Наверх
Слоним
ясно
6 °C
Зельва
ясно
6 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
8 °C
Мосты
облачно с прояснениями
7 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
7 °C
Барановичи
ясно
6 °C
EUR 3.0778
USD 2.6352
RUB(100) 3.329
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Міхаіл Сошка: «Народ можа доўга і шмат трываць, але аднойчы цярпенне скончыцца…»

29 сентября 2020 9:44
Поделиться:
Михаіл Сошка

Міхаіл Сошка

Грамадскага актывіста Міхаіла Сошку судзілі за збор подпісаў за сход па адкліканні дэпутата Палаты прадстаўнікоў Валянціна Семянякі. Карэспандэнт «ГС» сустрэўся са слонімцам ужо пасля суда і паразмаўляў на актуальныя тэмы.

— Як Вы пачуваецеся пасля суда? Якія ўражанні ён пакінуў?

— Суд пакінуў адчуванне поўнай бездапаможнасці і прававога бязмежжа. Ніякіх абгрунтаванняў і доказаў суддзі даводзіць не трэба — ёй яны не патрэбныя. Ты вінаваты, і ўсё. Фактычна суддзя Радзівонік апраўдала маё незаконнае затрыманне, бо падчас суда не агучыла пратакол затрымання, быццам бы яго ўвогуле не існавала. За тое, што збіраў подпісы, вынесла папярэджанне. Сам вінаватым сябе не лічу. Анархію з боку міліцыянтаў, як заўсёды, пакрылі. Мне далі папярэджанне. Гэта значыць, што я ўсё адно вінаваты, але паколькі на лаўцы падсудных апынуўся першы раз, а яны такія гуманныя, то далі не штраф, не суткі, а папярэджанне. Хаця я адсядзеў суткі ў ізалятары часовага ўтрымання. Мяне да гэтага часу хвалюе пытанне: з якой мэтай было затрыманне? Што яны хацелі гэтым паказаць? Склалі пратакол затрымання, але навошта? Сказалі б: ідзі дахаты, будзе суд, выклічам позвай. Але гэтага не здарылася. Я не бачу абгрунтавання іх учынкам.

— Выракам суду Вы не задаволены?

— Не задаволены. Я запрасіў усе матэрыялы справы і буду спрабаваць абскардзіць. Справа гэтая палітычна матываваная. Няхай вынеслі б толькі папярэджанне, але я прызнаны вінаватым у тым, чаго не здзяйсняў. Калі трэба, то звяртацца буду ў ААН.

— Было сабрана 350 подпісаў. На Вашу думку, гэта шмат ці мала для шматтысячнага горада?

— Подпісы сабралі за некалькі гадзін на працягу двух вечароў — гэта шмат. Людзі ахвотна ідуць і ставяць подпісы. І гэта толькі за ініцыяванне сходу па адкліканні дэпутата Валянціна Семянякі. На другім этапе збору, калі канкрэтна будзе стаяць пытанне аб яго адкліканні, думаю, будуць яшчэ актыўней ставіць свае подпісы. Тады, магчыма, не трэба будзе стаяць каля крамаў. Людзі самі будуць звяртацца за падпіснымі лістамі.

— У Мінску праходзяць шматтысячныя мітынгі. У нас такое не назіраецца, навокал цішыня. Чаму?

— Лічу, што слонімцы запалоханыя і баяцца страціць працу за 300 рублёў. Працоўных месцаў у горадзе засталося адсоткаў 10-15 ад таго, што было ў 2000-х. Прадпрыемствы зачыненыя, канкурэнцыя на рынку працы за мінімальны заробак вялізная. Гэта, безумоўна, стрымлівае. У Мінску крыху іншая сітуацыя. Там рынак працы большы, больш прыватнага бізнесу, прапаноў. Але хутка сітуацыя зменіцца нават у нашым горадзе. Калі хоць на адзін месяц затрымаюць грошы, то пачнуцца хваляванні. Людзям трэба плаціць камуналку, нечым харчавацца. Іншых варыянтаў, як пачаць выходзіць на плошчу і патрабаваць свайго, не застанецца. Толькі аднаго баюся: калі будзе такая рэакцыя з боку сілавых бандзюкоў, як зараз, то мірных дэманстрацый ужо больш не будзе. Можа праліцца кроў нават у Слоніме.

— Ці магчыма перамога простага народа, нягледзячы на тое, што той абмежаваны ў сродках?

— Пакуль акцыі пратэсту носяць мірны характар з боку народа. Як толькі беларусы возьмуцца за вілы, пральецца шмат крыві, але ўсё адно яны перамогуць.

— Вы лічыце, што беларускі памяркоўны народ здольны ўзяцца за вілы?

— Калі яму дапячы — возьмецца. Народ можа доўга і шмат трываць, але аднойчы цярпенне скончыцца, і тады мала не будзе. Другога выйсця ў яго проста не будзе. Дыктатар развязаў вайну з дапамогай сваіх бандыцкіх сілавых структураў, пракуратуры і судоў. Кажуць, што ў Беларусі прысутнічаюць ужо расійскія баевікі і чэчэнскія галаварэзы. Што тады застанецца рабіць? Калі народ перастане супраціўляцца, то жыць стане яшчэ горш, чым у той Паўночнай Карэі.

— Некаторыя параўноўваюць тое, што адбываецца зараз у нашай краіне, з падзеямі 2014 года на майдане. Ці ёсць тут падабенства?

— Ніякага падабенства няма. Там была зусім іншая сітуацыя. Майдан пачаўся з праліцця крыві, людзі супраціўляліся сілавым структурам. У нас акцыі пратэсту выключна мірныя і ніхто тым бандытам пакуль яшчэ не супраціўляўся. На ўкраінскім майдане ад пачатку будаваліся барыкады, палілі пакрышкі ад машын. У нас жа з першага вечара пасля выбараў сілавікі выкарысталі агнястрэльную зброю. Але людзі не здаліся, значыць, яны перамаглі — прайграў Лукашэнка.

— Нярэдка можна пачуць, што калі зменіцца ўлада, сацыяльна-эканамічнае становішча грамадства пагоршыцца.

— Вось калі ён утрымацца на гэтым троне, тады мы сапраўды станем горш жыць. Канечне, у першы год-два мы лепш жыць не станем. Некалькі гадоў будзе вельмі цяжка. Можа, нават і складаней будзе, але атрымаем больш свабоды. Народ сам абярэ сабе ўладу і будзе пытаць з яе. Сёння такое немагчыма. Просты чалавек не можа ні аб чым запытацца ў чыноўніка, кіраўніка прадпрыемства, начальніка цэха, бо яны з дзеючым прэзідэнтам — звенні аднаго ланцуга.

— На мірных шэсцях у асноўным можна ўбачыць маладых людзей. Складваецца ўражанне, што насельніцтва старэйшага ўзросту як быццам бы задаволена тым, што мае, і новы кірунак не падтрымлівае.

— Я б не сказаў, што задаволеныя. Выходзяць і сярэдняга ўзросту, і пажылыя. Каб выстаяць цэлы дзень, трэба здароўе, а яно не ва ўсіх ёсць — ведаю па сабе. Мне ўжо за шэсцьдзясят гадоў і ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах не маю моцы. Лічу, што на праўладныя лукашэнкаўскія мітынгі ніхто добраахвотна не ходзіць. Ціск ідзе на слабыя, найбольш ўразлівыя групы слонімцаў. Яны вымушаны пайсці, бо інакш страцяць працу альбо атрымаюць вымову. Моладзь знаходзіцца ў рабскім становішчы. Пасля таго, як скончыць дзяржаўную навучальную установу, аказваецца ў рабстве ад рэжыму. Чалавек не мае ні годнага заробку, ні жылля. Тое, што прапануе працадаўца, не спрыяе дабрабыту маладога чалавека. Жыллё прадстаўляецца на арэндных умовах, з вялікай пераплатай пры мінімальным заробку. Маладыя людзі бароняць сваю будучыню, а мы, старэйшае пакаленне, павінны дапамагчы ім чым зможам.

— Які Ваш прагноз развіцця падзей?

— Упэўнены, што народ пераможа. Іншага выйсця няма: адступаць няма куды. Не народ распачаў гэту бойню. Народ разумее, у якім эканамічным становішчы аказаўся і дзякуючы каму. У 90-я гады эканамічнае становішча Беларусі на постсавецкай прасторы было адно з лепшых — у разы лепшае, чым у Прыбалтыцы і Польшчы. Вывозілі літаральна ўсё. Не было такога тавару, які туды не везлі. А давайце паглядзім, як жыве беларускі народ і нашы суседзі сёння?.. Усё гэта вынік кіравання 26-гадовага нязменнага пераростка, які вышэйшы за Бога, як называюць яго прыкарытныя. Народу застаецца з ім змагацца, іншага выйсця няма. Калі пачне страляць, трэба будзе думаць, як бараніцца народу…

Узяць пандэмію каранавірусу, якую ён не заўважаў. Да гэтага дня ніхто не ведае, колькі людзей памерла ад яе. Зараз хаваюць лічбы, колькі забіта, пакалечана, згвалтавана. Гэта фашызм, а таму яго трэба судзіць альбо ў Беларусі, альбо ў Гаазе. Разам з той бандай, якая запэцкала сябе людской крывёй.

Лукашэнку засталося няшмат часу. У яго на ўтрыманне той банды, якая кожны дзень здзяйсняе акты вандалізму, здзеку з народа, выдаткоўваюцца вялікія грошы, нашы грошы. Калі яму не будзе чым плаціць, яна разбяжыцца. Гэта не можа доўга цягнуцца, тым больш не можа быць бясконцым. Можа, бог дасць, усё скончыцца мірам. Проста перастануць выконваць яго загады, і на гэтым усё скончыцца.

Наш канал в Telegram