Наверх
Слоним
переменная облачность
18 °C
Зельва
переменная облачность
18 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
14 °C
Мосты
облачно с прояснениями
14 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
14 °C
Барановичи
облачно с прояснениями
17 °C
EUR 3.057
USD 2.6264
RUB(100) 3.3365
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Стафанька

21 июня 2020 11:13
Поделиться:
Стафанька

Малюнак Яўгена Іванова

На жыццёвых скрыжаваннях

У той далёкі жнівень усё навокал млела ад спёкі. Стафанька Коржык з Малых Вярхоўцаў, прыгнаўшы на палудзень вясковы статак, узяла ў пуні посцілку і наважылася ісці на сенажаць за выган, дзе мела дзве капы высушанага мурагу. Успомніла, што яшчэ нічога не ела. Зайшла ў хату, адрэзала лусту хлеба, пасыпала соллю, потым вырвала ў агародзе крамяны гурок, абцерла фартухом, бо ўсё не было часу, усё подбегам.

Ела і шпарка ішла па ўтаптанай дарожцы. Не адразу і пачула, як яе аклікнула паштальёнка Франя Кубелька:

— Пастой жа, Стафанечка, пісьмо табе нехта прыслаў, — дастала з палатнянай сумкі канверт, абклеены рознакаляровымі маркамі. — Ад каго ж гэта?

Стафанька паклала ў кішэню фартуха надкусаную лусту і гурок, выцерла рукі.

— Ці не ад брата майго Пятра, што ў вайну разам з іншымі быў вывезены ў Германію? — здзівілася і абрадавалася. — Ага, ягонай рукой напісана…

Яна разарвала канверт і ўгледзелася ў роўныя радкі літараў. Фаня стаяла побач, цікавілася, што ж там напісана.

— Ну што, мо прыедзе? Бачыш, выжыў у гэнай страшнай калатнечы…

— Выжыў, толькі ён цяпер не ў Германіі, а ў Францыі.

— То мо прыедзе? Во радасць табе будзе!

— Будзе, але няшмат. Пятрусь хоча, каб я сплаціла яму за хату.

— Як гэта?

— Ды вельмі проста. Ён там ажаніўся з дзеўкай з суседняга раёна, якая таксама была вывезена. Хочуць вярнуцца ў нашу вёску і купіць хату. Значыць, трэба, каб я сплаціла за бацькоўскую.

— Авохці! А дзе ж у цябе грошы? Адна цягнеш гаспадарку, а ён прыедзе — і плаці.

— Што адна, то сама вінавата. Сватаўся ж да мяне Сымон Рымко, як вярнуўся з вайны. Не пайшла… Сем гадоў мінула, ён ажаніўся з другой, двое дзетак мае, а я адна… Але, мая ты Франечка, сплаціць прыйдзецца. Нікуды я не дзенуся. Гэта будзе па справядлівасці.

Стафанька напісала брату, маўляў, няхай прыязджае, аддасць яму грошы.

Вечарам схадзіла да настаўніка Процькі, які ведаў французскую мову, каб напісаў адрас. Вярнуўшыся, заклеіла канверт, апусціла галаву на складзеныя на стале рукі, і яе худыя як у дзяўчынкі-падлетка плечы затрэсліся ад плачу.

— Дзе я вазьму грошы?! Нават калі прадам карову і цялушку, збуду свінню, што восенню павінна апарасіцца, то, канечне, не хопіць…

Яна наплакалася і пайшла да суседзяў Верайчэўскіх, у якіх мінулым летам хрысціла хлопчыка.

— Не ўбівайся так, Стафанечка, — сказала гаспадыня Вера. — Мы прадамо цялушку-пярэзімка, аднаго парсюка. Калі не хопіць аддаць брату, то я пазычу ў сваёй сястры, — яна гладзіла па галаве Стафаньку, што зноў залілася слязамі. — Галоўнае, што няма вайны, бо столькі ж гора мы перажылі, столькі гора…

— Дзякуй вам, родненькія… — скрозь слёзы мовіла кабета.

— Гарушчая баба, — паспагадаў гаспадар Вінцук, калі яна пайшла.

— А няўжо ж… З малых гадоў б`ецца як рыба аб лёд, бо бацькі рана паўміралі. Такая некалі прыгожая была, як кветачка вясновая, а цяпер пахудзела, пастарэла. Душа баліць, гледзячы на яе…

Грошай назбіралася, і Пётр з жонкай купілі хату на другім канцы вёскі, а Стафанька як дзень, так ноч думала, каб як найхутчэй аддаць суседзям доўг, хоць яны і не прыспешвалі. Цягала на кірмаш у райцэнтр садавіну і агародніну, яйкі прадавала, але хіба за гэта шмат заробіш?

Праз год у пачатку верасня ў вёску з МТС прыгналі трактар, і брыгадзір Сакалоўскі прывёў трактарыста Івана Шуневіча да Стафанькі на кватэру. Паабяцаў плату, калі яна будзе гатаваць ежу і мыць вопратку. Згадзілася, бо хапалася за ўсякую работу, рада была ўсякай плаце.

Іван быў бяздзетны ўдавец з далёкай вёскі. Немалады, высокі, са слядамі былой прыгажосці на смуглым твары.

З першага погляду Стафанька ўпадабала яго, упалыя шчокі загарэліся румянцам.

Праз нейкі час убачыла, што і ён неабыякавы. Як самаму роднаму чалавеку расказала пра сваё нялёгкае жыццё, пра даўгі, што як цяжкія гіры вісяць на ёй. Аддае, аддае, а іх усё роўна шмат…

— Не бядуй, Стафанечка, я табе памагу. Удваіх мы з усякімі цяжкасцямі справімся… — сказаў, як усё адно кінуў тапельцу выратавальны круг…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание