Наверх
Слоним
пасмурно
11 °C
Зельва
пасмурно
11 °C
Волковыск
пасмурно
10 °C
Мосты
пасмурно
10 °C
Дятлово
пасмурно
10 °C
Барановичи
пасмурно
10 °C
EUR 3.057
USD 2.6264
RUB(100) 3.3365
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Хата ля чыгункі

13 сентября 2020 13:25
Поделиться:
На жыццёвых скрыжаваннях
Малюнак Яўгена Іванова

Малюнак Яўгена Іванова

— Бронечка, згуляем з табой вяселле і неўзабаве пачнём будаваць сваю хату, — Сцяпан Стасевіч ужо адыходзіў са спаткання дадому, а Броня праводзіла яго да варот. Вераснёўская раніца была золкая, з недалёкага лугу на іхнюю вёску Букаты напаўзаў туман.

— Ідзі ўжо, паспі крыху, бо неўзабаве на работу, — ласкава мовіла чарнавокая смуглая дзяўчына. — А наконт хаты, то і ў бацькоўскай пажывём.

— Я сваю хачу, — цвёрда сказаў хлопец і пакрочыў па пустой вясковай вуліцы. Высокі, шыракаплечы, прыгожы.

— І навошта будавацца, калі хата маіх бацькоў не якая-небудзь развалюха, а дыхтоўная, узведзена незадоўга да вайны. Бацькі загінулі, малодшая сястра Казя жыве ў Мінску. Як паехала адбудоўваць пасляваенную сталіцу, то і засталася там. Ужо дзесяць гадоў мінула, — разважала дзяўчына.

Сцяпан не раз казаў:

— Невядома, як складзецца жыццё, можа, Казя захоча вярнуцца дадому, то прыйдзецца жыць усім разам. Не, нам абавязкова патрэбна свая хата.

Ён быў сіратой, гадаваўся ў дзядзькавай сям`і, і мара пра сваю хату жыла ў сэрцы з маленства.

Сцяпан працаваў лесніком. Адразу пасля вяселля ён сказаў ляснічаму, што хоча будавацца.

— Добра, — падтрымаў той. — Выбірай месца для сядзібы, а з матэрыялам праблем не будзе.

— Пабудуем хату ля чыгункі, крышку воддаль ад вёскі, — казаў маладой жонцы. — Месца прыгожае, непадалёку лес, сажалка. Згодна?

— Ты гаспадар, табе і вырашаць.

Мінула амаль два гады, пакуль яны справілі наваселле. Не ўдваіх усяляліся. Па акуратна пагабляванай падлозе тупаў маленькімі ножкамі іхні сынок Андрэйка.

Бацькі глядзелі на яго і не маглі нацешыцца.

Сцяпан абгарадзіў сядзібу плотам, і яны пасадзілі сад, ускапалі агарод.

— Усё сталася, як я хацеў! — радасна мовіў малады гаспадар. — Каб і хата ля чыгункі, і любая жонка, і сынок як сонейка.

У сярэдзіне восені, калі дрэвы ўжо скідалі сваё залатое ўбранне, Сцяпан не прыйшоў дадому начаваць. Не было яго і назаўтра. Пасля полудня ўстрывожаная Броня з маленькім сынам пабегла ў лясніцтва.

— Здарылася нешта страшнае! — сказала з адчаем. — Ці звер загубіў яго, ці злы чалавек.

Але гэта быў і не звер, і не чалавек. Сцяпан памёр ад інфаркту. Так сказалі дактары. Яго ў лесе выпадкова знайшоў чалавек з суседняй вёскі Рымці, які збіраў грыбы.

Броня не плакала. Яна сядзела ля труны і сухімі вачамі няўцямна пазірала то на мужа, то на Андрэйку, што стаяў побач, то на вяскоўцаў, якіх сабралася поўная хата.

— Каб часам розумам не пашкодзілася… — бедавала суседка Рома. — Надта ж нейкая дзіўная зрабілася.

Броня стала плакаць толькі пасля пахавання, як усе разышліся з памінальнай вячэры. Яна туліла да сябе малога Андрэйку і галасіла, выліваючы слязамі боль і адчай. А яшчэ безнадзейнасць. Як жыць далей?! Што рабіць?!

Але сэрца не камень. Яно мацнейшае. Так і ў Броні. Яна хадзіла ў калгас на работу, гадавала сына. Выпраўляла ў школу, потым у армію. А як вярнуўся, у Мінск на вучобу: ён паступіў у медінстытут.

Пасля трэцяга курса зарабіў грошай у студэнцкім атрадзе і купіў матацыкл, бо правы атрымаў неўзабаве пасля арміі.

Як ён быў рад! Проста не выказаць словамі. А гледзячы на сына, радавалася і Броня.

У канцы жніўня, збіраючыся ў Мінск на вучобу, ён паехаў да дзяўчыны ў вёску Мажэйкі. Па вуліцы насустрач ляцеў п`яны трактарыст. Андрэй апынуўся паміж трактарам і дрэвам…

Для беднай Броні перастала свяціць сонца. Апранутая ў чорнае адзенне і з завязанай на галаве чорнай хусткай, яна цэлымі днямі сядзела на могілках паміж дзвюх дарагіх магіл. Сядзела проста на зямлі. Убачыўшы гэта, сусед Васіль Нупрэйка зрабіў ёй лаўку.

Броня не ўбірала агарод, не капала бульбу. Усё гэта зрабілі суседзі.

— Што ты сабе думаеш, Бронечка? Жывая Богу душу аддаеш. Ці толькі табе цяжка? — прыйшла да яе вечарам стрыечная сястра Міра. — Вунь да Антосіхі прывезлі з Бабруйска ўнука. Круглым сіратой застаўся ў дзевяць гадкоў. А Антосіха старая, нямоглая… Як дзіця гадаваць? Як падняць яго на ногі?

Нічога не сказала на гэта Броня.

А праз тыдзень пайшла да Антосіхі. Убачыла, што бабка на двух кійках ледзь ходзіць па хаце, а маленькі худзенькі хлопчык чысціць бульбу і ўказальны пальчык на левай руцэ перавязаны лапікам, праз які сочыцца кроў.

Са спагадай Броня сказала:

— Гаруеце?

— А няўжо ж, мая ты Бронечка. Не дам рады яго выгадаваць. Неўзабаве мяне забяруць у дом для састарэлых, а Міколку майго — ў дзетдом, — плакала старэнькая.

— Не трэба ў дзетдом. Я вазьму хлопчыка і буду гадаваць.

Броня радавалася, што Міколка добра вучыцца ў школе. Рэдка калі чацвёрку прынясе, а так усё пяцёркі.

— Старайся, сынок. Вырасцеш і вывучышся на доктара. Хочаш? — казала Броня і гладзіла яго па русай галоўцы.

— Яшчэ як хачу, мамачка! Буду, як мой старэйшы брат Андрэй.

— Як Андрэй, толькі не дай Бог табе яго лёсу…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание