
Дзеці ў школьным лагеры. Фота з архіва "ГС"
Паводле мінулагодняй справаздачы мясцовых уладаў, за 2019 год падчас летніх канікулаў у раёне адпачыла 2035 вучняў. Сёлета лічба плануецца болей сціплая: аздараўленнем будзе ахоплена каля 600 дзяцей.
Як і ў мінулыя разы, пры школах будуць працаваць дзённыя лагеры працягласцю 18 дзён. Тут дзеці будуць адпачываць і працаваць. Заробак ім будзе выплачваць цэнтр занятасці.
Найбольшая нагрузка плануецца на аздараўляльны лагер з кругласутачным прыбываннем «Нёманскі», што каля вёскі Каўшова. На працягу двух месяцаў яго рыхтавалі (рамантавалі памяшканні і добраўпарадкавалі тэрыторыю) тэхнічныя работнікі гарадскіх школ. Гэтым летам тут будзе арганізавана тры змены.
Чатыры профільныя змены па 9 дзён з кругласутачным знаходжаннем запланаваны ў выхаваўча-аздараўляльным лагеры «Пацавічы».
Акрамя таго, маюцца быць кругласутачныя лагеры на базе сярэдніх школаў у вёсках Пескі, Правыя Масты, Дубна, Лунна, Гудзевічы.
Наколькі рэалістычныя планы дзіцячага адпачынку, пакажа час. На сённяшні дзень ужо тры школы Мастоўшчыны заканчваюць навучальны год шляхам дыстанцыйнага навучання: Пескаўская, Рагозніцкая і Лунненская СШ.