Наверх
Слоним
ясно
9 °C
Зельва
ясно
9 °C
Волковыск
ясно
10 °C
Мосты
ясно
10 °C
Дятлово
ясно
10 °C
Барановичи
ясно
9 °C
EUR 3.0046
USD 2.5402
RUB(100) 3.3226
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Глыбокая каляіна

5 июля 2020 11:00
Поделиться:
каляіна

Малюнак Яўгена Іванова

Ледзь толькі прачнуўся гультаяваты лістападаўскі дзень з нізкімі хмарамі, што гатовы былі праліць халодны дождж, салдацкая ўдава Маня Купельская папрасіла ў брыгадзіра каня, каб з`ездзіць у недалёкі лес па сухастой, які нарыхтавала на мінулым тыдні.

— Дарога размыта, бо гэтак лілі дажджы, а конік слабаваты, глядзі, каб воз не заграз, — папярэдзіў.

— Я асцярожненька… Ехаць трэба, бо дровы ўжо канчаюцца, а неўзабаве халады.

Маня пакінула з суседкай Нінай свайго пяцігадовага сыночка Віцю, узяла ў дрывотні сякеру і пілу, каб яшчэ спілаваць якую сухастоіну, і падалася ў лес. Села на воз — высокая, худая, з упалымі вачамі, але такімі прыгожымі, чорнымі, нібы ноч.

«Сама як тая сухастоіна, — не раз думала з горыччу. — І не дзіва, бо ў дваццаць пяць гадоў, як прыйшла пахавальная на мужа, засталася адна. Вайна закончылася, многія вярнуліся, а мой Максім ужо ніколі не вернецца…»

Неўпрыкмет заехала на вузкую дарожку, па невысокім кустоўі з цяжкасцю павярнула каня назад і пачала цягаць ды складваць сухастой. Спілавала яшчэ адну елачку, з якой ужо асыпалася ігліца, прыладавала зверху. Склала ўсё акуратна, каб не раз`ехалася, а потым яшчэ перавязала вяроўкай.

«Цяпер надзейна, — падумала, выціраючы з высокага лба пот. — Пакуль не нападаў снег, трэба будзе яшчэ вазы са тры назбіраць, каб зімой не цягацца. Тут дроў хапае. Але гэта ўжо як падмерзне, бо ўперадзе надта ж глыбокая каляіна, каб хоць не загразнуць».

Сівы конік паволі цягнуў воз. Калі пад`язджалі да каляіны, Маня скіравала ўправа, каб абмінуць, але заднія колы такі з`ехалі.

— Конік, міленькі, пастарайся, — прасіла Сівога, нібы ён мог зразумець. Крыху, зусім нямоцна, шкадуючы, шляганула па крупе лейцамі. Ён натужна рвануўся, патупаў, але воз — ні з месца.

— Усё, трапілі мы з табой у пастку… — прамовіла са слязамі.

— Што, гаспадынька, кажаш, не пашанцавала? — побач стаяў малады мужчына ў шынялі з рэчавым мяшком за плячамі. Высокі, статны, з-пад салдацкай пілоткі віднеліся сіваватыя валасы.

— Ой, не ведаю, што і рабіць…

— Не бядуй, дамо рады, — бадзёра сказаў незнаёмец.

Ён скінуў рэчавы мяшок, зняў шынель.

— Дай, гаспадынька, сякеру. Трэба падкласці пад колы галля, скінуць з воза палову дроў, і тады твой конік з нашай дапамогай здолее выцягнуць.

Калі воз ужо стаяў на цвёрдай зямлі, мужчына апрануўся, узяў свой мяшок.

— Дзякуй… Такая глыбокая каляіна, без вас я тут прамучылася б да вечара.

— Ну, значыць, вам са мной пашанцавала, — усміхнуўся ён.

Конь цягнуў воз, а яны ішлі крышку ззаду і размаўлялі. Іван Суражскі, так звалі салдата, ішоў у вёску Беражкі.

— У мяне ўся сям`я загінула: і жонка, і сынок… Хату немцы спалілі. А ў Беражках жыве цётка, родная бацькава сястра. Думаю, пакуль што ў яе пажыць.

— Дык і я ж з Беражкоў! — Маня ажно прыпынілася. — А як завуць цётку?

— Вера Нічорская.

— Памерла яна яшчэ летам…

— Не ведаў… Цяпер трэба назад варочацца, але куды падацца?

— Жывіце ў мяне, Іван, — раптам нечакана для сябе прапанавала Маня. — Перазімуеце, а потым будзе відаць…

— Буду ўдзячны за прытулак. Я не сядзецьму склаўшы рукі. Што трэба ў гаспадарцы — зраблю, у калгас на работу стану хадзіць.

Пакуль не наступілі маразы, Іван нацягаў з лесу моху, кастрыцы і ўцяпліў прызбу, паправіў дзверы ў хляве, а потым пайшоў у калгас на розныя работы.

Манін сынок Віця хутка пасябраваў з дзядзькам Ванем, пачаў называць яго таткам. Маня за ім пачувалася спакойна і ўпэўнена, не ведала, як дзякаваць Богу за такога слаўнага чалавека.

Вясной, калі прыйшла пара брацца за агароды, Іван узяў у калгасе каня і ўзараў участак пад грады і бульбу, потым ра­зам з Маняй пасадзілі ўсё.

— Трэба яшчэ прывезці той воз дроў, што нарыхтаваны. Тры перад зімой прывезлі, а чацвёрты застаўся, — прапанаваў Іван.

Яны прывезлі і складвалі пад дрывотняй, каб падсохлі. І не заўважылі, як на падворак зайшла жанчына. Невысокая, спрытная. Сама маладая, а валасы сівыя…

— Ванечка, родненькі! І праўда жывы! Сказалі, а я не паверыла, — кабета падбегла да Івана і кінулася яму на шыю. Абняла так, што, здаецца, ніякая сіла не змагла б адарваць.

Ён гладзіў яе па галаве, і з вачэй каціліся слёлы.

— Кацечка, жывая… — шаптаў як у сне. — А сынок жа дзе?

— І ён жывы. У мацеры пакінула, а сама сюды, — затуманеныя слязамі вочы жанчыны свяціліся шчасцем.

— Гэта жонка мая, Кацярына, — патлумачыў Іван. — А гэта Маня, яна прыняла мяне, калі не было дзе галаву прыхіліць, бо людзі сказалі, што вы з сыночкам загінулі, а хата згарэла. Я сам быў у нашай вёсцы і бачыў.

— Мы цяпер у мамы ў Стайках… Пойдзем жа, Ванечка, хутчэй на станцыю, наш цягнік праз паўтары гадзіны.

Маня была ў роспачы. Як не сваім голасам прапанавала:

— Ідзём жа ў хату… Паешце з дарогі… і на дарогу…

Есці яны не сталі, толькі Іван збегаў у хату і забраў свае рэчы.

— Дзякуй, Манечка, што дала прытулак. Не забуду тваёй дабрыні ніколі… — сказаў ціхім голасам.

Яны пайшлі. На павароце вуліцы Іван азірнуўся, памахаў рукой. І яна памахала ў адказ.

— Вось зноў я апынулася ў глыбокай каляіне… — падумала, глытаючы слёзы. — І цяпер ужо ніхто не паможа выбрацца да скону дзён.

І раптам праменьчык надзеі. А дзеткі ж! І Віця, і той сынок ці дачушка, што павінен нарадзіцца.

— Твой татка пра цябе і ведаць не будзе… Ды нічога, мы і адны справімся, — шаптала, і ў яе голасе горыч была перамешана з радасцю…

Наш канал в Telegram