Наверх
Слоним
переменная облачность
21 °C
Зельва
переменная облачность
21 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
21 °C
Мосты
облачно с прояснениями
21 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
21 °C
Барановичи
ясно
21 °C
EUR 2.8971
USD 2.4482
RUB(100) 3.3249
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Шчара — рака партызанская

23 июня 2020 13:20
Поделиться:
Працяг гісторыі
Помнік ахвярам Вялікай Айчыннай вайны

Помнік ахвярам Вялікай Айчыннай вайны ў Трахімавічах. Фота: museum.dzyatlava.by

Прыпамінаю, як некалькі гадоў таму я з сябрамі сплаўляўся па Шчары ад Міцькавічаў з-пад Слоніма, а ў Гарадках спрабавалі знайсці студню з лепшай вадой (паўсюль у прыбярэжжы вада ў студнях мутная). Першая сустрэла нас бабуля сталага веку. Перш чым даць параду, паспяшала ў хату і вынесла апошнюю пачатую буханку хлеба і кавалак пражоўклага салёнага сала. Зведаўшы ўсе жахі вайны: голад, сон у лесе пад дрэвам, страх смерці — яна з такой павагай паставілася да людзей, якія добраахвотна вырашылі пабыць адзін на адзін з прыродай. Пачастунак мусілі прыняць, адрэзаўшы па невялікім кавалку хлеба і сала, а зрабіўшы запас пітной вады, прынеслі кабеце бляшанку паштэту, пачак пячэння, палову батона і пакінулі на прысядзібнай лаўцы. Вось такія, заўсёды шчырыя, з вачыма, якія выпраменьваюць дабрыню і праўдзівасць, людзі дажываюць свой век у вёсках над Шчарай. Дзясяткі хатаў пустуюць, але ўсё часцей нашчадкі былых жыхароў прыстасоўваюць іх пад летнікі. Летам вязуць сюды дзяцей, бавяць свой час, адпачываюць ад гарадскога тлуму, даглядаюць магілы дзядоў і прадзедаў, спасцігаюць гісторыю свайго роду, вучацца атрымліваць асалоду ад шчэбету птушак, клёкату буслоў ці проста ад цішыні. У адным з эсэ, напісаных на берагах Шчары Янкам Брылём, сказана: «Зноў вось п`ю цішыню…»

Вось на гэтай рацэ-партызанцы я і прапаную правесці два-тры дні. Можна падарожнічаць пешшу ці на ровары, але найлепш праплыць на байдарцы. Яна манеўраная, хуткая, у ёй можна размясціць шмат паклажы для забеспячэння адносна камфортных умоў падчас падарожжа.

Найлепш пачынаць сплаў з Гарадкоў. Даехаць да іх можна толькі заказным транспартам праз Падвялікае або праз Паўлава Слонімскага раёна. У абодвух выпадках будзе прыкладна 35-36 кіламетраў ад Дзятлава.

Падчас сплаву вам не надакучыць з замілаваннем любавацца прыбярэжнымі краявідамі, векавымі дубамі, якія там-сям учапіліся карэннем у бераг, па словах таго ж Янкі Брыля — дубамі-баравікамі. Некаторыя з іх, падмытыя за сотні гадоў паводкавымі водамі, схілілі галовы да самай вады ці зусім утапіліся, але гэта ў адрозненне ад вузкай Моўчадзі не дазваляе ім перагарадзіць усё рэчышча. Заўсёды застаецца шмат месца для манеўра. Таму на Шчары можна дзясяткамі хвілін сушыць вёслы, рабіць замалёўкі, фотаздымкі, сэлфі, а часам і «драмануць». Паўсюль нескладана знайсці месца, каб спыніцца для кароткага адпачынку, перакусу ці купання. На выпуклых берагах час ад часу з`яўляюцца пакатыя ўчасткі з чыстым гарачым пясочкам, месцамі да самага берага падступае лес, найчасцей хваёвы. Няма праблем і з дровамі для вогнішча. На адлегласці ад ракі да Гарадкоў і Вялікай Волі магазінаў няма, спадзявацца на аўталаўку рызыкоўна, таму харчы на ўсе дні трэба браць з сабой. Пра пітную ваду ўжо ўпаміналася. Але надзейней ёй таксама запасціся загадзя, тым больш што яна на плечы турысту-водніку не будзе ціснуць.

У Гарадках, Трахімавічах і Вялікай Волі трэба абавязкова наведаць абеліскі ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, пакласці кветкі, аддаць даніну павагі хвілінай маўчання, можна зачытаць урыўкі ўспамінаў сведак трагедыі з кнігі Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка і Алеся Адамовіча «Я з вогненнай вёскі». Пабываць у пустым зараз доме адпачынку «Рэчанька», зрабіць экскурсію ў адноўленую партызанскую зямлянку побач з ім.

Вада ў Шчары з чырванаватым «палескім» адценнем, але значна цяплейшая, чым у Моўчадзі, больш рыбная. На вуду нават неспрактыкаванага рыбака часцей трапляе акунь, плотка ці лешч. А ў спякотныя летнія дні ў прыбярэжным аеры на плыткіх мясцінах мне з вучнямі не раз удавалася налавіць рукамі некалькі дзясяткаў дробязі на наварыстую юшку. У лясах хапае суніц, брусніцаў, чарніц, сустракаюцца зараслі маліны і ажынаў, а ў другой палове лета за гадзіну можна сабраць кош грыбоў.

Прыгажосць краявідаў, цішыня, зрэдку патрывожаная клёкатам буслоў ці дзікіх качак, бязлюддзе ствараюць непаўторную атмасферу для душэўнага адпачынку.
Здзіўляе зараз і тое, што вялікія абшары прыбярэжных лугоў не косяцца, не пасвіцца на іх жывёла, таму іншы раз, каб разбіць бівак, гэты травастой даводзіцца «касіць» вяслом ці рыдлёўкай. Але ёсць і другі бок медаля: усё гэта спрыяе разнастайнасці флоры і фаўны. Сёння ў лясах каля Шчары можна ўбачыць і завезеных сюды нядаўна зуброў, і высакародных аленяў, не кажучы пра ласёў і казуль. У старыцах былі заўважаны балотныя чарапахі, а месцамі вока могуць парадаваць вялікія белыя. Таксама чырванакніжныя гарлачыкі і дзясяткі іншых рэдкіх раслінаў.

Не бойцеся таго, што Шчара глыбокая і небяспечная. Гэта рака для сплаву нашмат прасцейшая для пачаткоўцаў, чым Моўчадзь, а якая багатая яе гісторыя ад старажытнасці да нашых дзён. Сёлетні 75-гадовы юбілей Вялікай Перамогі — найлепшая нагода, каб пабываць на ёй, каб аддаць даніну павагі тым, хто коштам свайго жыцця здабываў яе.

Мне давялося сплаўляцца па Шчары не менш за дзесяць разоў, пачынаючы ад Быценя і Шылавічаў, ад Слоніма да Міцькавічаў, ад Прырэчча і Гарадкоў. Магу зрабіць выснову: чым бліжэй да вусця, тым яна прыгажэйшая. Менавіта таму, каб захаваць гэту прыгажосць, на пачатку двухтысячных гадоў створаны ландшафтны заказнік Ліпічанская пушча. У нашым раёне ён займае тэрыторыю паміж прытокамі Шчары, рэкамі Пад`яваркай і Хлеўнай ад вёскі Лозкі і да правага берага асноўнай ракі паміж Малой і Вялікай Воляй.

У межах гэтага прыродаахоўнага дзяржаўнага аб`екта турыстам спыняцца на начлег можна толькі на платных абсталяваных стаянках, абмежаваны многія правы падарожнікаў. Каб выпадкова не папасціся пад значныя штрафныя санкцыі, загадзя ўзгадняйце з лясгасамі правілы паводзінаў у заказніках. А пакуль межы яго не пашыраны, спяшайцеся на Шчару, спяшайцеся ў партызанскі край, спяшайцеся нацешыцца дадзенай вам Усявышнім прыгажосцю роднага краю, беражыце яго для нашчадкаў.

Тэлефон для даведак:
8-015-63-62-1-95
+375 44 522-71-75 (пытаць Васіленка Вольгу)

Шчара — рака партызанская. Пачатак

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание