Наверх
Слоним
облачно с прояснениями
17 °C
Зельва
облачно с прояснениями
17 °C
Волковыск
пасмурно
17 °C
Мосты
пасмурно
17 °C
Дятлово
пасмурно
17 °C
Барановичи
пасмурно
16 °C
EUR 3.0727
USD 2.6236
RUB(100) 3.3343
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Антон Трафімовіч: «Легальных падставаў затрымліваць мяне не было»

9 августа 2020 8:00
Поделиться:
Антон Трафімовіч

Антон Трафімовіч. Фота: "Радыё Свабода"

Затрыманні, штрафы і змяшчэнне ў пастарунак — вось і ўсё, што можа супрацьставіць дзеючая ўлада тым, хто змагаецца за праўду. Міліцыя, АМАП гатовыя пайсці на здзелку з сумленнем, каб толькі дагадзіць свайму гаспадару. Ахоўнікі лукашэнкаўскага парадку пачалі біць журналістаў. Адзін з пацярпелых — супрацоўнік «Радыё Свабода», у мінулым карэспандэнт нашай газеты, слонімец Антон Трафімовіч.

— Вы памятаеце той дзень, калі ўсё адбылося?

— Гэта было 15 ліпеня, калі шмат людзей прыйшло пада­ваць скаргі ў Цэнтральную выбарчую камісію ў сувязі з тым, што Цапкалу і Бабарыку не зарэгістравалі ў якасці кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары. Я працаваў там як журналіст, рыхтаваў тэкставы рэпартаж і вёў відэастрым. За гадзіну да закрыцця, каля шостай вечара, у раён вуліцы Мяснікова, дзе знаходзіўся натоўп людзей, пачалі прыязджаць аўтазакі з АМАПам і ўнутранымі войскамі. Праз пяць-дзесяць хвілін пасля закрыцця ЦВК, супрацоўнікі АМАПу сталі затрымліваць людзей проста ў мяне на вачах. Я ўключыў тэлефон і вёў відэатрансляцыю. Яна працягвалася прыкладна 10-15 хвілін. Калі ўсё скончылася і я сыходзіў з месца, проста з неадкуль да мяне падбеглі людзі ў цывільным, нічога не сказаўшы, скруцілі, заламалі рукі за спіну і павялі ў мікрааўтобус. Я не разумеў, што адбываецца, толькі заўважыў, што ў мяне пайшла кроў з носа. У мікрааўтобусе мяне паставілі на калені, на рукі за спіной надзелі наручнікі. А праз паўгадзіны прывезлі ў раённы адзел унутраных спраў Заводскага раёна Мінска і там пратрымалі каля гадзіны. Не складалі ніякіх пратаколаў і адпусцілі, нічога не патлумачыўшы.

— Чым аргументавалі ваша затрыманне?

— Мне нічога не сказалі. Не прадставіліся, не сказалі, што я зрабіў не так. Усё адбылося вельмі раптоўна. Не прайшло і пяці секунд, як я апынуўся ў мікрааўтобусе. Як я разумею, затрымлівалі людзей, якія былі ў той чарзе каля ЦВК.

— Вас яшчэ і білі?

— Гэтага не памятаю, бо ўсё было як у тумане. Калі падвялі да мікрааўтобуса, убачыў, што ў мяне цячэ кроў з носа. У той жа вечар, калі выпусцілі, паехаў у шпіталь. З дапамогай рэнтгена выявілася, што ў мяне пералом носа. Лор наклала чатыры швы, была парвана слізістая. Дадаткова яшчэ ў судмедэкспертызе зафіксавалі крывападцёкі на целе (на плячы і ў вачах), таксама засталіся сінякі ад наручнікаў на руках. І след ад удару на галаве. Усё гэта зафіксавана афіцыйна медыкамі.

«Гэта мой першы міліцэйскі хрост, але ён ніяк не паўплывае на тое, што я стану менш працаваць ці буду баяцца»

— Вас затрымалі толькі за журналісцкую дзейнасць?

— Я ўпэўнены, што так. Затрыманне журналістаў адбываецца не ў першы раз. Маіх калег ужо неаднаразова перад гэтым затрымлівалі, яны вялі стрымы з цэнтру Мінска падчас пратэстаў, пікетаў. Вось тое самае здарылася са мной. Легальных падстаў затрымліваць мяне не было.

— Гэта першае затрыманне ў вашым жыцці?

— Так. Раней мяне не затрымлівалі, парушэнняў ніякіх не было.

— Ці можна звязаць гэта затрыманне з выбарамі, якія маюць адбыцца?

— За апошнія некалькі гадоў журналістаў не затрымлівалі нават на не ўзгодненых з уладамі акцыях пратэсту. Яны абсалютна спакойна працавалі. Сёлета была афіцыйна дадзена каманда. Міністр унутраных спраў Караеў абвінаваціў «Радыё Свабода» ў тым, што яно каардынуе вулічныя пратэсты. Пра тое, што журналісты няправільна асвятляюць падзеі, казаў міністр інфармацыі Луцкі. Сам прэзідэнт неаднаразова згадваў пра блогераў, якія даюць недакладную інфармацыю. Прэтэнзіі да нашай працы з`явіліся гэтым летам і менавіта пасля таго, як выбарчая кампанія пайшла нечакана актыўна для ўладаў. У адрозненні ад дзяржаўных СМІ, мы асвятляем усё, чым выклікаем яшчэ большую ўвагу ў сваіх чытачоў і гледачоў.

— Затрыманы былі толькі два журналісты. Чаму? Іншых не чапалі ці толькі вы трапілі пад іх гарачую руку?

— Так, разам са мной была калега з БелаПАН Віялета Саўчыц. Лагічна зразумець, як і каго затрымліваюць, вельмі складана. Цягам апошняга месяца затрымалі некалькі дзясяткаў журналістаў. Такога брутальнага затрымання, як здарылася са мной, яшчэ не было. Чаму не затрымалі іншых журналістаў, я не ведаю.

— Я чытаў, што вас паставілі на калені…

— Так, мяне ўвесь час трымалі на каленях. З наручнікамі за спіной.

— Які досвед вы атрымалі з таго, што адбылося?

— Добрае пытанне. Я нічога не пытаў у людзей, якія мяне затрымлівалі. Я разумеў, што гэта яшчэ больш іх раз`юшыць і могуць скалечыць яшчэ больш. Калі я знаходзіўся ў такіх умовах, вырашыў выконваць іх загады, пакуль нешта не зменіцца — мяне не перададуць «сапраўдным» міліцыянтам. Пад словам «сапраўдныя» я разумею тых, хто быў бы ў форме, прадставіўся бы. Гэта мой першы міліцэйскі хрост, але ён ніяк не паўплывае на тое, што я стану менш працаваць ці буду баяцца.

— Ці ёсць нешта, што вас здзівіла, уразіла падчас знаходжання пад вартай?

— Я быў даўно гатовым да таго, што магу быць затрыманым. Праца журналіста ў пэўным сэнсе небяспечная. Дакладна не чакаў таго, што можа быць такая сіла прыменена, што магу быць збітым.

«Улада перасцерагаецца і сапраўды баіцца моцных канкурэнтаў, якіх не было даўно»

— У гэтым годзе перадвыбарчы час працякае горача і актыўна. На вашу думку, калі сітуацыя да лепшага не зменіцца, чаго чакаць пасля выбараў?

— Ведаеце, вельмі цяжка рабіць прагнозы, тым больш, што я не аналітык і не эксперт. Я сам асвятляю падзеі і бяру каментары ў экспертаў. Я бачу два варыянты: альбо значна лепш, альбо значнагорш. Хацелася б, каб у нас адбыліся мірныя перамены, каб ніхто пры гэтым не пацярпеў. У тым ліку, каб праца журналіста стала больш свабоднай і бяспечнай у Беларусі, бо зараз наша краіна з`яўляецца адной з самых небяспечных краінаў, прынамсі ў Еўропе, для журналістаў. Незалежным журналістам, якія не ўгодны ўладзе, складана тут працаваць. Хацелася б, каб змяніліся ўмовы, можна было працаваць, а не выходзіць на асвятленне акцыі і думаць: ці ты сёння апынешся ў пастарунку міліцэйскім, ці не?

— Як думаеце, Лукашэнка сапраўды баіцца сваіх канкурэнтаў, ці ён усё ж неяк мяняецца і, як сам кажа, клапоціцца пра незалежнасць краіны?

— Уся гэта рэакцыя з пераследам палітычных канкурэнтаў, з іх арыштам і пасадкай у турму, недапушчэнне да выбараў найбольш папулярных кандыдатаў кажа пра тое, што ўлада перасцерагаецца і сапраўды баіцца моцных канкурэнтаў, якіх не было даўно. Прынамсі, на папярэдніх выбарах у кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду такой падтрымкі не было. Рэакцыя на палітычных канкурэнтаў, на СМІ і журналістаў з боку ўлады — фізічна прадухіліць папулярнасць новых палітыкаў і любую актыўнасць людзей з іншымі думкамі. Хаця ў кіраўніцтва краіны ёсць свае інструменты — дзяржаўнае тэлебачанне і газеты з вялікімі накладамі — але, як аказваецца, яны ўжо абсалютна не здольныя ўплываць на людзей.

— Вернемся ўсё ж да вас. Як вы зараз сябе адчуваеце?

— Адчуваю сябе нармальна. 23 ліпеня знялі швы. З гэтага тыдня мне дазволены фізічныя актыўнасці. Костка у носе зарастае даволі хутка. Але засталіся юрыдычныя справы. Больш за тыдзень я не магу даведацца, дзе знаходзіцца пратакол, які на мяне склалі за непадпарадкаванне міліцыі. 17 ліпеня Заводскі РАУС Мінска склаў на мяне пратакол, нібыта я сам вінаваты, што мяне так брутальна затрымлівалі. Пратакол склалі, але ў суд ён не паступіў. Гэта нонсенс, каб ён па пошце ішоў так доўга. Такое ўражанне, што яго прытрымалі і ў зручны для сябе момант могуць распачаць суд, каб нейкім чынам на мяне паўплываць. Мне не зразумела, чаго яны дамагаюцца.

Таксама я напісаў заяву на ўзбуджэнне крымінальнай справы па артыкуле 198 Крымінальнага кодэкса — «Перашкода працы журналістаў». У Беларусі гэты артыкул мае крымінальную адказнасць, прадугледжваецца пазбаўленне волі да трох гадоў. Мне хацелася б, каб, сапраўды, следчыя знайшлі людзей, якія абсалютна неправамерна мяне затрымалі і пры гэтым ужылі моцную фізічную сілу, нанеслі пашкоджанні.

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание