Наверх
Слоним
пасмурно
0 °C
Зельва
пасмурно
0 °C
Волковыск
пасмурно
0 °C
Мосты
пасмурно
0 °C
Дятлово
пасмурно
0 °C
Барановичи
пасмурно
-0 °C
EUR 3.0794
USD 2.5817
RUB(100) 3.4056
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Як я быў на мінскім мітынгу

18 октября 2020 11:02
Поделиться:
Ахоўнікі

Ахоўнікі

Беларусам, якія жывуць не ў сталіцы, цяжка ўявіць, што на вуліцы, дзе яны жывуць, можа адбыцца мірны мітынг. Тым больш што ён будзе праходзіць на працягу двух месяцаў кожны дзень. Здаецца, мінчанін нічым не адрозніваецца ад слонімца, тым не менш...

Мне надарылася быць у беларускай сталіцы і нават стаць удзельнікам мірнага мітынгу, але пра ўсё па парадку.

Паездка ў Мінск адбылася ў сераду, 23 верасня. У той дзень Лукашэнка інаўгурыраваў сябе на шосты тэрмін прэзідэнцтва. Пра гэта даведаўся ўжо ў дарозе, слухаючы навіны па радыё.

Ці адбудзецца мітынг, я не ведаў, але, скажу шчыра, трапіць на яго хацеў.

Сталіца сустрэла мяне спакойна, людзі спяшаліся па сваіх справах. Я гуляў па вуліцы і расчаравана глядзеў на горад. Здавалася, што шэсці са сцягамі, дэманстранты, АМАП, пра якія кожны дзень гавораць усе сродкі масавай інфармацыі — усё гэта не пра нас.

Што сход адбудзецца, паведаміў немалады, з сівізной, чалавек у капелюшы ў букіністычнай краме. Прадавачка на яго словы толькі скептычна ўсміхнуліся — ужо позна нешта мяняць, нязменны пакляўся на бібліі, а значыць, спадзяванні на перамены дарэмныя.

На набярэжнай ракі Нямігі, проста з-за спіны ад мяне, няспешна, у калоне з чатырох машын, праехалі аўтазакі. Ад неспадзяванкі і грознага аблічча гэтай тэхнікі адчуў, як па скуры прабеглі дрыжыкі. «Рыхтуюцца, — падумаў я. — Значыць, сёння нешта будзе».

Насустрач мне ішоў хлопец у белым касцюме і чырвонай майцы. Зноў праехала партыя аўтазакаў.

Без малога ў шэсць вечара народ актыўней стаў з`яўляцца на вуліцы. Бел-чырвона-белых сцягоў не было. «Зараз мы пойдзем праз двары, падымаемся наверх. Там павінны быць нашы», — паказваючы на вуліцу Фрунзенскую, гаворыць таварышу маладзён у скураной чорнай куртцы і шортах. Вагаюся: паехаць у 18.40 (па раскладзе час адпраўлення маёй маршруткі) ці пайсці за імі. Адчуваю пах смажанага. Людзі, якіх сустракаю на шляху, здаецца, гатовыя да ўсяго — галоўнае, не адступаць. Моладзі значна больш.

Усё ж вырашыў накіравацца на прывакзальную плошчу. Думка пра ноч у пастарунку мяне не пужае, але застацца ў сталіцы яшчэ на дзень не хочацца.

Прайшоўшы дварамі, апынуўся каля Чырвонага касцёла. На маім шляху да славутага духоўна-мастацкага помніка значна часцей, чым заўсёды, сустракаюцца супрацоўнікі міліцыі. Робяць выгляд, быццам не заўважаюць мінакоў, але гэта падман зроку. Яны сочаць за ўсім, што рухаецца, нават калі стаяць да цябе спінай.

У шэсць гадзін вечара ўздоўж праспекта Незалежнасці з`яўляюцца салдацікі са шчытамі — АМАП. Нехта зацікаўлена здымае іх выхад і пастраенне на камеру смартфона, другія спяшаюцца сесці ў грамадскі транспарт і з`ехаць з небяспечнага месца. Трэція насцярожана чакаюць, што будзе далей. На прыпынак з аўтобуса выходзіць нейкі дзіўны чалавек і садзіцца на лаўку — уважліва слухае, назірае.

«Свабодная краіна», — нехта парушыў напружанае маўчанне. «А хіба вы не ведаеце, сёння ж была інаўгурацыя», — падтрымлівае суразмоўцу жанчына з маленькім дзіцем. «Праз іх загінуў мой унук. Вам яшчэ жыць, а я ўжо аджыла. Не спыняйцеся, трэба ісці да канца», — чую ад бабулькі, якая адлічвае грошы на праезд.

Азіраюся на яе. Адна справа — пачуць словы падтрымкі мірнага мітынгу ад маладзёна, а тут жанчына, якая пабачыла нямала на сваім вяку і добра памятае «цяжкія» 90-я.

Бел-чырвона-белых сцягоў няма, як і тых, хто б крыкнуў які-небудзь лозунг. Раптоўна знікае «дзіўны» чалавек, а потым і самі амапаўцы хуценька «згарнуліся» і пайшлі прэч з праспекта. За парадкам засталася назіраць група міліцыянтаў.

Цікавага нічога для сябе больш не знайшоў. Вырашаю сесці ў аўтобус і зноў вярнуцца на Нямігу. На патрэбным прыпынку сышоў, але раптам заўважаю, што няма тэлефона — ён знік.

Зараз трэба было шукаць смартфон, а не мітынгоўцаў. Мінчане неахвотна дапамагаюць тым, хто просіць у іх дапамогі. Але бываюць выключэнні. Другая дзяўчына, да якой я звярнуўся, хвілін дзесяць была побач, падказваючы працуючыя нумары менскага аўтапарка. Як выявілася, не ўсе нумары, што адзначаны ў інтэрнэце, дзеючыя.

Некалькі выклікаў на мой нумар з іншага — і вось кіроўца аўтобуса тэлефануе сама. Дабегчы да месца сустрэчы я не паспеў, аўтобус зрушыўся з месца. Зноў пошукі, на гэты раз — аўтапарк. Мне падалося, што яна будзе чакаць на аўтобусным парку №2. Яна чакала на тралейбусным. Час імкліва бяжыць, і вось я ўжо амаль не паспяваю на апошнюю маршрутку. Дэтэктыўныя гісторыя пад назвай «мой тэлефон» расцягнулася на некалькі гадзін. На шчасце, усё закончылася шчасліва.

З аўтавакзала Мінска я выязджаў а палове на дзясятую. Праязджаючы студэнцкую вёску, пачуў пераліўны гук клаксонаў. Аўтобус спыніўся. Сотні машын аказаліся заблакаванымі на дарозе. Глянуў у акно — з двух бакоў стаяла моладзь, якая трымала бел-чырвона-белыя сцягі. Хтосьці накінуў сцяг на плечы, іншы нёс перад сабой. Некалькі аўтамабілістаў пайшлі да капоту свайго аўто, дасталі адтуль біты.

Мне стала неяк не па сабе, на хвіліну здалося, што пачнецца бойка. Але не, затым яны дасталі з сумкі сцягі і, прымацаваўшы палотнішчы да кійка, сталі махаць імі. Наш кіроўца буса таксама выйшаў. Мне карцела апынуцца на вуліцы. На просьбу выйсці чую адмову. Іду на адчайны крок: кажу, што мне блага.

Дзверы адчыніліся. Мы стаялі на чацвёртай паласе дарогі. Іншым разам свой учынак ацаніў бы як вар`яцкі, але не зараз — за сваё жыццё я не хваляваўся.
Не паспеў перабегчы на тратуар, як да мяне са светлай іншамаркі падбег юнак і запытаўся, як сябе адчуваю. Працягнуў таблетку валідолу. Іншы прынёс бутэльку з халоднай вадой. Такой салідарнасці на дарозе ад зусім незнаёмых, чужых людзей я не чакаў.

Калі вярнуўся ў аўтобус, кіроўца сказаў: «Ты пра маіх дзяцей падумаў? Ты іх будзеш карміць, калі з імі нешта здарыцца? Навошта выходзіў?» — «Чалавек адчувае сябе бессмяротным — выходзіць на вуліцу ў такім становішчы, — падтрымала яго жанчына, што сядзела спераду. А потым дадала: Добра, што мне сёння не ў начную змену».

Перад намі прайшоў юнак з бел-чырвона-белым сцягам. Калі б так рашуча ўсе былі настроены, то ніякі Лукашэнка, ніякі чорт нам не быў бы страшным — зламалі б яго на раз-два. З цяжкасцю, але скрозь масу людзей і машын неяк прасунулася «хуткая». Нарэшце скрануліся з месца і мы. Невялічкі кавалак дарогі, недзе каля ста метраў, мы праязджалі гадзіну.

Я быў прыемна ўсхваляваны ад пабачанага і перажытага. На самай справе тыя людзі, якія сёння выказалі сваю пазіцыю, нічым ад кожнага з нас не адрозніваюцца. Хіба толькі тым, што яны не будуць спакойна сядзець дома, глядзець тэлевізар, піць гарбату ў той час, калі варта здзяйсняць рашучыя дзеянні. Яны, не баючыся пабояў і смерці, наколькі дазваляе розум і сіла, змагаюцца.

Адзін з мітынгоўцаў на пытанне, чаму ён тут, сказаў: «Бо я люблю Беларусь. Не варта спадзявацца на тое, што нехта прыйдзе і наладзіць тваё жыццё. Будучыню ствараем мы з вамі. Якой яна будзе, залежыць не ад суседа ці знаёмага, але ад кожнага з нас».

З ім нельга не пагадзіцца. Народ моцны тады, калі ён глядзіць у адным накірунку, трымаецца адзін за другога, дыхае ва ўнісон. Лукашэнка, як бы ні маляваў сябе звышмагутным, не зможа супрацьстаяць народу, калі той страціць цярпенне.

Наш канал в Telegram