Наверх
Слоним
переменная облачность
1 °C
Зельва
переменная облачность
1 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
0 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
0 °C
Барановичи
переменная облачность
0 °C
EUR 3.0794
USD 2.5817
RUB(100) 3.4056
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Гвалт у Курапатах працягваецца і сёння

7 ноября 2020 9:00
Поделиться:
У Курапатах

У Курапатах, 1.11.20

У нядзелю, 1 лістапада, у Мінску адбыўся марш «Дзяды супраць тэрору». Гэта быў 84-ы дзень пратэсту за справядлівыя выбары, змену ўлады і вызваленне палітзняволеных.

Мітынгоўцы накіраваліся ў Курапаты — месца святое для неабыякавых беларусаў, якія любяць і шануюць сваю гісторыю. У гэтым месцы ў 1937 годзе былі расстраляны НКУС больш за 250 тысяч чалавек. Сярод іх былі таленавітыя прадстаўнікі культуры і святарства, сялянства і інтэлігенцыі.

Шэсці традыцыйна здзяйсняюцца ў канцы кастрычніка — першыя дні лістапада з 1988 года. Сёлета не стала выключэннем, хоць дзяржаўная ўлада паспрабавала зрабіць усё, каб перашкодзіць мірным грамадзянам ушанаваць памяць загінулых.

Тое, што я траплю калі-небудзь у гэта святое месца, мне не верылася да апошняга. Але паездка была запланавана.

Як толькі я выйшаў з метро, інтэрнет-сувязь прапала. «Звязана гэта з тым, што праз тэлеграм-каналы ўдзельнікі шэсцяў звязваюцца паміж сабой, — патлумачыла адна з жанчын на прыпынку. — Улада на чале з Лукашэнкам настолькі раз`юшана і не ведае, што рабіць, што лепшага нічога не прыдумала, як абмежаваць людзей у карыстанні сусветным павуціннем».

Але на гэтым супрацьстаянне самаабранага кіраўніка краіны з простым беларусам не спынілася: многія станцыі метро часова не працавалі.

Марш у Курапаты пачынаўся ад гадзіннікавага завода.

Я ніколі не быў ва ўрочышчы Курапаты раней. Спадзяваўся на тое, што, прыехаўшы ў сталіцу, хутка знайду па гугл-мапе, але без інтэрнэта яна працаваць адмовілася.

Сябар падказаў па тэлефоне, што трэба выязджаць на МКАД, а там — у бок Віцебска. А як праехаць да МКАД? Вырашыў акуратна запытацца ў жанчыны. Яна ахвотна дапамагла. Аказалася, таксама планавала паехаць у Курапаты, але не знайшла сабе напарніка, а сама не рашылася. Паведаміла, што мітынгі наведваюць жыхары з усёй Беларусі. Яна ведае жанчыну, якая прыязджае з Барысава.

Садзімся ў маршрут «115 э». Падчас руху транспарту заўважаю, што на кожным завулку па абодвух баках стаяць па двое патрульных. Напружана трымаюся за поручні. Чамусьці становіцца страшнавата.

Праспект Незалежнасці не быў ачэплены. Гэта заўважае Таццяна і гучна выказвае сваё здзіўленне. Нечакана аўтобус паварочвае, хоць павінен ехаць прама.

Хутка высвятляецца: гэты раён ачэплены. Метро закрытае, а транспарт не пускаюць. Пазней паведамяць, што сілавікі не дазволілі ісці калоне. Адны пайшлі па вуліцы Каліноўскага, а другая па Валадарскага ў бок Лагойскага тракту.

На вуліцы Каліноўскага людзі ў зялёнай форме зладзілі аблаву пратэстоўцам — іх замкнулі ў кола і пачалі жорстка збіваць.

Я адчуваю, што чорныя хмары пачалі згушчацца. Невядома, ці вярнуся сёння дадому і ці вярнуся наогул. Суразмоўца спыталася, ці папярэдзіў каго са сваіх, калі адпраўляўся ў дарогу. Я адмоўна паківаў галавой. Маці не павінна ведаць. Яна прыхільніца Лукашэнкі. А больш паведаміць не было каму.

«Абавязкова каму-небудзь паведаміце, што вы тут. Так нельга, раптам вас схопяць», — раіць Таццяна.

«На Лагойскім тракце, каля «Макдональдса», выбухнула святлошумавая гармата», — паведамляе мая спадарожніца, якая пастаянна трымае сувязь са сваімі сябрамі з мітынгу.
Кажу, што журналіст. Яна ўражана, што існуюць яшчэ незалежныя СМІ ў Беларусі. Цікавіцца, як людзі ставяцца да ўлады. Адказваю, што баяцца. Кіраўніцтва на месцах пагражае звальненнем толькі за нятрапна сказанае слова.

Пытаецца, ці не страшна ехаць аднаму, адказваю, што не — і ілгу. Страшна, становіцца яшчэ страшней па меры набліжэння да месца.

Тое месца, дзе я павінен быў выйсці, таксама аказалася ачэпленым. Для чалавека, які свядома ідзе ў гушчу падзей, дзе вельмі небяспечна і пахне смажаным, гэта нялёгка. Але я павінен, нездарма ж столькі ехаў.

У веласіпедыстаў даведваюся, як прайсці на Курапаты. Па дарозе сустракаю моладзь. Яна таксама накіроўваецца туды.

На месцы ўжо шмат людзей рознага ўзросту з бел-чырвона-белымі сцягамі.

Раптам хтосьці крыкнуў: «Бяжым!»

Азірнуўся — і дзесьці праз дваццаць метраў ад мяне ўзарвалася граната — пайшоў белы дым, пачалася страляніна.

Прысутныя кінуліся ўрассыпную праз дарогу. Хтосьці пабег у краму. Іншы схаваўся ў машыну. Перада мною мітусіліся хлопцы і дзяўчаты. Перад вачыма было тое, што зараз схопяць. І гэта надавала сілы бегчы.

Нехта сказаў, што наперадзе таксама ачэплена. Я кінуўся да запраўкі. Перада мной праехалі вадамёты, цяжкая тэхніка, «буханкі» з калючым дротам. Лю­дзей прыбывала.

Час ад часу чую ў свой бок слова «ціхар» — я быў у масцы і з камерай. Гэтае слова крыўдзіць. Пазней, калі вяртаўся назад, мне сказалі, што некаторыя могуць нават забраць камеру, разбіць яе.

Былі людзі, якія падыходзілі да сілавікоў і размаўлялі з імі — ушчувалі. Хлопцы ў амуніцыі нікога не хапалі. Падысці бліжэй і паслухаць, пра што гаварылі, вагаюся, але ўсё ж не рашаюся.

У гэты дзень былі і прыемныя знаёмствы. Я сустрэў сваіх калег — карэспандэнта «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Станіслава Зоркага і вядучага канала «Белсат» Станіслава Івашкевіча. Час ад часу карэспандэнт камсамолкі размаўляе па тэлефоне. Трымаюся яго, ён зараз мой паратунак, калі што. Зоркі дзеліцца сваім досведам журналісцкай працы. На мінулым тыдні яго выпусцілі з содняў. Сядзеў за журналісцкую дзейнасць.

Мноства людзей ідзе і выходзіць з Курапатаў. Некаторыя паказваюць «V», іншыя трымаюць плакаты, якія падмацоўваць пазіцыю прысутных: «Нам надакучыла баяцца». Людзі яшчэ раз выказваюць салідарнасць.

Калі чакаў на прыпынку аўтобус, многія кіроўцы прыпынялі свае аўто і крычалі, каго падвезці. Мяне падвезлі да чыгуначнага вакзала.

Як і раней, у 40-я гады ХХ стагоддзя, беларусы сутыкнуліся з тэрорам. Зноў забіваюць, катуюць мірных людзей. Праз дэспатызм таго, хто зубамі трымаецца за ўладу, пакутуюць мільёны. Мая маці, калі даведалася, што я прыехаў з Мінска і па якой прычыне, мякка кажучы, не зразумела мяне. На жаль, такіх людзей, як мая маці, нямала. Пакуль іх не стане менш, наўрад ці што зменіцца ў нашай краіне. Ім дастаткова таго, што пакажуць па тэлевізары, а самім пабачыць рэчаіснасць — не лёс. Яны думаюць, што пры змене ўлады будзе толькі горш. Гісторыя не вучыць іх нічому.

Хворымі з`яўляюцца не тыя, хто спрабуе палепшыць жыццё, змагаецца з узурпатарскім вычварэнствам. Хворыя тыя, хто ўсялякім чынам апраўдвае несправядлівасць, забывае мінулае, не разумее, што кожны чалавек мае правы, а не толькі абавязкі. Здзіўляе, што паміж мінчанамі і правінцыяламі такая неабсяжная прорва.

P.S. Адразу 231 затрыманы на маршы ў Курапаты стаў падазраваным па крымінальнай справе, сярод іх трое журналістаў «Белсата».

Наш канал в Telegram