Наверх
Слоним
ясно
8 °C
Зельва
ясно
8 °C
Волковыск
ясно
8 °C
Мосты
ясно
8 °C
Дятлово
ясно
8 °C
Барановичи
небольшая облачность
7 °C
EUR 3.0029
USD 2.5399
RUB(100) 3.3212
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Буран

18 октября 2020 12:12
Поделиться:
Буран

Ілюстрацыйнае фота: twitter.com/boroda_2591

На жыццёвых скрыжаваннях

Івана Міронава перавялі з абласнога цэнтра ў раённы кіраваць вялікім заводам і пасялілі ў доме, дзе жыў ягоны папярэднік. Нехта можа падумаць, што яго панізілі, але Іван Кірылавіч так не лічыў. Завод у Арташове быў, бадай, не меншы, чым у вобласці, а работы тут куды больш. І гэта яму падабалася. Што называецца, тэхнар з тэхнароў, інжынер у трэцім пакаленні даражыў справай і любіў яе. І размеранае жыццё райцэнтра было па душы. Завод быў на ўскраіне, і калі ехаў на работу, любаваўся зялёнымі вуліцамі, агародчыкамі, што засаджаны кветкамі. І толькі ў цэнтры віравала гарадское жыццё.

Не задоўгім часам Іван Кірылавіч перавёз у Арташоў і жонку — стройную чарнавокую брунетку, на якой спынялі погляд не толькі мужчыны, але і жанчыны. Такая была прывабная. Ягоная Алеся і апраналася як каралеўна, бо муж для яе грошай не шкадаваў. Алеся нідзе не працавала, хоць мела вышэйшую адукацыю эканаміста. Прафесію не любіла і гультайкай была рэдкай. Любіла доўга паваляцца ў пасцелі, а потым, прыбраўшыся як лялька, ішла да сябровак, такіх самых гультаек, у галовах якіх былі толькі ўборы ды тусоўкі. На новым месцы таксама знайшла сабе падобных, але ўсё роўна штодзень ныла, скардзілася на сум і нудоту.

Дзяцей у Міронавых не было. Спачатку Алеся не хацела, а потым ужо стала позна. Іван Кірылавіч не рад быў такім абставінам, але зрабіць нічога не мог.

Яго ратавала работа, што называецца, з рання да змяркання.

Аднойчы вечарам, вярнуўшыся дадому, ён убачыў у вачах пажылой служанкі не то трывогу, не то засмучэнне.

— Што-небудзь здарылася, Ірына Казіміраўна?

— Жонка ваша ўцякла, Іван Кірылавіч…

— Куды?! — зніякавеў.

— Не сказала. Пад`ехаў на шыкоўнай машыне нейкі маладжавы мужчына, яна са сваімі манаткамі села і памчалася. Я хацела адразу пазваніць вам, але яна строга забараніла. Сказала, няхай толькі паспрабую…

— Так…

Ён зачыніўся ў сваім пакоі. Высокі, шыракаплечы, з ніткамі сівізны ў чорных валасах. Вячэраць не выйшаў.

Некалькі дзён Іван Кірылавіч хадзіў чарнейшы за хмару, а пасля яго патроху пачалі адпускаць горкія думкі. Зноў-такі ратавала работа. Ён звольніў Ірыну Казіміраўну і сам спраўляўся з дамашнімі клопатамі.

Жыццё бегла. Настаў час, калі яго адправілі на пенсію. З гонарам адправілі. Было і абласное начальства, і раённае, і, канешне, завадчане. Столькі цёплых слоў сказалі, столькі падарункаў і кветак надарылі!

І ўсё…

Назаўтра раніцай прахапіўся ў вызначаны час як па будзільніку, але з горкім адчаем зразумеў, што спяшацца нікуды не трэба. Зноў лёг на пасцель. Але дзе тут заснеш? Зварыў сабе каву. Уключыў тэлевізар. Потым прапыласосіў у кватэры, выцер пыл.

«І так будзе заўсёды, — падумаў са скрухай. — Дні, месяцы, гады…»

Раней яго, што называецца, рвалі на часткі. Планёркі, нарады, кантроль за вытворчасцю… Ён вывеў завод на высокі ўзровень. А цяпер адзінота, халодная і цяжкая, як магільная пліта… Не ратавалі ні кнігі, ні інтэрнэт, ні тэлевізар.

Трэба было нешта прыдумаць. Ён паехаў у абласны цэнтр і купіў у сабакавода вялікага чорнага сабаку.

— Я назваў яго Буранам. Будзе вам верным сябрам і ніколі не здрадзіць, — сказаў гаспадар на развітанне.

З таго вераснёўскага дня яны сталі жыць удваіх. Два разы ў дзень Іван Кірылавіч браў Бурана на павадок, надзяваў яму наморднік, і яны ішлі гуляць у недалёкі лес. У гэтым асаблівай патрэбы не было, бо ў двары быў вальер, але гаспадар лічыў, што сабаку такія прагулкі не лішнія. Ды і самому не шкодзіла размяць косці.

Сабака ў вальеры не начаваў. Як толькі пачынала цямнець, Іван Кірылавіч карміў яго ля ганку і забіраў начаваць у дом. Баяўся, каб Буран не збег ці яго не ўкраў які злыдзень.

І баяўся недарэмна. Аднойчы выйшаў карміць сабаку і ўбачыў, што вальер адчынены. Стала горача, а потым спіна пакрылася халодным потам. Ён зразумеў, што страціў сябра, бо разумны сабака так сабе з дому, дзе яго любілі і даглядалі, пайсці не мог. Значыць, укралі. Хто?! Калі?! Ён жа сам увесь час быў дома і не чуў ніякага шуму, ніякіх крокаў…

Івана Кірылавіча ўзяў адчай. Нават большы, чым тады, калі здрадзіла і кінула жонка. Ён апрануў цёплую куртку, узяў ліхтарык і пайшоў па вуліцы. Потым у лес, дзе гулялі. І клікаў, і шукаў да паўночы…

Вярнуўся ні з чым. Нават спаць не клаўся. Усё здавалася, што Буран топчацца пад дзвярамі, просіцца ў хату. Ён ускокваў, адчыняў дзверы.
Пуста…

А так хацелася абняць сабаку, запусціць рукі ў яго гладкую поўсць, адчуць цяпло, як гэта было заўсёды. Тады адыходзілі сум і адзінота, тады Іван Кірылавіч усміхаўся, радаваўся, што ў яго ёсць дарагая сэрцу жывая істота, якая ніколі не здрадзіць, не кіне…

Раніцай ён нібы сам не свой ад перажыванняў і бяссоннай ночы выйшаў на падворак з надзеяй, што Буран вярнуўся і закончацца яго мукі.

Ля варот спыніўся чорны легкавік.

— Што, Іван, слёзы льеш па сабаку? — з машыны выйшаў даўні сябра Алег Кузняцоў, які жыў у абласным цэнтры.

— Табе смех, а я і сапраўды гатовы заплакаць… — падаючы сябру руку, прамовіў са скрухай. — Ды адкуль ты ведаеш?

— Кінь гараваць! — Алег Сцяпанавіч адчыніў заднія дзверцы машыны, і на грудзі гаспадару кінуўся Буран. Здаровы, вясёлы, ён лізаў твар Івану Кірылавічу, нібы цалаваў пасля разлукі.

— Дзе ты яго ўзяў, Алег?!

— Там, дзе і ты. Гэты сабакавод, грэшная душа, прадае людзям гадаванцаў за шалёныя грошы, выпытвае адрасы, а потым выкрадае і зноў прадае. Пра гэта мне расказаў ягоны сусед, з якім былі на паляванні. А ўчора вечарам еду ля яго дома і бачу: вывеў з машыны твайго Бурана. Я рэзка затармазіў, выскачыў са свайго мэрса і кажу: «Давай сюды сабаку, нягоднік, а то ў міліцыю заяўлю! Атрымаеш тады на ўсю катушку. Я ведаю, каму ты прадаў Бурана». А ранічкай, яшчэ праз цёмнае, выехаў да цябе, парадаваць. Дакладней, дваіх вас парадаваць, і цябе, і Бурана…

Наш канал в Telegram