Наверх
Слоним
небольшой дождь
18 °C
Зельва
дождь
18 °C
Волковыск
небольшой дождь
20 °C
Мосты
облачно с прояснениями
20 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
20 °C
Барановичи
небольшой дождь
16 °C
EUR 3.0318
USD 2.5992
RUB(100) 3.3813
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

«Ой, Нёман, і песня, і слава народа майго і зямлі!»

4 июля 2020 13:20
Поделиться:
Любча

Фота: f.otzyv.ru

Працяг

Другі, малодшы любчанец, І.А.Пячынскі, бязмерна ўлюбёны ў сваю малую радзіму, стварыў дабрачынны фонд «Любчанскі замак» і звыш дваццаці гадоў днём і ноччу з кельмай ці рыдлёўкай сам разам з валанцёрамі, з нераўнадушнымі любчанцамі і іншымі жыхарамі Навагрудчыны і Беларусі, збіраючы па капейцы, па рублі, па цаглінцы, надаў яму першапачатковы сярэднявечны выгляд. Пры гэтым вельмі часта замест дапамогі ад зацікаўленых дзяржаўных ці грамадскіх структур трапляў пад крытыку.

А зараз уявіце, якую памылку ў свой час нехта зрабіў, ліквідаваўшы вузкакалейную чыгунку. Айчынныя і замежныя турысты, студэнты, школьнікі, навукоўцы, ураджэнцы Навагрудчыны, пазнаёміўшыся з першай сталіцай ВКЛ, мелі б магчымасць у «цацачным» вагончыку, па рэйках, пятляючы паміж далінаў і ўзгоркаў, любуючыся непаўторнымі краявідамі, прыехаць у Любчу на бераг Нёмана. Тут са сцен адноўленага замка паглядзець на Налібоцкую пушчу, папалуднаваць, замовіць вячэру, пераначаваць у атмасферы сярэднявечча, зрабіць на рыбным катары прагулку па рацэ ў бок Дзяляцічаў ці Купіска, наведаць музей, пагаварыць са старажыламі, некалькі дзясяткаў якіх яшчэ жыве. Яны добра памятаюць жыццё былога раённага цэнтра, атмасферу любчанскіх базараў і іншых пасляваенных падзей. Давайце ж хутчэй ад размоў аб развіцці турыстычнай індустрыі пераходзіць да дзеяння, да адраджэння гэтай справы на практыцы!

Канечне ж, Шчорсы і Любча — адны з важнейшых пасяленняў на верхнім Нёмане, але ёсць яшчэ Дзяляцічы, знакамітыя сваімі плытагонамі, Морына з калісьці магутным цагляным заводам, які адпраўляў баржамі чырвоную цэглу на будоўлю Гродна, Бярозаўкі са старэйшым у Беларусі шклозаводам і музеем непаўторных вырабаў мясцовых майстроў-шкладуваў.

На правым беразе Нёмана, ніжэй Бярозаўкі, акурат насупраць сярэднявечных бродаў, па правым шляху з Навагрудка на Гародню, раскінулася старасвецкае мястэчка Беліца. У XV стагоддзі гэта было велікакняжацкае ўладанне, а пазней — магнатаў Глінічаў-Радзівілаў. Гетман Радзівіл Руды ў 1553 годзе заснаваў тут кальвінскі збор, у якім пазней праходзілі кальвінскія сіноды. У XIX стагоддзі тут дзейнічалі праваслаўная царква, касцёл і сінагога, штогод праводзіліся чатыры кірмашы, а да 60-х гадоў XX стагоддзя ў мястэчка здалёк з`язджаліся людзі на знакамітыя свіныя базары. На паўночна-ўсходняй ускраіне Беліцы бескурганны могільнік, а ў яе ваколіцах — дзясяткі стаянак старажытнага чалавека. Сёння праз Беліцу ідуць аўтамабільныя трасы М11 і Р141.

Ніжэй Беліцы ўздоўж Нёмана будуць вартымі ўвагі турыстаў-воднікаў Збляны з цікавай праваслаўнай царквой, багатымі традыцыямі народнага ткацтва. Далей — Панямонцы, вёска «прафесійных» рыбакоў (яшчэ з часоў панскай Польшчы тут дзейнічала рыбалоўная арцель), а за ёй — аграгарадок Пескаўцы з сярэдняй школай, паштовым аддзяленнем, магазінам. Насупраць Панямонцаў, на левым беразе — вёска Дзятлаўскага раёна з цікавай назвай Латышы, каля вёскі некалькі стаянак і гарадзішча першабытнага чалавека. У самой вёсцы засталося жыць не больш за 3-4 чалавекі. За Латышамі клінам у тэрыторыю Дзятлаўскага раёна на левым беразе Нёмана ўразаюцца землі Лідскага раёна з вёскай Карытніца, якая раскінулася нібы ў вялікім «карыце» паміж дзвюма доўгімі пясчанымі гарбамі-дзюнамі.

За Карытніцай на левым беразе Нёмана яшчэ тры вёскі Дзятлаўскага раёна. Праўда, сама рака за многія стагоддзі на кіламетр-два адышла ад Дзямянаўцаў, Шаршнёў і Гузнёў, пакінуўшы жыхарам гэтых вёсак старыцы, а паміж імі і берагам сучаснага рэчышча — маляўнічыя дубровы з векавымі дубамі-волатамі, з прыгожымі палянамі і пясчанымі пляжамі. Менавіта тут мы, дзятлаўскія турысты-воднікі, звычайна і заканчваем свае маршруты, пачынаючы іх ці на Моўчадзі, ці на Нёмане з Любчы, Шчорсаў або з-пад Стоўбцаў.
Шаноўныя аматары падарожжаў, калі ў вас ёсць некалькі вольных летніх дзён і вам хочацца правесці іх запамінальна, калі ёсць жаданне пажыць у атмасферы плытагонаў ці купцоў, якія плылі крамянё­вым і бурштынавым шляхам з «варагаў у грэкі», ці рыбакоў, якія здабывалі невадам сродкі на жыццё, папоўніць свае веды па гісторыі прынёманскага краю ці проста адпачыць ад гарадскога шуму, смела пакуйце заплечнікі, рыхтуйце намёты, спальныя мяхі. Нёман чакае вас! Рака гэтая хоць і глыбокая месцамі, хоць і забрала жыццё ў тысяч заваёўнікаў, а бывала, і ў сваіх неасцярожных людзей, на самай справе мірная, прыгожая, дазваляе тым, хто ўпершыню апынецца на яе водах і будзе выконваць элементарныя правілы паводзін, цудоўна адпачыць, яшчэ больш палюбіць і ацаніць свой край, сваю малую радзіму, сваю Беларусь.

У 1975 годзе мне давялося за адно лета ў два прыёмы прайсці гэтую раку амаль ад вытокаў з Мікалаеўшчыны да яе вусця і праз Куршскую затоку да Клайпеды. Праўда, шлях ад Каўнаса да мора быў на камфартабельным рачным цеплаходзе на падводных крылах. Уражанні і бязмерная любоў да гэтай ракі засталіся на ўсё жыццё. Пасля таго мяне захапіў неадольны спартыўны азарт, што пацягнуў пакараць адну за адной бурлівыя горныя рэкі ў розных кутках былога СССР. Але Нёман застаўся для мяне, па словах Адама Міцкевіча, радзіннай ракой.

Цяпер, калі мне ўжо даўно за 70 і здароўе не вельмі дазваляе шмат дзён жыць у паходных умовах, з надыходам цяпла ўсё часцей усплываюць у памяці то асобныя эпізоды і моманты, то нават і цэлыя дні, праведзеныя на акваторыі бацькі-Нёмана.

Нёман вас чакае! Ён вам гатовы аддзячыць сваёй прыгажосцю, некранутай цішынёй, летнім сонцам і цёплым дажджом, грыбамі і ягадамі з прыбярэжных лясоў. А некаторым падорыць і пару акунёў ці плотак на юшку.

Дзятлаўскі раённы спартыўны клуб прапануе дапамогу ў арганізацыі водных турпаходаў.

Тэлефоны для даведак:
8-015-63-62-1-95,
+375 44 522-71-75
(пытаць Васіленка Вольгу).

«Ой, Нёман, і песня, і слава народа майго і зямлі!». Пачатак

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание