Наверх
Слоним
пасмурно
9 °C
Зельва
пасмурно
9 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
7 °C
Мосты
облачно с прояснениями
7 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
7 °C
Барановичи
пасмурно
8 °C
EUR 3.0138
USD 2.5708
RUB(100) 3.2999
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Рэжысёр тэатра Васіль Сявец: «Мы залежым ад эканамічнай сітуацыі ў краіне»

23 июня 2020 8:54
Поделиться:
Васіль Сявец

Васіль Сявец

У гэтым годзе Слонімскі драматычны тэатр адзначыў свой юбілей — 30-годдзе. З гэтай нагоды мы працягваем знаёміць чытачоў з тымі, хто працуе ў тэатры, дорыць жыхарам Слонімшчыны свята. Уявіць тэатр без Васіля Васільевіча Сяўца немагчыма. Ён не толькі рухавік творчага працэсу, але і натхняльнік і матыватар артыстаў. Пра тое, якім тэатр быў, якім ён з`яўляецца цяпер і якім будзе, распавёў рэжысёр Слонімскага драматычнага тэатра Васіль Сявец.

— Вы памятаеце свой першы дзень у тэатры? З чаго пачалася Ваша творчая дзейнасць?

— Гэта было вельмі даўно і цяжка памятаецца. Нягледзячы на тое, што скончыў факультэт рэжысуры інстытута культуры ў Мінску (курс Рыгора Іванавіча Баравіка), у Слонімскі драматычны тэатр я прыйшоў працаваць артыстам. У лютым 1993 года спачатку прыйшоў да Мікалая Фёдаравіча Варвашэвіча на практыку, на дыпломны спектакль, у якім сам жа іграў. А пасля я застаўся тут працаваць артыстам. Тады стаўкі рэжысёра не было, а спектаклі ставіў Мікалай Фёдаравіч. Гады тры, напэўна, я працаваў артыстам, а потым Мікалай Фёдаравіч прапанаваў мне: «Ну ты ж вучыўся, паспрабуй, пастаў». Некаторы час падумаўшы, даў згоду. Я знайшоў дзіцячую п`есу Наталлі Нячаевай «Хачу быць чараўніцай». Спектакль да гэтай пары ў нашым рэпертуары.

— Цяжка было ставіць спектакль? Як артысты ставіліся да маладога рэжысёра?

— Зразумела, вельмі хваляваўся — гэта была першая сур`ёзная праца, дзе я выступаў як рэжысёр, а не студэнт, якому можна было дараваць хібы. Я ўжо тры гады працаваў з калектывам, ведаў людзей, з якімі працаваў — калектыў быў дружным і ўсе дапамагалі, быў творчы тандэм… Хоць я і хваляваўся, але мне было няцяжка паставіць спектакль — усе былі захоплены цудоўнай п`есай. Колькі б ні ставіў спектаклі, не магу сказаць, што гэта я паставіў спектакль — гэта зрабілі мы разам. Спектакль атрымаўся даволі нядрэнны. Пасля Мікалай Фёдаравіч прапанаваў мне яшчэ ставіць спектаклі.

— Дзякуючы чаму, на Ваш погляд, менавіта Вам пашчасціла стаць галоўным рэжысёрам тэатра?

— Гады тры ці чатыры я выконваў абавязкі галоўнага рэжысёра. Звычайна прызначаюць на пасаду (рэжысёра) праз паўгода. Гэта адбылося не таму, што мяне не хацелі прызначаць. Сам прасіў адтэрміноўкі, зусім не хацеў быць галоўным рэжысёрам. На той час галоўным рэжысёрам быў Віктар Васільевіч Небальсін — цудоўны творца і чалавек, але па стане здароўя не мог больш працаваць. Калі ён пайшоў з жыцця, за работу над п`есамі цалкам стаў адказным я.

— Што самае цяжкае ў працы рэжысёра?

— Самае цяжкае — праца з людзьмі, знайсці падыход да кожнага, зрабіць так, каб спектакль зацікавіў артыста і каб яны працавалі з табой у тандэме. Каб не толькі ты быў, але і яны ўдзельнічалі, былі зацікаўленыя ў справе. Кожны з нас мае свой адметны характар. А творчыя людзі ўвогуле своеасаблівыя людзі. Яны блізка бяруць усё да душы: хочацца нечага большага, а часта такога не бывае. Каб людзі разумелі, што ты хочаш і чаму так трэба. Я рэжысёр-дэмакрат, але не дэспат. Хаця ў рэжысуры дэспатызм патрэбны, залішні дэмакратызм рэжысёра-пастаноўшчыка мае негатыўны ўплыў — артысты пачынаюць кіраваць рэжысёрам. Я не скажу, што даю поўную свабоду ў ігры і дазваляю рабіць, што яны захочуць.

— Для таго, каб быць акцёрам, трэба мець спецыяльную адукацыю альбо дастаткова толькі жадання і схільнасцей?

— Як і ў любой прафесіі, чалавек павінен ведаць асновы. Любы талент трэба накіроўваць. Адукацыя — гэта тое, што дапаможа чалавеку раскласці ўсё па паліцах. Калісьці Мікалай Фёдаравіч Варвашэвіч пачынаў з народнага тэатра. Яго артысты не мелі спецыяльнай адукацыі, працавалі на сваіх асноўных работах і прыходзілі да яго па вечарах, а катэгорыю давалі за талент і працу. Але сам Варвашэвіч меў адукацыю. Ён навучаў прафесіі гэтых людзей, многія перайшлі ў прафесійны тэатр і нават пайшлі на пенсію з тэатра. На гэты дзень усе нашы артысты скончылі акадэмію мастацтваў. Некаторыя з маладога пакалення прыйшлі да нас, скончыўшы каледж мастацтваў. Калі ў чалавека няма адукацыі, мы нават катэгорыю яму не маем права даць.

— У Вашым тэатры часта змяняецца рэпертуар? Хто вызначае, якая п`еса будзе ставіцца ў новым сезоне?

— Хаця пры тэатры дзейнічае мастацкі савет, які вырашае гэтае пытанне, апошняе слова за мной. Кожны год у нас дабаўляюцца новыя спектаклі. У сваёй дзейнасці мы кіруемся дзяржаўнымі планамі: фінансавымі, па гледачу, па колькасці спектакляў і іншымі, якіх у старыя часы не было. Я лічу, што гэта абсурд. Для нашай краіны тэатр — гэта прадпрыемства. У кожным каляндарным годзе тэатр павінен паставіць чатыры спектаклі. Наш горад маленькі, шмат зарабіць не можам, таму артысты амаль кожны дзень на гастрольных раз`ездах. З вялікай цяжкасцю мы ставім чатыры спектаклі — не хапае часу. На рэпертуар ўплывае таксама і тое, што людзі сыходзяць з тэатра, асабліва моладзь. Таму са сцэны адны спектаклі знікаюць, а замест іх з`яўляюцца іншыя. У некаторых спектаклях ужо памянялася некалькі пакаленняў артыстаў — калі артыстка раней іграла матылька, то ўжо стала іграць бабулю матылька і г.д.

— Ці хапае Вам часу наведваць іншыя тэатральныя імпрэзы?

— Калі здараецца бываць у Мінску, то заходжу ў тэатр. Спектаклі іншых рэжысёраў я таксама гляджу і на нашай сцэне. Мы робім абменныя спектаклі, калі тэатральныя трупы з іншых гарадоў паказваюць сваю працу ў Слоніме і наадварот. Зімой мы працавалі ў Новым мінскім тэатры. Таксама працуем з гарадзенскімі тэатрамі — лялечным і драматычным. Наладжана сувязь з Маладзечанскім тэатрам.

— Каго з артыстаў маглі б вылучыць і чаму?

— Калі разглядаць склад артыстаў нашага тэатра, то тых, хто б мне не падабаўся, няма. Усе працуюць аддана. За тыя грошы, што яны атрымліваюць тут, не адданы чалавек не змог бы працаваць. Што ўвогуле да беларускіх артыстаў, то такіх каларытных, як Генадзь Аўсяннікаў, Галіна Макарава, Стэфанія Станюта, Глеб Глебаў, Генадзь Гарбук, я не бачу. Наогул, скажу, што я чалавек савецкай эпохі. Мне пашчасціла бачыць артыстаў таго часу. Сёння ёсць таленавітая моладзь, але яе мала. Мы, беларусы, сядзім у сваім закутку, нікуды не высоўваемся, нічога не бачым. Артыстаў мы ведаем па фільмах, хаця кожны з іх працуе у тэатры. Магчыма, не бачым таленавітых беларусаў, бо не хапае грошай, каб здымаць дабраякаснае беларускае кіно. Некаторым, такім як Анатоль Кот, пашанцавала — пачаў здымацца ў расійскіх серыялах, стаў даволі вядомым артыстам. Але гэта адбылося праз расійскія, а не беларускія фільмы.

— На Вашу думку, чаму нашы артысты не запатрабаваны ў сваёй краіне — патрэбна выехаць за мяжу, зняцца ў расійскіх серыялах?

— На жаль, у нашай краіне мастацтва зусім не патрэбна. Лічыцца, што сюды не трэба ўкладваць грошы, культурна развівацца. У нас ёсць таленавітыя людзі — мастакі, артысты, рэжысёры, пісьменнікі, драматургі. П`есы Дзмітрыя Багаслоўскага, Андрэя Курэйчыка пастаўлены многімі тэатрамі на постсавецкай прасторы і маюць поспех. У нас пра іх ніхто нічога не ведае. Нашай краіне патрэбна сельская гаспадарка. Разумею, што ўсе мы выйшлі з вёскі — я за вёску і сельскую гаспадарку, але культурнае выхаванне чалавеку патрэбна не менш.

Дырэктар і артысты тэатра на сцэне

Дырэктар і артысты тэатра на сцэне

— Колькі зарабляюць артысты?

— Усё залежыць ад катэгорыі, ад занятасці, па-рознаму. Да нядаўняга часу мінімальны заробак быў 375 рублёў. Загадам зверху прыйшло распараджэнне давесці ўсім сярэднюю за сакавік да 500 рублёў. У той месяц давялі, што будзе далей — не ведаем. Мы напалову бюджэтнікі. Заробак у нас ідзе з бюджэту, а астатняе — сваімі сіламі.

— Падчас прагляду чужога спектакля ў Вас не з`яўляецца жадання нешта выправіць, падказаць акцёрам?

— На вялікі жаль, даўно страціў здольнасць глядзець спектакль як глядач. Я не магу зняць заслону і стаць гледачом. Кожны спектакль гляджу вачыма рэжысёра. Часта гэта перашкаджае атрымаць асалоду ад спектакля. Што хацеў бы адзначыць: не ўсё тое, што мне не падабаецца, гэта дрэнна. Я б паставіў па-іншаму, але ацэньвае глядач.

— У рэжысёра бывае выгаранне, калі страчваецца цікавасць да працы, ігры пэўнай ролі?

— Гэта не назавеш выгараннем, але я не люблю і не магу аднаўляць спектакль, які ўжо даўно зняты з рэпертуару. Нават калі просіць адміністрацыя тэатра. Так, ад яго засталіся дэкарацыі, касцюмы, некаторыя артысты. Трэба толькі ўвесці новых артыстаў і аднавіць спектакль. Але мне ўжо не цікава — я прайшоў гэты этап і пакінуў спектакль у мінулым. Яшчэ цяжэй аднаўляць чужыя пастаноўкі. Я не люблю ставіць спектаклі па п`есах, якія ўжо бачыў. Нават калі пабачу па тэлевізары, я думаю: чаму не знайшоў гэты твор раней? Але ставіць яе я ўжо не буду, таму што воляй-няволяй мяне будзе сцягваць да пабачанага. І нават калі я зраблю зусім іншую працу, некаторыя дэталі застануцца. Пасля я загрызу сябе за гэта. Магчыма, я адчуваю, што не зраблю лепш, а калі не зробіш лепш, то навошта брацца.

— Вы прыйшлі ў тэатр у 1993 годзе. Як за гэты час змяніўся тэатр?

— Раней будынка ў нас не было, а цяпер, калі ласка, ёсць цудоўны будынак у цэнтры горада — ужо змены. Увогуле, я вельмі сумую па тым тэатры, па тых людзях, з якімі працаваў. Некаторых ужо няма сярод жывых. Магчыма, гэта прагучыць пафасна, але ад Мікалая Фёдаравіча Варвашэвіча ўзяў больш, чым ад педагогаў, хаця мяне вучылі цудоўныя, вялікія людзі. Ён даў мне практыку. Падчас рэпетыцыі ціхенька заходзіў і сядзеў, пільна назіраючы за працай. Пасля, калі ўсе разыходзіліся, мы ішлі разам дамоў і ён даваў мне слушныя парады. Здаралася, што мы гадзінамі сядзелі ў скверыку на плошчы Леніна. Ён раскладаў па паліцах, што я раблю не так і чаму трэба зрабіць інакш. Здаралася, што мы сварыліся наконт таго, як правільна ставіць спектакль.

У нас тады была мара мець сваё памяшканне. Мы ўсе жылі тым, што яно будзе, у нас будуць фестывалі. Кожны з нас чакаў гэтага, аддаючы апошняе. Што да заробку, то ён і тады быў мізэрным, але мы працавалі. Сённяшняя моладзь, якая прыходзіць сюды, застаецца на тэрмін адпрацоўкі, на два гады — і пайшлі. Толькі адзінкі застаюцца. Асноўная маса людзей ідзе вучыцца за нечым высокім, узнёслым. У большасці ў галаве занадта высокія амбіцыі — я стану вялікім артыстам, у мяне вялікі талент. Калі ж прыходзяць і акунаюцца ў гэту атмасферу, то разумеюць, што не ўсё так проста. Ружовыя акуляры разбіваюцца, і яны кідаюць гэтую прафесію. Я на іх не ў крыўдзе. Калі ты лічыш, што табе патрэбны грошы, а яны патрэбны ўсім, патрэбна стварыць і ўтрымліваць сям`ю, а стварыць няма за што — то сапраўды, трэба шукаць іншую прафесію. Гэтай прафесіяй у Беларусі зарабіць грошы немагчыма.

— Як бы Вы сябе ахарактарызавалі як рэжысёра, кіраўніка?

— Гэта сур`ёзнае пытанне. Яго лепш задаць тым, з кім я працую. Я бываю розны — занадта добры. Бываю страшэнна злым, але крайне рэдка — пры выпуску спектакля. Тады мяне баяцца ўсе. Сарвацца і крыкнуць для мяне — недапушчальна. Я не магу абражаць людзей, нават калі вымушаюць абставіны і чалавек заслугоўвае. Калі я злы, гэта не значыць, што я хаджу і крычу, але людзі гэта разумеюць. Калі пачынаю нешта рабіць і бачу, што ў чалавека не ідзе, падказкі не маюць эфекту, то я спыняю працу і сёння не іду далей.

— Вы задаволеныя тым, як людзі наведваюць тэатр? Што павінна адбыцца, якія меры, магчыма, трэба прыняць, каб людзі часцей наведвалі спектаклі?

— Наконт наведвання беларускага тэатра — гэта катастрофа, бо гледача няма. І гэта па ўсіх тэатрах. Як толькі ў краіне назіраецца больш-менш уздым эканомікі, людзі атрымліваюць трошкі большы заробак — тэатральныя залы становяцца поўнымі. Яшчэ тры-чатыры гады таму назад на нядзельную імпрэзу не было білетаў ужо ў сераду. Сёння запоўненая напалову зала — гэта цудоўна. Мы наўпрост залежым ад эканамічнай сітуацыі ў краіне. Па запоўненасці залы бачна, што на гэты дзень людзям патрэбна камедыя. Іншыя жанры не зусім запатрабаваныя, на жаль. Напэўна, людзям хапае драмы і трагедыі ў жыцці. Людзі хочуць прыйсці ў тэатр адпачыць і ні пра што не думаць. Зразумела, мы ставім камедыі, але хочацца ўзняць нейкую праблему.

— Вы таксама займаецеся выкладчыцкай дзейнасцю…

— Я выкладаю ў школе мастацтваў ужо на працягу 17 гадоў. Там ёсць тэатральнае аддзяленне. Я працую не адзін. Са мной выкладаюць артысты Ірына Яцук і Наталля Шугай. За гэтыя гады мы сустрэлі і выхавалі шмат таленавітых дзяцей. Зразумела, што тэатральнае аддзяленне музычнай школы бярэ ўсіх, хто прыйдзе. Мы ніколі не ўдзельнічаем у адборы — каго дадуць, з тымі і працуем, прышлі — і цудоўна. Але сярод малечы вельмі шмат таленавітых дзяцей. Другая справа, што яны займаюцца пяць гадоў, атрымліваюць дыплом і, на жаль, не ідуць навучацца далей, па спецыяльнасці. Бацькі супраць таго, каб іх дзеці звязвалі сваё жыццё з гэтай прафесіяй. У гэтым занятку дарослыя бачаць развіццё дзіцяці. «Але ў прафесію гэту ісці не трэба», — кажуць яны. Сёння прэстыжна быць айцішнікам ці бізнесменам, але толькі не ў тэатр. Хаця дзецям падабаецца тэатр, з задавальненнем пайшлі б у гэту прафесію, але ім кажуць, што ў гэтай прафесіі ты будзеш голы і босы.

— Ці ўдзельнічаюць дзеці, якіх Вы выхоўваеце, у працы тэатра?

— У тэатральных спектаклях дзеці не ўдзельнічалі, але адна з маіх вучаніц, Вераніка Паньшына, скончыла каледж мастацтваў, цяпер займаецца ў акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «рэжысура». У тэатры працаваў мой вучань Раман Вайтулевіч, які яшчэ хлопчыкам прыйшоў да мяне. Скончыўшы акадэмію мастацтваў, ён доўгі час працаваў у мяне. Фінансавае пытанне не дазволіла яму далей працаваць у тэатры. Ён ажаніўся, а гэта ўжо другія патрэбы. Паехаў у Мінск. У тэатры больш не працуе, на жаль.

— Раскажыце, як паміж артыстамі размяркоўваюцца ролі?

— Звычайна ў акцёра ёсць амплуа — хтосьці комік, хтосьці трагік. Я не кіруюся гэтым правілам. Я бачу, што гэты артыст выканае ролю на выдатна. Здараецца, некаторыя артысты са мной не пагаджаюцца — «гэта не мая роля», «я не хачу гэтага рабіць». Я прапаную паспрабаваць. Пасля артыст кажа, што гэта было апраўданым. Даць нейкую формулу, як я вызначаю, хто якую ролю будзе выконваць, немагчыма — я сам не ведаю. Магчыма, гэта інтуіцыя, маё адчуванне п`есы і артыста.

— Вашу трупу можна назваць маладой? Як часта моладзь прыходзіць у Ваш тэатр?

— Моладзь прыходзіць часта, але і сыходзіць часта. Маладой трупу назваць нельга. На гэты дзень у тэатры працуе 12 артыстаў, а заўсёды было 16. Гэта звязана з адтокам людзей, асабліва хлопцаў. Калі дзяўчына выйшла замуж і можа дазволіць сабе займацца любімай справай, то мужчыну трэба ўтрымліваць сям`ю і працаваць за тыя грошы, што плацяць у тэатры — гэта нерэальна. З 12 чалавек чатыры маладыя дзяўчыны да 30 гадоў і толькі адзін нежанаты хлопец. Напэўна, таму і працуе, што нежанаты. Сем чалавек — гэта людзі, якім крышачку за сорак.

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание