Наверх
Слоним
облачно с прояснениями
14 °C
Зельва
облачно с прояснениями
14 °C
Волковыск
пасмурно
12 °C
Мосты
пасмурно
12 °C
Дятлово
пасмурно
12 °C
Барановичи
небольшая облачность
15 °C
EUR 3.0046
USD 2.5402
RUB(100) 3.3226
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Чорт у скабу

30 августа 2020 11:34
Поделиться:
Чорт у скабу

Малюнак Яўгена Іванова

На жыццёвых скрыжаваннях

Антось Шабулька збіраўся на работу доўга, нібы маладая да шлюбу. Ён уладкаваў на патыліцы пасму сівых валасоў і папырскаў іх жончыным лакам. Прымераў ці не сем гальштукаў, і тыя, што не спадабаліся, змейкамі распаўзліся па ложку ў спальні.

— Ну і куды павалачэшся пасля работы? — прыжмурыўшы вочы, спытала жонка Клаўдзя. — Не проста так тут круцішся.

— Угадала. У рэстаран пайду. Сёння ў нашага начальніка Пятра Піліпавіча юбілей. Загадана ўсім быць пры парадзе. Так што раней апоўначы дадому не чакай.

— А чаму без жонак?

— Пераб`ешся. У рэстаране хопіць баб і без цябе. Ты ж нідзе не працуеш, твой статус — хатняя гаспадыня, то і сядзі ў хаце.

— Плакаць не буду. Няма на цябе ніякага супынку, стары лавелас!

Калектыўныя паходы ў рэстаран Антось любіў да самазабыцця. І жывая музыка, і вясёлыя маладыя кабеты. Не тое што яго Клаўдзя — тоўстая, сварлівая, словам, зусім нецікавая.

Пасля першых дзвюх чарак Антось заўважыў, як у залу зайшлі дзве маладыя дзеўкі. Асабліва радавала вока адна. Яна была высокага росту, у чырвонай сукенцы, з чорнымі як смоль валасамі. Проста казачна прыгожая брунетка!

— От каб скінуць з плячэй гадкоў гэтак з дваццаць пяць, — падумаў з сумам. — І на халеру я ажаніўся з гэтай Клаўдзяй?.. Яна і тады была як пусты цэбар, тоўстая і без мазгоў. І дзе былі мае вочы, дзе розум?!

Антось задумліва пазіраў то на дзеўку, то на сталы, застаўленыя рознымі прысмакамі і бутэлькамі з пітвом. У такіх выпадках ён прытрымліваўся правіла: трэба ведаць меру, а то можна выпіць мала. Сёння амаль не піў, бо хацеў закадрыць брунетку з усімі выцякаючымі. Таемна ад жонкі ўзяў з сабой грошай, ведаў, што душа будзе прасіць працягу свята. Пытанне: згодзіцца яна ці не — стрэмкай засела ў галаве.

Зайгралі белы танец. Антось горка ўздыхнуў, гледзячы, як дзеўкі і маладзіцы паўсхопліваліся з месцаў і накіраваліся да кавалераў. Устала і брунетка. Ягоная душа апусцілася ў пяты і там ледзь варушылася, бо брунетка ішла проста да яго.

— Дазвольце… — мовіла ласкавым голасам.

Ён ускочыў, ледзь не перакуліўшы крэсла.

— З радасцю! — па худым маршчыністым твары вясновай лужынкай расплылася шчаслівая ўсмешка.

Потым яшчэ былі тосты ў гонар юбіляра, яшчэ былі танцы, але Антось з брунеткай нядоўга заставаліся ў зале. Яны гулялі па вуліцах, каталіся на таксі, і Антось вельмі настойліва напрошваўся ў госці.

Брунетка, якую звалі Кацяй, не запрасіла да сябе ў інтэрнат швейнай фабрыкі, але не адмовілася сустрэцца ў суботу. Антосева Клаўдзя збіралася ехаць у вёску да мацеры, і ён хацеў паклікаць дзеўку ў госці.

— Не думай, у мяне наконт цябе самыя сур`ёзныя намеры, — казаў, гледзячы Каці ў вочы. — Я ужо даўно надумаўся кінуць сваю старую і ажаніцца з маладзейшай, толькі шукаў патрэбную кандыдатуру. Ты якраз падыходзіш. Я, Кацечка, чалавек не бедны, бо ўвесь час добра зарабляю. Дзяцей у мяне няма, так што сабраў такі-сякі капіталец. Самы час патраціць яго і пажыць шчасліва з любімай жанчынай. А я цябе люблю… Зразумеў гэта з першага погляду. Так бы мовіць, чорт саўгануў у скабу. Дыхаць без цябе не магу… жыць не магу… Выходзь за мяне!

— Спачатку развядзіся, потым распішамся, прыпішаш мяне ў сваю кватэру… — загінала брунетка пальцы з доўгімі намаляванымі пазногцямі.

— А няўжо ж будзе інакш?! Толькі так!

Клаўдзя вестку аб разводзе ўспрыняла спакойна.

— Ды задушыся ты! — мовіла ад шчырага сэрца. — Сплаці мне за палову кватэры і прыводзь сюды хоць чорта лысага!

— А ты ж дзе будзеш жыць? — пацікавіўся клапатлівы муж.

— Да адстаўнога палкоўніка Купрыянава перайду, што ў другім пад`ездзе жыве. Як ты цягаўся па бабах, то я таксама часу марна не траціла. Не думай, не прападу. Купрыянаў чалавек прыстойны, культурны, не тое што ты — хамут хамутом!

Клаўдзя пайшла.

Антось, перш чым падаць на развод, вырашыў параіцца з сябрам Анатолем:

— Ты ж яе бачыў на юбілеі, — нагадаў. — Такая прыгажуня, што вачам зырка!

— Глядзі, каб зусім не аслеп, — скептычна сказаў Анатоль. — Нам ужо тапкі белыя трэба купляць, а не пра маладых брунетак думаць.

— Зайздроснік! То яна ж першая мяне на танец запрасіла ў рэстаране!

— Адчапіся, Антось! Што б я ні сказаў, ты ўсё роўна зробіш па-свойму.

Маладая жонка, пасяліўшыся ў кватэры, прымусіла Антося зрабіць дарагі рамонт, памяняць мэблю. І паўгода не мінула, як прывезла з аграгарадка маці і сястру з двума малымі хлопчыкамі.

— Няхай пажывуць у горадзе разам са мной! — сказа рашуча, бо муж не быў у захапленні ад прыезду новай радні.

— Я не хачу так жыць!

— Падавай на развод! Падзелім чатырохпакаёвую кватэру пароўну: табе два пакоі і мне два. Справядліва.

— Змяюкай залезла ў маю душу і прыгрэлася! — абураўся.

— А няўжо ты думаў, што я цябе люблю?!

— То казала ж!

— Які ты дурны! Ці мала што я казала? Змірыся са становішчам і жыві ў вялікай дружнай сям`і. А неўзабаве яна стане яшчэ большай, бо я забяру з аграгарадка свайго кавалера. Годзе яму там сядзець. Тым больш што ў нас хутка народзіцца дзіця.

— Якое дзіця?!

— Звычайнае. Хлопчык.

— Клаўдзечка, яна мяне падманула… — жаліўся Антось першай жонцы, сустрэўшы яе у двары. — Што я нарабіў?! Чорт саўгануў у скабу…

— Ведаў чорт, да каго прычапіцца, — скептычна сказала кабета і, не азірнуўшыся, пайшла ў свой пад`езд…

Наш канал в Telegram