
Хлопцы з ПТВ

Мужчыны летам на лодцы
На фотаздымак мужчын летам на лодцы, надрукаваны ў мінулым нумары «Аддушыны», адгукнуўся наш чытач Віталь Фядотаў.
— У цэнтры на фотаздымку я. Ззаду за мной — Андрэй, які, здаецца, і цяпер працуе выратавальнікам Таварыства выратавальнікаў на вадзе. Справа сядзіць Хомчык, калі не памыляюся, зваць яго Ігар. Здымак гэты зроблены на Шчары на гарадскім пляжы недзе ў пачатку 90-х гадоў, — расказаў Віталь.
Напярэдадні выхаду газеты ў рэдакцыю патэлефанаваў з Санкт-Пецярбурга адзін з герояў фотаздымка мужчын летам на лодцы, Генадзь Кашубовіч.
— На гэтым здымку я пазнаў сябе і іншых нашых выратавальнікаў са Слонімскай выратавальнай станцыі пачатку 90-х гадоў. Злева направа на лодцы сядзяць Руслан Антонік (Русік), у цэнтры з шапкай я, справа Хома (здаецца, прозвішча яго Хомчык), ззаду вадалаз Ціма, так мы яго звалі. Наогул, матросам-выратавальнікам на станцыі быў толькі я, астатнія трое хлопцаў — вадалазы. Іх часта выкарыстоўвала міліцыя для пошуку тапельцаў пад вадой. Хачу сказаць, што мы ў той час часта ратавалі дарослых і дзяцей, якія тапіліся ў Шчары, — распавёў па вайберы Генадзь Кашубовіч.
Нашы чытачы Андрэй Астапенка і Людміла Хвесяня пазналі міліцыянера-кінолага з «Аховы» Леаніда Кліманцова на фотаздымку ў №25. Свайго мужа, колішняга начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела Слонімскай фабрыкі гасцінічнай мэблі, Віктара Цімафеевіча Собалева, на фотаздымку з №24 пазнала яго жонка Валянціна Іосіфаўна. Побач з мужам Валянціна Іосіфаўна пазнала таксама Мікалая Пузырова, які працаваў сталяром на КПЗ.
Фота з архіва «ГС»