Наверх
Слоним
ясно
8 °C
Зельва
ясно
8 °C
Волковыск
переменная облачность
9 °C
Мосты
облачно с прояснениями
10 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
10 °C
Барановичи
небольшая облачность
8 °C
EUR 3.0029
USD 2.5399
RUB(100) 3.3212
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Шчаслівыя мужчыны

19 апреля 2020 11:16
Поделиться:
На жыццёвых скрыжаваннях
Малюнак Яўгена Іванова

Малюнак Яўгена Іванова

— Ну, нарэшце! — пачухаўшы праз кепку патыліцу сказаў таўсматы як калабок Вінцук Жэчка суседу Антосю Ліпанку, калі яны пасадзілі на аўтобус сваіх жонак Марту і Зіну. Тыя паехалі на курорт. — Хоць два тыдні пажывём як людзі.

— Го, дык мы ж з табой шчаслівыя мужчыны! — Антось таксама быў вельмі рад. — На работу хадзіць не трэба, бо пенсіянеры. Вясна яшчэ як след не распушылася, агароды капаць рана, работы асаблівай няма, то для нас і тут будзе курорт.

Яны разышліся па хатах, задаволеныя жыццём.

Не мінула і гадзіны, як у Вінцуковых сенях бразнула клямка і нехта лэпаў па дзвярах, шукаючы ручку.

«Нехта чужы, бо не ведае як зайсці», — падумаў ён і пайшоў адчыняць. Здзівіўся, што гэта быў Антось.

— Ты што, дзверы мае не ўмееш адчыняць?

— Рукі трасуцца. Браток, бяжым хутчэй да мяне! Карова надумалася цяліцца, каб яна здарова была, а я не ведаю, што рабіць. Панёс ёй мурагу падкласці, бачу — целіцца! — лямантаваў худы, як кій для скандынаўскай хады, рабаціністы сусед. Твар яго ад страху быў чырвоны, ажно рабацінне ў гэтай чырвані пахавалася. — Раней часу целіцца, яшчэ ж не павінна была!

— Дык што, у цябе карова першы раз целіцца, не ведаеш, што рабіць?

— Не разважай, а пайшлі хутчэй! Я ніколі не памагаў нашай Мушцы цяліцца, гэта рабіла жонка, бо я надта ж баюся!

Распырскваючы лужыны ад талага снегу, пашыбавалі ў хлеў. Стараліся як маглі, і неўзабаве на свет з`явіўся рабенькі бычок.

— Тоўсценькі, каб ты здароў быў! — радаваўся Антось. — Твая гаспадыня яшчэ і да курорта не даехала, а ты ўжо тут.

Вінцук даў суседу слушныя парады, што трэба рабіць далей, і павярнуў дадому.

— То прыходзь жа праз якую гадзіну замачыць бычка! — запрасіў. — Каб не ты, то я цяля змарнаваў бы. А так усё добра! — радаваўся.

Управіўшыся па гаспадарцы, бо сонца ўжо даходзіла да полудня, Вінцук пайшоў да суседа. З пустымі ж рукамі няёмка, то ён засунуў у кішэню бутэльку першаку, якую знайшоў у жончыным схроне. Яна была ўпэўнена, што ніколі не знойдзе, што не ведае яе тайнікоў, а ён ведаў усе да аднаго. Бывала, налье ў шклянку грамаў сто, а туды вады дабавіць. Кабета пра гэта не здагадвалася, бо ніколі спіртнога і ў рот не брала. А госці хіба прад`явяць прэтэнзіі? Пілі і маўчалі.

— Не даставай сваёй барматухі, — сказаў Антосю. — Ведаю, што гэта не гарэлка, а вада сівенькая, усё адно як на перагон. У мяне во добрая ёсць.

Гаспадар прынёс са стопкі сала, парэзаў марынаванага гурка, і яны пачалі спраўляць дзень нараджэння рабенькага бычка.

Калі захарашэла, Антось, гледзячы ў акно, за якім свяціла яркае сонейка, сказаў:

— Як падумаю, што неўзабаве каровы на пашу гнаць, то ажно не па сабе становіцца. Каб ты ведаў, як я не люблю гэтай работы… Вось жа трава ў іх пад пысай, то не — пруцца недзе, нечага лепшага шукаюць. Гэта Сівая Марыліна гадзіна задзярэ галаву і пачасала, сама не ведаючы куды. А за ёй і астатнія. Вясковыя бабы з агародаў крычаць:

— Чаму ты іх не запыняеш?! Усё лётаюць ды лётаюць, травы не скубуць, дадому прыходзяць з упалымі бакамі!

— Ага! — памагае ёй другая. — Цяпер лётаюць, а неўзабаве палягуць і ляжацьмуць колькі захочацца. Іх жа ўзганяць трэба!

— Каб з вас дух гнала! — шапчу паціху, маючы на ўвазе кароў і бабаў. — Тут і так цяжка, гарачыня. Сапраўднае пекла — пасвіць каровы.

— Бо ў цябе, суседзе, няма фантазіі і ніколі яе не было. Калі не выдасі маю таямніцу, то раскажу. Але толькі маўчок!

— Каб я з гэтага месца не ўстаў!

— Ну дык вось. Для мяне пасвіць чаргу — любімы занятак. Ніколі ніхто не мае прэтэнзій. Я заўсёды бяру на пашу торбачку з соллю. Адганю далей ад агародаў, пад лес, куды бабскае вока не прастрэльвае, пасыплю ладны ўчастак пашы соллю, каб кароў прыманіць — і вольны казак! Яны скубуць, нібыта тыдзень не елі, а я тым часам праз лясок ды ў суседнія Лапанцы ў магазін па чакушачку. Каб пайшоў у наш, міровіцкі, то прадаўшчыца Кацька хуценька жонцы паведаміла б праз бабаў-пакупніц, а там ніхто не скажа.

Вяртаюся, а каровы як скублі траву, так і скубуць. Вып`ю крыху, закушу хлебам з салам, а астатнюю гарэлку схаваю на потым пад ядлаўцовы куст, пракапаўшы ў кратавінні невялікую ямку. Ведаю, што крот не дап`е, таму спакойны.

А каровы наядуцца, пойдуць да рачулкі, нап`юцца вады, і бакі ў іх кругленькія як бочачкі. Усе задаволены, а я дык найбольш.

— Во галава!

— Ну дык! — ганарыста сказаў рацыяналізатар.

Ішлі дні. Вінцук і Антось, якія спачатку надта радаваліся, што няма жонак, замучаныя гаспадаркай да знямогі, не маглі дачакацца, калі тыя вернуцца, бо што ні дзень, то ў іх прыгоды. Аднойчы раніцай Антосеў парсюк паламаў загарадку, бо гаспадар доўга не нёс есці.

— Вазьмі малаток і хадзі да мяне! — папрасіў суседа. — Непарадак, парсюк носіцца па ўсім хляве.

— Дык што, у цябе малатка няма?

— Недзе ёсць, але не знайду, бо гарадзіць загарадку, як паломіцца, гэта жончына справа. Памажы!

Памог.

А праз два дні сам прыйшоў па параду:

— Нешта мая рабая курыца, што нясе яйкі на два жаўткі, есці да карыта з мешанкай не падыходзіць. Сядзіць у кутку, пер`е натапырыўшы. Трэба ёй даць гарошынку духмянага перцу і гарэлкі.

— І што, сама з`есць і вып`е? Не пад прымусам?

— Трымаць яе трэба. Ты трымацьмеш, а я піхаць усё ў дзюбу. Мы з маёй бабай так курэй лечым.

Як рабая курыца не супраціўлялася, але мусіла праглынуць пярчынку і гарэлку.

— Калі не здохне, то выжыве… — задумліва мовіў лекар.

Але да вечара курыца спруцянела.

— Ат, — махнуў рукой гаспадар. — Не карова нябось…

Сваіх бабаў з курорта Вінцук і Антось сустракалі яшчэ ў лепшым настроі, чым выпраўлялі. Вось калі яны адчулі сябе па-сапраўднаму шчаслівымі…

Наш канал в Telegram