
Ілюстрацыйнае фота tips-ua.com
— Здароў, браток! Здароў, Лукаш!
Куды ты выбраўся з расою?
— Дык у Дзярэчын, на кірмаш,
Бягу за новаю касою.
— Зноў парасят вязеш, Іван?
О, імі бойка там гандлююць!
А мне, — махнуў рукой Сцяпан, —
Заўсёды свінні не шыкуюць…
Кірмаш. Эпоха, сон і цуд,
Мястэчка шык, праява, мудрасць.
Пад старасць, з`еўшы солі пуд,
Ледзь усвядоміў тваю сутнасць.
Твой гоман, мітусню і смех,
Матораў спеў і коней ржанне.
Штогод збіраў ты іх у мех
І сыпаў зранку да змяркання.
Пчаліны рой, мільён людзей.
Мой бацька на кірмаш паклікаў.
Як сэрца рваў з маіх грудзей
Пах першых новых чаравікаў!
Пад вечар, нібыта гракі,
Вазы, кульгаючы, цягнуліся дадому.
І галасілі пад Лабзовам «Ручнікі»,
За Грабавам — «Паелі конікі салому».
Ох, і цвіла, кірмаш, твая краса!
Нібы імперыя — і толькі мацярэла!
Краса твая — сірочая сляза —
З душы Дзярэчына упала, скамянела.
Прайшло, адгаманіла, адгуло,
Як на кастры, ушчэнт перагарэла…
Цяпер малым кажу: калісь было —
Грымеў Кірмаш, мястэчка аж дурэла!
На жаль, прайшоў той горкі час,
Не пажадаў бы і свайму ўнучку.
Ужо нехта выдыхнуў трагічна у адказ:
«Памерла ў тым Дзярэчыне таўкучка…»
Жыве Кірмаш, як казачны прывід,
У сэрцах, па няпісаных законах.
Жыве, як той бязногі інвалід,
У якога я, маленькі, краў пістоны.