Наверх
Слоним
небольшая облачность
15 °C
Зельва
небольшая облачность
15 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
14 °C
Мосты
облачно с прояснениями
14 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
14 °C
Барановичи
облачно с прояснениями
13 °C
EUR 3.0365
USD 2.5755
RUB(100) 3.4258
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Колькасць назіральнікаў на выбарчых участках абмежавалі — рэакцыя праваабаронцаў

1 августа 2020 11:44
Поделиться:
выбары

Ілюстрацыйнае фота

Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў 22 ліпеня прыняла Пастанову па зменах у сваю ж пастанову ад 08.05.2020 № 15 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку накіравання і дзейнасці назіральнікаў пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе».

Згодна са зменамі, на перыяд сёлетняй выбарчай кампаніі ўстаноўлены абмежаванні па колькасці назіральнікаў, якія могуць знахо­дзіцца на ўчастку для галасавання: да 5 назіральнікаў — у асноўны дзень галасавання, да 3 — у перыяд датэрміновага галасавання. Акрамя таго, прадугледжана, што на выбарчых участках, дзе колькасць сяброў участковых выбарчых камісій складае не больш за 7 чалавек, максімальная колькасць назіральнікаў не можа складаць больш за палову ад складу камісіі.

Заява кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»

У адпаведнасці з артыкулам 13 Выбарчага кодэкса, падрыхтоўка і правядзенне выбараў Прэзідэнта ажыццяўляюцца адкрыта і галосна. Рэалізацыя гэтага прынцыпу забяспечваецца ў тым ліку правам прысутнічаць на ўчастках для галасавання назіральнікам.

Улічваючы тое, што на момант прыняцця зменаў у адпаведную пастанову ЦВК у якасці назіральнікаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі акрэдытавана больш за 40 000 назіральнікаў, якія прадстаўляюць праўладныя палітычныя партыі і грамадскія аб`яднанні, можна зрабіць выснову, што ўладамі былі штучна створаны ўмовы, пры якіх незалежнае назіранне за этапам галасавання і падліку галасоў было фактычна спынена. Правядзенне ў такіх умовах галасавання і падліку галасоў супярэчыць стандартам свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбараў.

Пры абмеркаванні праекта зменаў у пастанову старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына спаслалася на Рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя па правя­дзенні санітарна-супраць­эпідэмічных мерапрыемстваў пры правядзенні выбараў Прэзідэнта. Але аналіз гэтых рэкамендацый дазваляе зрабіць выснову, што яны з`яўляюцца адэкватнымі сённяшняй сітуацыі і накіраваны, перш за ўсё, на стварэнне неабходных умоў, пры якіх магчыма прадухіліць распаўсюджванне COVID-19. Пастанова ж ЦВК не ўлічвае гэтыя рэкамендацыі, беспадстаўна і штучна абмяжоўвае магчымасці назірання.

У адпаведнасці з Капенгагенскім дакументам Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, Рэспубліка Беларусь як дзяржава-ўдзельніца АБСЕ пацвердзіла, што прысутнасць назіральнікаў, як замежных, так і нацыянальных, можа павысіць аўтарытэтнасць выбарчага працэсу для дзяржаў, у якіх право­дзяцца выбары. Беларусь прызнала, што назіранне выконвае важную ролю ў павышэнні празрыстасці і падсправаздачнасці выбараў, а таксама ва ўмацаванні даверу грамадства да выбарчага працэсу.

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» раней ужо канстатавала, што створаныя ўладамі ўмовы выбарчай кампаніі не адпавядаюць міжнародным стандартам правядзення справядлівых, дэмакратычных выбараў, заснаваных на прынцыпах роўнай канкурэнтнай палітычнай барацьбы. Сённяшняе рашэнне ЦВК —гэта фактычна поўнае перакрэсліванне апошніх выбарчых працэдур у краіне.

Заклік да ўладаў Беларусі

Забяспечыць поўную рэалізацыю фундаментальных правоў і свабод чалавека, замацаваных у Канстытуцыі, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, Капенгагенскім дакуменце і ў іншых міжнародна-прававых дакументах у сферы правоў чалавека, у тым ліку — права на свабоду выказвання меркавання, права на мірныя сходы, права быць абраным на свабодных выбарах, права не падвяргацца адвольным затрыманням і спы­ніць ціск і запалохванне грама­дзян у сувязі з іх удзелам у выбарчай кампаніі.

Заклік да ЦВК

Перагледзець сваё рашэнне, якое сур`езна і беспадстаўна абмяжоўвае магчымасці назірання;
забяспечыць магчымасць анлайн-трансляцый галасавання і падліку галасоў, запрасіць адпаведнае фінансаванне, у тым ліку з крыніц, не забароненых заканадаўствам.

Заклік да ўчастковых выбарчых камісій

Для рэалізацыі прынцыпу роўнасці забяспечыць доступ для незалежных назіральнікаў у адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя.

Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч: «Гэта фактычна поўнае перакрэсліванне апошніх выбарчых працэдур…»

 Уладзімір Лабковіч

Праваабаронца Уладзімір Лабковіч

«Рашэнне ЦВК — гэта фактычна поўнае перакрэсліванне ўжо апошніх выбарчых працэдур у краіне. Гэта пярэчыць прынцыпу галоснасці, які прадугледжаны артыкулам 13 Выбарчага кодэкса. Цяпер улады право­дзяць выбары са сваімі выбарчымі камісіямі і сваімі назіральнікамі, а пры такой структуры немагчыма наогул казаць ні пра якія стандарты свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбараў.

Прыкра, што Ярмошына прыкрываецца інструкцыяй Міністэрства аховы здароўя, быццам бы дбаючы пра здароўе людзей, але ў іншым яна не хітрыць, бо ўсе яны яны баяцца маральнага ціску на сяброў УВК. Цяжка фальсіфікаваць выбары, калі за табой сочыць шмат лю­дзей. Гэта адказ на тую актыўнасць грамадства і жаданне назіраць за выбарамі. Улады баяцца любой грамадскай актыўнасці і адказваюць на гэта сваімі звыклымі метадамі. Спачатку ўлады закрылі УВК да 24 ліпеня, не праводзячы працу па акрэдытацыі назіральнікаў, затым праз чорны ўваход напампавалі ўчасткі сваімі фэйкавымі назіральнікамі з праўладных арганізацый, а затым зрабілі фармальнасць у выглядзе сённяшняга рашэння. Фактычна выбары згубілі свае апошнія атрыбуты выбарчай кампаніі і перайшлі ў стадыю спецаперацыі па захаванню статус-кво ў краіне», — падводзіць рысу пад рашэннем ЦВК абмежаваць колькасць назіральнікаў на ўчастках праваабаронца Ула­дзімір Лабковіч.

Вынікі першага этапу назірання: беспрэцэдэнтны гвалт

Уладзімір Лабковіч акрэсліў асноўныя рысы электаральнай кампаніі 2020 года і адрозненні яе ад папярэдніх.

«Гэтая кампанія суправаджаецца беспрэцэдэнтным гвалтам, які раней мы ніколі не бачылі. У нас так прынята, што выбарчая кампанія звязана са з`яўленнем тых ці іншых новых палітычных вязняў. Так было заўсёды, у кожную выбарчую кампанію. І кампанія 2001 года, і 2006 года, і 2010 года, акрамя 2015 года, усе кампаніі суправаджаліся рэпрэсіямі з боку ўлады да актыўных удзельнікаў, у тым ліку да кандыдатаў. Але ніколі гэта не было праявай ужо з першых этапаў выбарчай кампаніі. Зараз, на жаль, мы маем гэта фактычна з моманту прыняцця Палатай Прадстаўнікоў рашэння аб прызначэнні выбараў. Першыя адміністрацыйныя затрыманні адбыліся ў Мінску і іншых гарадах Беларусі ўжо 8 траўня, з першага дня абвяшчэння выбараў.

На дадзены момант мы маем 25 палітвязняў, большасць з якіх звязаная з удзелам у выбарчай кампаніі. Гэта, на жаль, і прэтэндэнты ў кандыдаты, і кіраўнікі і сябры ініцыятыўных груп, і блогеры. З самага пачатку выбарчая кампанія суправаджалася актыўнымі каментарамі аднаго з асноўных прэтэндэнтаў у кандыдаты — Аляксандра Лукашэнкі, які непасрэдна даваў указанні адносна сілавых рэакцый у дачыненні да тых ці іншых прэтэндэнтаў. Ён і не хаваў, што асабіста аддаў загад аб затрыманні Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі, — канстатуе праваабаронца і дадае: — Выбарчая кампанія захавала ўсе тыя працэдурныя хваробы, якія існавалі раней. Мы маем дыскрымінацыйны падыход у дачыненні да апанентаў улады, і гэта, на жаль, накладаецца на агульны фон гвалту, які адбываецца ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту».

Паводле spring96.org падрыхтаваў Мікола КАНАНОВІЧ

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание