У канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя на тэрыторыі школы ствараецца парк-дэндрарый, арганізоўваецца школьнае лясніцтва, усталёўваецца традыцыя правядзення штогод вясной свята птушак з развешваннем 100-150 сінічнікаў, шпакоўняў, дуплянак на тэрыторыі школы, вёскі і на возеры Свіцязь, вынікова працуе школьная вытворчая брыгада з летнікамі працы і адпачынку (Валеўская СШ трапіла ў лік чатырох школ вобласці пад эксперымент пераходу на 11-гадовую праграму навучання, і ўжо ў 1962 годзе быў першы выпуск 11-класнікаў), закладаецца практыка правядзення школьных турзлётаў на возеры Свіцязь, а таксама шматлікіх іншых цікавых мерапрыемстваў.

Геаграфічна Валеўка размешчана на маляўнічых узгорках Навагрудскага ўзвышша, звязанага з імёнамі Адама Міцкевіча і Яна Чачота, Вінцэнта Каратынскага і Яна Булгака, побач з легендарным возерам Свіцязь і старажытным Навагрудкам. Дзякуючы цікавай і трохі нестандартнай працы мясцовай школы, установа набывае вядомасць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Парог школы не раз пераступалі вядомыя людзі, у ліку якіх былі пісьменнікі. Тут бывалі Якуб Колас і Пятрусь Броўка, Максім Танк і Пятро Глебка, Янка Брыль і Уладзімір Караткевіч, Уладзімір Калеснік і Фёдар Янкоўскі, украінец Максім Рыльскі і балгарын Георгій Вылчаў ды дзясяткі іншых.

Праца школы адзначаецца штогод рознымі кіруючымі ўстановамі адукацыі ад рана да Міністэрства асветы БССР, савецкімі і партыйнымі органамі. Школьны краязнаўчы музей і парк-дэндрарый становяцца лаўрэатамі ВДНГ СССР. Тром настаўнікам — Петрыкевічу М.Ф., Ускову В.Ф., Явосце Г.А. — прысвойваецца званне «Заслужаны настаўнік БССР».

Выдатнікамі народнай асветы становяцца восем чалавек, дзясяткі ўзнагароджваюцца граматамі самых высокіх устаноў. Прозвішча настаўніка беларускай мовы і літаратуры, аўтара некалькіх кніжак па школьным краязнаўстве і шматлікіх артыкулаў Урбановіча У.А. занесена ў раённую Кнігу Славы.

Сучасная школа

Сёння вучняў у Валеўскай школе крыху больш за сотню, але слаўныя традыцыі прадаўжаюцца. Амаль кожны год вучні гэтай школы становяцца пераможцамі ці прызёрамі раённых прадметных алімпіяд. У гэтым годзе, напрыклад, Юлія Лісіца заняла другое месяца на абласной алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры і цяпер рыхтуецца абараняць гонар Гродзенскай вобласці на рэспубліканскай алімпіядзе. Школьнаму музею прысвоена званне «народны», і ён прадаўжае папаўняцца экспанатамі. У парку-дэндрарыі расце каля 200 відаў дрэў і кустоў, але відавы склад большае.

Сёння педкалектыў школы налічвае 27 настаўнікаў, 10 з якіх — былыя выпускнікі, два — выдатнікі народнай асветы, у кожнага педагога дзясяткі розных грамат, пахвальных лістоў, падзяк.

Школа вельмі грунтоўна рыхтавалася да свайго юбілею. На святочную цырымонію былі запрошаны выпускнікі розных гадоў. Сярод іх выкладчыкі ВНУ, кіраўнікі розных устаноў, настаўнікі, журналісты, ваенныя, медыкі. Адгукнуліся на запрашэнне старшыня Навагрудскага РВК Сяргей Федчанка і яго намесніца Святлана Каралько, загадчыца ўпраўлення адукацыі і старшыня РК прафсаюза настаўнікаў, кіраўнікі мясцовага калгаса і санаторыя «Свіцязь», старшыня Валеўскага сельсавета і ляснічы Свіцязянскага лясніцтва (два апошнія — былыя выпускнікі школы-юбіляра).

Свята

Святочная імпрэза ў актавай зале навучальнай установы пачалася гімнам Валеўскай школы, які спявалі стоячы амаль усе прысутныя. Віншаванні гасцей чаргаваліся з нумарамі мастацкай самадзейнасці. Вучні і настаўнікі прыгожа спявалі, танчылі, чыталі вершы. Хвілінай маўчання ўспомнілі ўсіх настаўнікаў, што адышлі ў вечнасць.

Школа ў гонар свайго юбілею атрымала дзясяткі падарункаў (тэлевізар, ноўтбук, мотакасу, спортінвентар, камп`ютар, кнігі і да т. п.). Многія настаўнікі былі ўзнагароджаны граматамі раённых уладаў, раённага і абласнога ўпраўлення адукацыі.

Усё мерапрыемства вялося на прыгожай роднай мове, доўжылася больш за дзве гадзіны, але праляцела імгненна. На гэтыя дзве гадзіны я нібыта трапіў у сваё дзяцінства, памяць вяртала то адно, то другое даўно забытае імгненне з цікавага і непаўторнага школьнага жыцця. Дамоў варочаўся задаволены, з пачуццём гонару, што мне калісьці давялося вучыцца ў такой цікавай, трошкі нестандартнай вясковай школе, што і мой бацька аддаў лепшыя гады жыцця гэтай школе і, працуючы завучам, здолеў натхніць калектыў настаўнікаў і вучняў на стварэнне і музея, і парка-дэндрарыя, і іншых добрых спраў, што менавіта за гэтую працу ў Валеўскай школе ён атрымаў ганаровае званне «Заслужаны настаўнік БССР» і што яго не забыліся і ўспамінаюць добрым словам. Прыгадалася, што калісьці ў Валеўскай школе пачынаў сваю працоўную дзейнасць настаўнік Крыжаноўскі І. В., першы сакратар Дзятлаўскага РК КПБ у 1955-73 гадах, які запрасіў майго бацьку для стварэння музея ў нашым горадзе Дзятлава.

Выпускнікі

Лёс параскідаў выхаванцаў Валеўскай школы па ўсёй Беларусі і далёка за яе межамі. Напрыклад, у Вільнюсе шмат гадоў жыла і была актыўнай сяброўкай ТБК (Таварыства беларускай культуры) Святлана Красоцкая. У Слоніме доўга працаваў Іван Шэга, не толькі высокакваліфікаваны доктар-траўматолаг, але і вядомы грамадскі дзеяч, сябра кіруючых органаў БНФ, вялікі змагар і прапагандыст беларускай мовы. Пад Воршай, у Барані, жыве Юрась Нагорны, былы настаўнік, дырэктар мясцовай школы, сябра рады ТБМ, адзін з ініцыятараў шматлікіх цікавых мерапрыемстваў па вяртанні народу гістарычнай памяці, па вяртанні ў паўсядзённы ўжытак роднай мовы, па вяртанні славы беларускім ваярам, якія атрымалі пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага на Крапівеньскім полі перамогу над маскоўскім захопніцкім войскам, якія пераўзыходзілі ў некалькі разоў іх па сіле.

У Гродне і Шчучыне працаваў доктар па адукацыі Васіль Бязмен, актыўны сябра грамадска-культурнага клуба «Паходня», шчыры прыхільнік і прапагандыст усіх беларускіх спраў.
Аўтар гэтых радкоў, сябра ЦР БСДГ і старшыня Дзятлаўскай раённай філіі ТБМ, звыш 50 гадоў жыве ў Дзятлаве. Спадзяюся, што выпускнікі Валеўскай школы, прачытаўшы гэты артыкул, успомняць яе, сваіх аднакласнікаў і настаўнікаў добрым словам, парадуюцца за 150-гадовую юбілярку і пажадаюць ёй і надалей падтрымліваць і памнажаць добрыя традыцыі.

Валерый ПЕТРЫКЕВІЧ, выпускнік 1963 года Валеўскай СШ Навагрудскага раёна

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание