Наверх
Слоним
пасмурно
8 °C
Зельва
пасмурно
8 °C
Волковыск
небольшой дождь
9 °C
Мосты
небольшой дождь
9 °C
Дятлово
небольшой дождь
9 °C
Барановичи
пасмурно
7 °C
EUR 3.084
USD 2.6264
RUB(100) 3.3274
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Адзін на два не дзеліцца

20 сентября 2020 14:01
Поделиться:
Малюнак Яўгена Іванова

Малюнак Яўгена Іванова

На жыццёвых скрыжаваннях

— Верка, а дзе ж твой Сымон? — суседка Казя Кажушка абручом перакацілася праз парог і села на табурэтку пры кухонным стале. Яна не трымала ні парасяці, ні кураняці і заўсёды мела шмат вольнага часу, які поўнасцю прысвячала вясковым плёткам.

Было рана, руплівыя гаспадыні з вёскі Міжэйкі толькі што павыганялі ў поле кароў і ўзяліся паліць у печах. Верка Абадок таксама састаўляла да агню гаршчкі са свінячай бульбай. Худая як аглобля, яна заўсёды была не ў гуморы. Можа, таму і злосная, што худая, ці, наадварот, худая, бо злосная. Гэта невядома.

— Навошта табе Сымон? — пацікавілася, непрыязна зірнуўшы на Казю з-пад нізкага лба. — Ці па гаспадарцы трэба што памагчы? То не спадзявайся. Учора ў майго недавярка была пенсія, і сёння ён, як кажуць, непрацаздольны.

— Не патрэбна мне ягоная дапамога. Проста хачу табе адкрыць вочы. Калі не начаваў дома, то я дакладна ведаю, дзе быў.

— Авохці! Дакладна? Я не ведаю, а ты ведаеш?

— Сама бачыла, як ён на ранкі з пуні Мані Дзеркачэўскай выскачыў і хуценька пашыўся ў алешнік, што расце за плотам.

Верка са злосцю бразнула ў качарэжнік вілы, уперла рукі ў бакі:

— Ці паверыш, гэна Дзеркачыха мне проста як косць у горле. Суседка, называецца! Яна ж пастаянна на майго Сымона заглядаецца, свайго мужыка не меўшы. Не адзін раз яе папярэджвала: Сымон мой, і ні з кім яго дзяліць не збіраюся, бо адзін на два не дзеліцца. А яна ўсё роўна сляпіцай лезе ў вочы. То дровы пасячы, то агарод узары, то плот папраў. Ён і хадзіў памагаў, пакуль я не сцяміла, што тут да чаго. Аднойчы схапіла яе за каўтуны ды так аддубасіла, што некалькі дзён на вуліцу не паказвалася. А цяпер, бачыш, зноў за сваё ўзялася. Ну я ёй пакажу!

А мой жа і праўда дома не начаваў. Учора вечарам я выцягнула з ягонай кішэні грошы, якія яшчэ не паспеў прапіць ды раздаць даўгі, што напазычаў раней. То ён бразнуў дзвярамі і некуды павалокся. Вось, аказваецца, куды!

Верка ўзяла чапялу і памкнулася да дзвярэй. Следам павалюхалася і Казя. Яна не магла прапусціць такой падзеі. На хаду давала парады:

— Не шкадуй чапялы, а аддубась Маньку так, каб тыдзень з хаты не вылезла! Я ведаю, што многія вясковыя бабы на яе злыя за сваіх мужоў. А што, выседзіцца там у магазіне, ні халеры не рабіўшы, сытая, чырванашчокая, толькі і ведае, што перад мужчынамі круціцца. Многія будуць табе ўдзячны. Я ведаю, што кажу.

Дзверы ў Маніны сені былі адчынены насцеж. У хату таксама.

— Дзе ж яе бура носіць? — Верка пастукала чапялой аб парог. На стук ніхто не абазваўся.

— Мо яшчэ ў пуні валяецца? — выказала меркаванне Казя. — Але чаму тады дзверы расхлябэшчаны?

Бабы губляліся ў здагадках.

— Чаго гэта вы ні свет ні зара прысунуліся да мяне? — з агарода ішла гаспадыня, несучы ў кошыку траву. Высыпала ў загарадку, дзе тапталіся бройлерныя куры.

— Пытаеш чаго?! — падступіла да яе Верка і замахнулася чапялой як шабляй. — Навошта зноў майго Сымона ноччу прымала?! Мала я табе той раз кухталёў надавала?

— Што ты разважаеш, Верачка? Лупі яе зноў, а я памагу. Некалі толькі з-за яе мяне кінуў Антось Рэпка. Хадзіў-хадзіў, а замуж не ўзяў.

— Ды задушыся ты са сваім Антосем! Ён жа і мяне не ўзяў. Яшчэ пры цару Гароху тое было. Успомнілі! Прыйшлі тут сварыцца невядома за што.

— Як гэта невядома?! — Верка з чапялой падступіла бліжэй. — Казя сама бачыла, як мой Сымон з тваёй пуні надоечы вылез і пашыўся ў алешнік. Казя, скажы!

— Бачыла-бачыла! Яшчэ добра не развіднела, як я выйшла на двор.

— Каб ты дарогі перад сабой не бачыла, ведзьма языкатая! Можа, хто і выходзіў, толькі не Сымон. Патрэбен ён мне, твой лупяк чарвівы! Калі так баішся, Верка, то навязвай яго дома. За нагу да ложка прывяжы, тады будзеш спакойная.

— То дома ж ён не начаваў… — Верка апусціла чапялу, бо ўжо сумнявалася, верыць Казі ці не верыць.

— Ой, што гэта робіцца?! Казя шукае вінаватых, а ў самой рыльца ў пушку! — Маня паказала пальцам на Казін двор.

З пуні выцерабіўся Сымон. І сарочка, і кучаравая сівая галава былі ў сухіх травінках.

Верка глядзела то на мужа, то на спалатнелую Казю.

— Ах ты змяюка! — да яе вярнулася мова. — Зараз па тваіх скабах паходзіць гэна чапяла!

— Чаго вы тут дзерацеся як жабы на карчы? Зрабілася хіба што? — лыпаў вачамі Сымон.

— Зрабілася, а як жа! Ты ўжо гэтак разбэсціўся, што да ўсіх суседак начаваць ходзіш.

— Ты што, жонка, ашалела?! Да гэтай ступы мяне раўнуеш? У яе пуні дзверы заўсёды разяўлены насцеж, вось я п`яны і зайшоў паспаць. Ды каб толькі яна адна была на свеце, і то не паквапіўся б на такое шчасце.

Сымон пацёгся дадому, Верка з чапялой пасунулася за ім. А Казя і Маня яшчэ доўга высвятлялі адносіны. У глыбіні душы кожная была засмучана.

Маня — што Сымон абмінуў яе.

А Казя — што правароніла такі рэдкі выпадак: у яе пуні начаваў варты ўвагі мужчына…

Наш канал в Telegram