Наверх
Слоним
переменная облачность
18 °C
Зельва
переменная облачность
18 °C
Волковыск
небольшой дождь
14 °C
Мосты
пасмурно
14 °C
Дятлово
пасмурно
14 °C
Барановичи
облачно с прояснениями
18 °C
EUR 3.057
USD 2.6264
RUB(100) 3.3365
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Еўрарамонт у Петруках

19 июля 2020 12:14
Поделиться:
На жыццёвых скрыжаваннях
еўрарамонт

Малюнак Яўгена Іванова

— А чаму гэта ваша вёска так дзіўна называецца — Петрукі? — маладжавая баба з вялікай дарожнай сумкай спынілася каля Лёдзі Вярцімкі, якая ў агародчыку палола кветкі.

— Што ж тут дзіўнага? Раней у нас амаль ва ўсіх было прозвішча Петрукоўскія. Таму і вёска называецца Петрукі. Я так думаю… Ды, урэшце, якая вам розніца? І наогул хто вы такая, што надта цікавіцеся?

Лёдзя ўважліва паглядзела на чужую кабету. Яна была высокага роту, таўставатая, з кароткай стрыжкай крыху пасівелых валасоў.

— Цікаўлюся таму, што я тут буду жыць. Хату купляю ў Антаноўскага, якога вы па-вясковаму называеце Амерыканцам. Ён прыедзе вячэрнім цягіком. Наконт усяго ўжо дамоўлена.

Я заплачу грошы і буду тут гаспадыняй…

— А, дык гэта вы… Толькі Антаноўскі не амерыканец, а ўнук таго чалавека, што даўным-даўно ездзіў у Амерыку на заробкі. З таго часу ўсе ягоныя нашчадкі называюцца амерыканцамі, — унесла яснасць Лёдзя.

— А мне па барабане, — махнула рукой баба. — Галоўнае, што нядорага прадае і мясціны ў вас цудоўныя: лес, возера, і да прыпынку цягніка блізка. Буду мець свой куток, бо сын з нявесткай з мінскай кватэры выжылі, у сястры амаль паўгода жыла.

— А завуць жа цябе як? — пацікавілася Лёдзя.

— Кацярына я.

— А я Лёдзя. Мы ж будзем суседкамі, так што трэба сябраваць. Мне вось што цікава: як гэта ты, Кацярына, наважылася купляць хату, ні разу яе не бачыўшы?

— А інтэрнэт навошта? Усё бачыла і ўсё ведаю. Я, мая ты галубка, зраблю такі еўрарамонт, што ўсе вашы Петрукі будуць бегаць глядзець.

— Чаму ж не зробіш, абы грошы. Нават магу падказаць майстра.

— Потым, Лёдзечка, мне трэба адпачыць з дарогі ды перакусіць.

— То я дам ключ. Антаноўскі мне яго заўсёды пакідае.

Лёдзя схадзіла ў хату, прынесла звязку ключоў, пакруціла ў руцэ і паказала, якім трэба адмыкаць.

Назаўтра ранічкай, калі Амерыканцаў унук, атрымаўшы грошы, паехаў назад у свой Магілёў, Кацярына пачала выносіць з хаты рэчы, якія ёй былі непатрэбны. Усё пацягала ў пуню.

А потым паехала ў райцэнтр у магазін будаўнічых матэрыялаў і на нейкім грузавіку прывезла ўсё, што патрэбна для еўрарамонту.

— Ну, цяпер можна і майстра шукаць, — сказала вечарам Лёдзі. — Дык каго параіш?

— Ёсць тут у нас адзін працавіты чалавек. Ён у Мінску жыў, а як пайшоў на пенсію, жонка прагнала з дому. Ведзьма, а не баба, бо на такога чалавека грэх дрэннае слова сказаць, а яна ўвесь час лаецца. Наша яна, мясцовая, але даўно ў горадзе. Міхася свайго пасяліла ў старой бацькоўскай хаце. Дык ён там такі рамонт зрабіў! Лазеньку пабудаваў, склеп перасыпаў, новы плот хоча паставіць. А які ў яго агарод! Ні ў адной вясковай бабы так не расце агародніна, як у яго. Жонка як зрэдку прыедзе, то на ўсю вёску лаецца: «Знайдзі тут сабе якую бабу і выпісвайся з кватэры!» І мяне не адзін раз прасіла, маўляў, пасватайце яму каго-небудзь. Змяюка, пенсію яго атрымлівае, а яму капейкі выдзяляе.

— А чаго гэта ён так папусціўся?

— Характар такі мяккі мае. Няма ў яго злосці. Каб даў пару разоў кухталя, то ведала б, як пенсію забіраць.

— Дурны. Перавёў бы на картачку, ды і ўсё. Сам распараджаўся б сваімі грашамі.

— Кажу ж, спакойны залішне.

На другі дзень з самага ранку Кацярына пайшла наймаць майстра для еўрарамонту. Міхась якраз быў дома, прымацоўваў новыя варотцы ў агарод. Высокі, худы, прыгожы з твару.
«І што там за баба такая бесталковая? Гэтакага мужчыну выгнала!» — пранеслася ў галаве.

Міхась адразу згадзіўся зрабіць еўрарамонт і разам з Кацярынай пайшоў, так бы мовіць, вызначыць фронт работ.

— Якую ж плату возьмеце? — пацікавілася гаспадыня.

— Потым разбяромся.

Вясковыя бабы то адна, то другая часта бегалі паглядзець на той рамонт. Шчыра кажучы, не так на яго, як на адносіны Кацярыны з Міхасём.

— Ой, дзеўкі, яна ж яму сарочкі мые і есці варыць! — дзялілася назіраннямі адна.

— Дык ён жа ўжо і начаваць дадому не ходзіць. Не маню, каб я з гэтага месца не сышла! — казала другая.

Праз месяц з невялікім, калі рамонт быў закончаны, але Міхась па-ранейшаму дняваў і начаваў у Кацярыны, у вёску злосная як аса прымчалася ягоная жонка Паліна.

Уварваўшыся ў хату да суперніцы, залямантавала на мужа:

— Чаму ты пенсію на картачку перавёў?!

— Ты сваю пенсію маеш, ёй і карыстайся, а маю не атрымаеш ніколі. Узяла моду! — Міхась павысіў голас, і Паліна была здзіўлена і абурана.

— Гэта яна цябе падвучыла, разлучніца! — накінулася на Кацярыну.

— Дык ты ж усіх у вёсцы прасіла, каб знайшлі якую бабу твайму няўдаламу мужыку. Вось і знайшлася такая. А цяпер прэч з маёй хаты!

Вось які еўрарамонт быў у Петруках. Кацярына, можна сказаць, адным махам і жыллё сваё прывяла ў парадак, і мужа знайшла прыгожага ды працавітага. А як Міхась быў рад, то пра гэта і казаць не варта…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание