Наверх
Слоним
небольшая облачность
21 °C
Зельва
небольшая облачность
21 °C
Волковыск
переменная облачность
21 °C
Мосты
переменная облачность
21 °C
Дятлово
переменная облачность
21 °C
Барановичи
переменная облачность
18 °C
EUR 2.8863
USD 2.4571
RUB(100) 3.3582
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Шчара — рака партызанская

16 июня 2020 14:41
Поделиться:
Рака Шчара

Рака Шчара.Фото: wmbel.by

Шчара — найбольшы левы прыток ракі Нёман. Згодна з энцыклапедыяй, яе даўжыня 325 кіламетраў. Пачатак бярэ з Калдычэўскага возера ў Баранавіцкім раёне побач з Завоссем, радзімай вялікага, сусветна вядомага польскамоўнага паэта Адама Міцкевіча.

Невялікім, ледзьве прыкметным ручайком праз лугі і балоты накіроўваецца яна на поўдзень, на Палессе, дзе набіраецца моцы і паступова, нібы перадумаўшы, робячы вялікую дугу, мяняе накірунак свайго бегу на поўнач, спяшаючыся ў абдымкі да бацькі Нёмана. Менавіта тут ад вялікага старажытнага мястэчка Быцень рака калісьці была суднаходнай, лес на ёй сплаўляўся і з іншых месцаў вышэй па цячэнні. Але ад Быценя да Нёмана і далей па ім плыты цягнулі невялікія рачныя буксіры.

Яшчэ ў XVIII стагоддзі магнат Агінскі задумаў і здзейсніў мару злучыць Шчару праз Ясельду, Прыпяць і Дняпро з Чорным морам, каб мець магчымасць дастаўляць свае тавары водным шляхам не толькі ў порты Балтыкі. Праўда, са з`яўленнем чыгуначнага транспарту і ў выніку войнаў, асабліва Вялікай Айчыннай, гэта транспартная артэрыя перастала дзейнічаць.

Але ідэя не прапала. У канцы 50-х гадоў XX стагоддзя яна ажыла ў галовах кіраўніцтва былога СССР. Былі праведзены інжынерна-гідралагічныя даследаванні, зроблена амаль на 100% праектная дакументацыя новага воднага шляху, па якім свабодна маглі б рухацца судны тыпу рака-мора.

Эканоміка, якая забуксавала, адстаўка М.С. Хрушчова прывялі да таго, што амаль гатовы праект часова паклалі пад сукно, а затым увогуле забыліся пра яго. Нам засталася некранутай прыгажосць прыбярэжных лясоў з карабельнымі хвоямі, векавымі дубровамі, абшары заліўных лугоў з разнастайным шматквеццем, прыбярэжныя вёскі з багатай гісторыяй і самабытным укладам жыцця.

У сярэдзіне XVI стагоддзя ў ВКЛ была праведзена зямельная рэформа, якая мела назву «валочныя памеры». За кожнай сялянскай гаспадаркай замацоўвалася валока (20 дзесяцін) альбо частка яе, за што, адпаведна з велічынёй надзелу, плацілася даніна дзяржаве ці магнату. Калі такія надзелы выдзяляліся ў глухіх, недаступных месцах, на пясчаных ці балоцістых глебах, у лясах, далёка ад дарог, то, каб прывабіць ахвотнікаў, іх вызвалялі ад выплаты павіннасцяў на тэрмін ад 5 да 10 гадоў. Пасяленні, што вызваляліся ад платы падаткаў тэрмінам на 5 гадоў, называліся малой воляй. А на тэрмін да 10 гадоў — вялікай воляй. Зрэдку да слова воля дадавалі прозвішча першых пасяленцаў — напрыклад, Воля Крупіца. У такія лясныя паселішчы пазней, спакушаныя глушшу і льготамі, збягалі і хаваліся многія свабодалюбівыя людзі. Менавіта таму з пакалення ў пакаленне на генным узроўні ў жыхароў лясных вёсак захоўвалася і загартоўвалася прага да свабоды, да волі, якую яны заўсёды адчайна баранілі нават і коштам свайго жыцця.

Яшчэ ў самым пачатку XVIII стагоддзя пушчанцы наносілі сур`ёзныя страты захопнікам шведскага караля Карла Вялікага. У 1833 годзе ў лясах каля Слоніма падняў на паўстанне сялян Міхал Валовіч. Пазней у Ліпічанскай пушчы ствараліся атрады паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. На берагах Шчары прайшоў загартоўку і яго паплечнік, у далейшым генерал Парыжскай Камуны Валерый Урублеўскі. У нашых лясах у 1922 годзе набіраўся вопыту вядзення партызанскай барацьбы К.П. Арлоўскі, а ў канцы 1930-х гадоў вядомы герой Заходняй Беларусі, кіраўнік Слонімскага падпольнага РК, які часта бываў у вёсцы Воля Крупіца — С.В. Прытыцкі.

Але асабліва праявілі сябе жыхары лясных вёсак падчас Вялікай Айчыннай вайны. Яны не толькі ваявалі ў складзе шматлікіх партызанскіх атрадаў, але кармілі і апраналі іх, дапамагалі абсталёўваць партызанскія аэрадромы, шпіталі, хлебапякарні, лазні. Акупанты ў лясы баяліся і носа паткнуць. Толькі тры разы за ўсю вайну, сабраўшы вялікія сілы, тэхніку, гарматы, мінамёты, яны рабілі спробы ўсталяваць свой парадак. Ад гэтых рэйдаў найбольш даставалася мірным жыхарам. Тут, на берагах Шчары, падчас такіх карных экспедыцый былі спалены цалкам разам з жыхарамі дзясяткі вёсак. У межах Дзятлаўскага раёна гэта Гарадкі, Трахімавічы, Вялікая Воля і іншыя. Амаль нічога не пакінуў агонь ад дамоў жыхароў і гаспадарчых будынкаў Ліпічанскай пушчы. Сёння аб тых страшных падзеях нам нагадваюць крыжы, помнікі і абеліскі.

На жаль, не паспелі цалкам аднавіцца ад страт і згубы апошняй вайны многія паселішчы, і пачынаючы з 70-х гадоў XX стагоддзя большасць вёсак Беларусі, а ў першую чаргу лясныя і аддаленыя ад вялікіх гарадоў, непрыкметна знікалі.

Дзяржава зрабіла ўсё, каб запаволіць гэты працэс, уклала вялікія сродкі на дробныя дарогі, падвяла электрычнасць і сучасныя сродкі камунікацый. Але сёння жыхароў у вёсках на берагах Шчары можна пералічыць на пальцах. Тыя, хто дажывае свой век, яшчэ могуць успомніць і распавесці пачутае ад сваіх бацькоў і сваякоў пра падзеі ваеннага ліхалецця, пра суднаходства ў пасляваенны час, пра тое, як жыхары вёсак «задобрывалі» праекціроўшчыкаў вялікага воднага шляху каўбасамі, кумпякамі і самагонкай, каб пару соцень метраў абышлі бокам сенакос ці вясковую пашу, якой у людзей было не менш, чым у калгасах, альбо пра знакамітых творчых людзей, якія аблюбавалі ў той час для свайго адпачынку не ўзбярэжжа Чорнага мора, а сціплы калгасны дом адпачынку «Рэчанька» непадалёку ад Трахімавічаў. З гэтымі людзьмі вяскоўцам даводзілася сустракацца ці на рыбалцы, ці ў лесе, збіраючы грыбы і ягады, і размаўляць пра трафеі, пра вясковыя абрады і святы.

Вяскоўцы могуць многае расказаць, праўда, разгаварыць старажылаў, якія зведалі ў сваім жыцці ваенную разруху, вельмі цяжка. Не заўсёды ім зразумела, чаму гэта нас нехта прымусіў мокнуць пад дажджом, спаць у намётах, дарэмна лапаціць вёсламі ваду, але калі яны павераць у шчырасць нашых памкненняў, то лепшых суразмоўцаў нам не знайсці.

Працяг будзе

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание